“Магілёў-2”, вярніце беларускую мову ў “Навіны”! 16.11.2015 3

Я бадай адзін з апошніх, хто дазнаўся пра тое, што з навін на тэлеканале “Магілёў-2” знікла беларуская мова, як і знік увесь стары калектыў, які і рабіў гэтыя навіны. У выніку на тэлеканале некалькі месяцаў навіны не выходзілі. 

Дазнаўся позна з простай прычыны – амаль усе навіны гляджу праз інтэрнэт, а тэлевізар як фон – ну ідзе сабе ды ідзе. Як у японцаў – не важна што паказвае, галоўнае, што нешта адбываецца на заднім плане. 

Я не фанат мясцовых навін і мясцовых тэлеканалаў, але дзякуючы беларускай мове дакладна адлаўліваў іх і пачынаў услухвацца ў тое, што ж адбылося ў родным Магілёве.

Унутры мозга нешта спрацоўвала і дзякуючы галасам вядучых і журналістаў, нават не гледзячы на экран тэлевізара я разумеў, што пачаліся навіны на “Магілёў-2”. Менавіта беларуская мова прымушала вылаўліваць мяне інфармацыю аб падзеях у горадзе, бо на фонавую рускую я ўжо не рэагую. Не дапамагаюць нават міргаючыя карцінкі і гістарычныя галасы журналістаў “НТВ”. Як не круці, які б рускамоўны канал не быў суперсучасным - ён усё адно фон, на які ў рускамоўным атачэнні і не зрэагуеш. 

Я не скажу, што навіны на “Магілёў-2” былі сучаснымі і адпавядалі “трэнду”, але мова была іх неад’емным чыннікам і бадай адным з апошніх фарпостаў на ўсходнім рубяжы нашай Беларусі. Стары калектыў журналістаў неаднаразова падкрэсліваў, што беларуская мова для іх з’яўляецца найважнейшай. 

Хто вырашыў, што з рэбрэндзінгам навін варта пазбавіцца беларускай мовы для мяне застаецца загадкай, бо менавіта зараз у Беларусі прачынаецца цікавасць да роднай мовы і час ад часу мы чуем пра гэтак званую ненавязлівую беларусізацыю. Няўжо новы калектыў рэдакцыі не ўлавіў гэты “трэнд” і не задумваўся над тым, як зрабіць навіны сучаснымі ў тым ліку дзякуючы беларускай мове? 

Мяркую, што калі на “Магілёў-2” не задумаюцца над гэтым, то любыя іхныя навіны будуць толькі фонам, які нічым не будзе вылучацца з агульнага. Беларусы цудоўна рэагуюць на тое, што кантрастуе. І гэтым кантрастам з’яўляецца беларуская мова. “Магілёў-2”, вярніце беларускую мову ў “Навіны”!



Читать другие новости