Алесь Бяляцкі пра паэзію, планы і Украіну 20.03.2014 1

За кратамі праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі працягвае сваю творчую дзейнасць. Ягоныя эсэ, напісаныя ва ўмовах зняволення, неаднойчы друкаваліся ў перыядычных выданнях “Новы час” і “Народная Воля”, часопісе “Дзеяслоў”, выстаўляліся на інтэрнэт-старонках Праваабарончага цэнтру “Вясна”. 5 навэл пра падзеі канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, надрукаваныя “Народнай Воляй”, увайшлі ў анталогію твораў беларускіх палівязняў «Голас волі з-за кратаў», укладальнік якой Аляксандр Фядута сам правёў у “амерыканцы” больш за тры з паловай месяцы і быў асуджаны па падзеях Плошчы-2010.

З тэкстаў, змешчаных ў асабістым блогу на “Беларускім партызане”, падрыхтавана кніга Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцця”. На жаль, яе выхад крыху затрымліваецца з пэўных прычынаў, але ў любым выпадку выданне абавязкова пабачыць свет. 

У сакавіку каталіцкі часопіс “Наша вера” выйдзе з нарысам Алеся Бяляцкага “Развагі пра ахвярнасць”, прысвечаным святару Аляксандру Фёдараву, які змагаўся за ўніяцтва.

Але, напэўна, найбольш захапіла Алеся тэма Бабруйску, дзе праваабаронца адбывае пакаранне, гістарычныя падзеі і беларускае жыццё напачатку ХХ стагодззя, звязаныя з ім, і ў першую чаргу – лёсы творчых асобаў гэтага правінцыйнага беларускага гораду.

“Флюіды Бабруйску, астральныя вятры, прасякнутыя і набрынялыя нячутным шэптам, няўцямным шоргатам і няўлоўным водгукам галасоў ранейшых жыхароў гораду ахінаюць наваколле. Бляклыя цені мінулага, здані людзей бяз цела, без пачуццяў і эмоцыяў, як высахлыя цёмна-мядзяныя лісты клёнаў, як залатое лісце бярозаў, як бурая лістота старой вішні сцелюцца, шаргацяць і, падмарожаныя, звіняць на чорным асфальце. Яны паўсюль. Вецер зьбірае, зграбае іх у гурму і развявае, рассыпае, гоніць сцюдзёным подыхам з Беразіны. І сярод іх мільгае мне залатавалосая галава Барыса Мікуліча”, – так пачынаецца новае эсэ Алеся Бяляцкага пра Барыса Мікуліча, беларускага рэпрэсаванага пісьменніка, аўтара шчымлівага дзённіка “Аповесць для сябе”.

Гэтае эсэ яшчэ пішацца, яшчэ ў працэсе, але, як вынікае з апошняй дасланай на днях паштоўкі, цяпер галава занятая іншым: “Пішацца мне пагана – Украіна ў галаве”.

У падобнай сітуацыі сусветнага маштабу ва ўмовах абмежавання інфармацыі, безумоўна, як без паветра. Тут кожны дзень, кожную гадзіну нешта мяняецца, а туды даходзяць хіба што тыднёвыя незалежныя газеты. Магчыма, яны даюць найбольш абагульненую і сціснутую інфармацыю, але сёння асноўная крыніца ўсё ж інтэрнэт.

Ведаю, Алесь дапіша эсэ пра Барыса Мікуліча, ён ужо прадэманстраваў сваю працаздольнасць і самаарганізаванасць. А зараз мне хацелася б даць магчымасць чытачам пазнаёміцца з дастаткова вялікім артыкулам  Сцяга паэта. Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна” цалкам. Рэцэнзія Алеся Бяляцкага на творчасць свайго сябра са студэнцкіх гадоў, аднадумца, калегу-музейшчыка і паэта-барда Эдуарда Акуліна друкавалася з працягам з пачатку гэтага 2014 году ў №№ 1-8 газеты “Наша слова”, якія можна знайсці ў інтэрнэце на сайце “Павет”. Цяпер жа для зручнасці прапануецца адзіны PDF-файл.

Гэтая рэцэнзія на том выбраных вершаў “Святая ноч”, у які Эдуард Акулін уключыў найлепшыя на ягоную думку вершы з шасці сваіх папярэдніх арыгінальных зборнікаў, пісалася Алесем Бяляцкім чатыры месяцы, усю вясну 2013 году. Пэўны час пайшоў на набор, аўтарскую рэдактуру падрыхтаванага Алесем артыкула, а таксама пошук месца для публікацыі. І вось рэдактар ТБМаўскай газеты пагадзіўся, нягледзячы на вялікі тэкставы аб’ём.

Газета “Наша слова” мае свайго ўстойлівага чытача, тысячу падпісчыкаў па ўсёй краіне, і чытаюць яе людзі неабыякавыя да беларускакай культуры. У выніку Алесь Бяляцкі атрымаў лісты з добрымі водгукамі на публікацыю ў тым ліку і ад Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, а адная жанчына напісала, што гэта гатовы раздзел да падручніка па найноўшай літаратуры.

Была яшчэ адна публікацыя Алеся Бяляцкага пра творчасць Эдуарда Акуліна – на выдадзены ў 2012 годзе зборнік вершаў “Малітва воч”. У артыкуле “Бой з сабой” ён вызначае Эдуарда Акуліна як “аднаго з найбольш лірычных пачуццёвых і адначасова аднаго з найбольш яркіх публіцыстычных і грамадзянскіх паэтаў у нашай літаратуры”. 

“Я імкнуся адпіхнуцца ад твору ці творчасці таго творцы, якога разбіраю, каб сказаць і нешта сваё. А ў аб’ёме мяне ніхто не стрымліваў, таму я ўжо “спяваў, як салавей”. Чаму я спыніўся на творчасці Эдзіка? Па-першае, таму што раней я ніколі не пісаў пра ягоную паэзію, ніводнай рэцэнзіі на шэсць ягоных зборнікаў. Лічыў, што гэта не зусім ёмка, а зараз, седзячы на зоне, я магу сабе гэта дазволіць. Але аднаго таго, што ён мой сябра, было б, вядома, мала. Проста я сапраўды высока цаню ягоную паэзію, і яна дае добрую магчымасць, каб ад яе можна было адпіхнуцца і паразважаць “на вечныя тэмы”. Праца абсалютна вольнага літаратуразнаўцы, якім я з’яўляюся, з паэзіяй вольнага паэта, які багата намаганняў прыкладае, каб захаваць сваю вольнасць, мае яшчэ і такі вось падтэкст – супраца вольных людзей, хоць адзін з іх і сядзіць за кратамі…” – напісаў Алесь у лісце да каляжанкі Ірыны Пракопчык. І дадаў: “Праца над “Сцягой” падпіхнула мяне да думкі працягнуць пісаць пра беларускую паэзію “тутэйшаўскага” перыяду. Прынамсі, мне вельмі хочацца напісаць пра паэзію Зьніча (хоць ён і старэйшы за нас векам, але ягоны росквіт як паэта прыпадае на той самы час і мае тыя самыя вытокі). Яшчэ пра Анатоля Сыса – напісаць штосьці больш агульнае, чым я пісаў пра яго дагэтуль, пра Алега Мінкіна – гэта таксама выдатнейшы паэт, у нас і не ацэнены адпаведна і нават ужо прызабыты…

Алена Лапцёнак

Перад пачаткам новага этапу 18.12.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі.

6 лютага 2013 г., Бабруйск

У ліпені 2011 года мяне запрасілі ў Брусель. Еўрапейскі парламент зьбіраўся на апошняе паседжаньне перад летнімі адпачынкамі. Адное з пытаньняў, якое парламентарыі зьбіраліся разгледзець, было прысьвечанае сітуацыі ў Беларусі. 12 ліпеня я мусіў ляцець у Брусель, 13-га былі запланаваныя слуханьні па Беларусі, і 14-га я вяртаўся назад.

Усе летнія паездкі за мяжу былі магчымыя толькі ў тым выпадку, калі яны не пярэчылі графіку лекцыяў у праваабарончай школе ў Вільні. Такое правіла, каб не зрываць працу, мы ўстанавілі з самага пачатку існаваньня школы. У мяне гэтым разам усё атрымлівалася. Паездка прыпадала на незанятыя ў школе дні.

У Бруселі пасьля прылёту і засяленьня ў гатэль я сустрэўся з прадстаўнічкай Нарвежскага Хельсінкскага камітэта. Мы сядзелі ў класічнай бельгійскай кавярні з інтэр’ерам, выкананым яшчэ, мабыць, у перадваенныя гады, з вылінялымі ад часу старымі афішамі на сьценах, венскімі крэсламі і нязручнымі маленькімі круглымі столікамі, на якія апроч кавы і пірожнага цяжка было яшчэ што-небудзь разьмясьціць. Барная стойка была старамодная, масіўная, зробленая зь цёмна-бурштынавага арэху. Кавярня знаходзілася недалёка ад Еўрапарламента. Сучасныя, з шкла і металу будынкі, у якіх разьмяшчаюцца розныя еўрапейскія структуры, суседнічаюць са старамоднымі цаглянымі, зь ляпнінай, дамамі XIX — пачатку XX стагодзьдзя, на першых паверхах якіх працуюць дробныя крамкі і кавярні.

Марыя, так звалі маю новую знаёмую, апекавалася маім удзелам у заўтрашнім паседжаньні. Мы абмеркавалі фармат выступу і розныя тэхнічныя дробязі: калі заўтра мне трэба быць сабраным і чакаць яе ў фае гатэля, працягласьць выступу па часе, мова выступу і гэтак далей. У прынцыпе ўсё было зразумела. Апроч мяне мусілі выступаць яшчэ некалькі асобаў, сярод якіх былі старшыня парламенцкай групы па Беларусі Еўрапарламента, прадстаўнік грамадскай камісіі пры АБСЕ, якая займалася дасьледаваньнем падзеяў 19 сьнежня 2010 года і падрыхтавала па выніках гэтага дасьледваньня свой даклад. Фактычна мы мусілі падвесьці вынікі працы розных міжнародных інстытуцыяў і праваабарончых арганізацыяў за апошнія паўгода па сітуацыі, якая склалася ў Беларусі пасьля выбараў і тых падзеяў, якія яны выклікалі.

Пасьля высьвятленьня ўсіх нюансаў, якія цікавілі мяне, Марыя крыху распавяла пра сябе. Яна была родам з Бразіліі. Я зьдзівіўся, бо яна выглядала на звычайную еўрапейскую студэнтку. “Бразілія — вялізная краіна, — патлумачыла яна, — там ёсьць цэлыя штаты, заселеныя пераважна эмігрантамі зь Еўропы. Мае дзядуля і бабуля прыехалі ў Бразілію пасьля Другой сусьветнай вайны з Італіі. Таму я, па італьянскіх законах, мела права атрымаць італьянскае грамадзянства. Зараз у мяне два пашпарты — бразільскі і італьянскі. Я скончыла ўніверсітэт у Бразіліі і прыехала давучвацца ў Еўропу. У Бельгіі мне вельмі падабаецца. У Бразіліі ў мяне засталіся бацькі і брат”.

“Колькі ты ведаеш моваў?” — пацікавіўся я. Марыя палічыла: партугальскую, іспанскую, італьянскую, ангельскую, французскую. Мне заставалася толькі ўздыхнуць.

Назаўтра ў адной з галоўных залаў Еўрапарламента сабралася некалькі дзясяткаў дэпутатаў. На слуханьні прыходзілі тыя, каго цікавіла і хвалявала заяўленая тэма. Выступоўцы, хоць кожны і казаў са свайго пункту погляду, усе гаварылі ва ўнісон. Пазіцыі ААН, Рады Еўропы, АБСЕ, Еўрапейскага саюза і праваабарончых арганізацыяў па Беларусі былі вызначаныя і ясна акрэсьленыя. Усе міжнародныя арганізацыі і структуры пагадзіліся, што ў краіне адбылося масавае парушэньне правоў чалавека, і патрабавалі вызвалення палітычных зьняволеных, а таксама правядзеньня ў краіне дэмакратычных пераўтварэньняў.

У мяне пасьля выступу было адчуваньне выкананага агромністага кавалка працы. У бясконцых паездках, сустрэчах, кансультацыях, перамовах за апошнія паўгода нам, беларускім праваабаронцам, супольна з нашымі калегамі зь іншых краінаў удалося задзейнічаць розныя міжнародныя механізмы і структуры. Нам удалося напачатку ўзгадніць між сабой, а затым замацаваць наш супольны пункт погляду на існуючы ў Беларусі стан спраў. У той час, калі палітычныя актывісты, удзельнікі выбарчай кампаніі, вобразна кажучы, залізвалі раны, мы ўпарта і з усіх сілаў працавалі на тое, каб мінімізаваць тыя страты, якія панесла ўсё беларускае грамадства. Так атрымалася, што пасьля 19 сьнежня беларускія праваабаронцы і журналісты апынуліся на пярэдняй лініі змаганьня за дэмакратыю і правы чалавека.

 І вось там, у зале парламента Еўрапейскага саюза, я адчуў, што мы зрабілі амаль усё магчымае, што маглі зрабіць у такой сітуацыі. Перад дэпутатамі Еўрапарламента, у асноўнай зале, дзе звычайна адбываюцца ўсе паседжаньні парламенту, мне давялося выступаць упершыню. Гэта было і адказна, і пачэсна. У зале сядзеў і браў удзел у спрэчках пасьля нашых выступаў бацька незалежнасьці нашай суседкі Літвы, экс-прэзідэнт, а зараз еўрадэпутат Вітаўтас Ландсбергіс.

Там, у Бруселі, падчас гэтай паездкі я зразумеў, што падвялася рыса пад пэўным этапам майго жыцьця, жыцьця беларускіх праваабаронцаў, этапам гісторыі нашай краіны. Далей пачынаўся новы этап. Я гэта адчуваў, але я яшчэ не ведаў, якім ён будзе.

 


Вяртаньне зь лёгкай душою 11.12.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі.

10 сакавіка 2013 г., Бабруйск

З сябрамі ж, калегамі-праваабаронцамі, размовы ішлі пра працяг працы ў маю адсутнасьць. Размовы былі і агульныя, і канкрэтныя. Мы яшчэ ніколі не перажывалі падобную сітуацыю. Для мяне было важна, каб “Вясна” выстаяла і не расьцерушылася пад сіберным ветрам. Было зразумела, што ў выпадку майго арышту гэта будзе выпрабаваньне для ўсіх нас. І кожны, мабыць, неаднаразова пытаўся ў сябе, а ці вытрымае ён, ці не адступіць, ці не адыдзе.

Мы, якія адпрацавалі разам не адзін год і заўсёды падтрымлівалі вясёлую, нязмушаную атмасферу, пры гэтых размовах былі засяроджанымі і сур’ёзнымі.

***

Раней я ўжо згадваў пра мае сустрэчы з далейшымі сябрамі. Саша вадзіла мяне па Парыжы, з Марыяй з Нарвежскага Дома правоў чалавека мы сустрэліся ў Вільні падчас праваабарончай школы. І хоць размаўлялі мы падчас гэтых сустрэчаў пры розныя рэчы, не датычныя маёй сітуацыі, але ў іхняй інтанацыі голасу я чуў трывогу і спачуваньне.

Найбольш умацавала мяне ў рашэньні застацца і спаткаць небясьпеку, гледзячы ёй у вочы, сустрэча з Л. Адбывалася яна ў Варшаве, куды я прыехаў, каб атрымаць паперу ад аднаго з фондаў, якая сьведчыла, што грошы, пераведзеныя на мой рахунак, былі прызначаныя для праваабарончай дзейнасьці. Гэта параіў зрабіць мне адвакат, парупіцца пра неабходныя для абароны паперы загадзя, пакуль я на свабодзе. Бо са зьняволеньня, тлумачыў ён, гэтыя папяровыя справы будзе рабіць складаней. Ён меў рацыю.

У Варшаве, атрымаўшы неабходнае пацьверджаньне, я меў гутарку з Л. Ён спытаўся наўпрост, без недагаворак: што я зьбіраюся рабіць у бліжэйшы час, ведаючы, што мяне могуць арыштаваць? Ці зьбіраюся я зьязджаць за мяжу? “Не, — адказаў я, — я зьбіраюся застацца. Бо мой ад’езд будзе адназначна патрактаваны ўладамі як тое, што я сапраўды вінаваты ў злачынстве. Даказаць сваю праўду з-за мяжы будзе немагчыма. Раз уцёк — значыць, сапраўды штосьці было. Мяне хочуць выпацкаць у брудзе і выставіць злодзеем. Нездарма ж мяне так лёгка зараз выпускаюць за мяжу. Мае ўцёкі былі б выгодныя для ўладаў. Але я такога задавальненьня ім не зраблю”.

“Ты слушна робіш, Алесь, — сказаў Л., — ты вядомы праваабаронца, вось і заставайся ім, нават калі цябе засадзяць у астрог”. І ў ягоным голасе было столькі перакананасьці і ўпэўненасьці, што ў мяне проста камень зваліўся з душы.

Сапраўды, падумаў я, самым выніковым супрацьдзеяньнем у гэтай хітрамудрай камбінацыі, складзенай з інфармацыі супраць мяне, здабытай падаткавай інсьпекцыяй немаведама якім чынам, з пагрозаў і відавочных намёкаў на эміграцыю, будзе мая простая і ясная пазіцыя. І чым меней я буду торгацца, віхляць, шукаць нейкія абыходныя шляхі, тым цяжэй мяне будзе абылгаць і скампраментаваць.

Урэшце я канчаткова вызначыўся. Я буду простым і нязручным, як вясковая старая скрыня, як куфар без ручак. Няхай як хочуць, так і тралююць. Я ім не памочнік. Ехаў я з Варшавы зь лёгкай душою. Урэшце ўсё ў маёй галаве ўклалася на сваё месца.


Разьвітальная сустрэча 09.12.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі.

10 сакавіка 2013 г., Бабруйск

Улетку 2011 года скончыліся паўнамоцтвы ў Часовага Паверанага ў справах ЕС у Беларусі Жана-Эрыка Хольцапфеля. Ён быў першым прадстаўніком Еўразьвязу ў Беларусі. Памятаю, як гадоў зь дзесяць таму грамадскія і палітычныя актывісты ўздымалі пытаньне адкрыцьця прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. З Бруселя спачатку скептычна глядзелі на гэтую ініцыятыву. Беларускія ўлады таксама былі не ў захапленьні ад яе. Але паступова справы неяк пайшлі. Паспрыяла гэтаму далучэньне да Еўразьвязу нашых суседзяў — Польшчы, Літвы і Латвіі, з аднаго боку, і зацікаўленасьць у крэдытах, эканамічнай дапамозе, спадзяваньне на дарэмшчыну — з другога.

Праца французскага дыпламата, які прадстаўляў Еўразьвяз у Беларусі, была няпростая. На ягоную кадэнцыю прыпаў час пошукаў шляхоў да супрацы, затым перыяд пацяпленьня ў стасунках паміж Еўразьвязам і Беларусьсю ў 2009–2010 гадах і перыяд рэзкага пагаршэньня адносінаў, зьвязаны з выбарамі ў сьнежні 2010 года. Гэты перыяд скончыўся непрызнаньнем выбараў з боку ЕС, зьяўленьнем палітзьняволеных, вялікім сьпісам неўязных у Еўразьвяз беларускіх чыноўнікаў, гнеўнымі абвінавачваньнямі, якія гучалі з абодвух бакоў. Усе гэтыя хістаньні і ваганьні адбыліся літаральна за тры гады.

Разьвітальная сустрэча з Часовым Павераным у справах ЕС у Беларусі праходзіла ў Доме дружбы на Захарава. На ёй былі прадстаўнікі афіцыйных уладаў, палітычнай апазіцыі, няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і журналісты. Як заўсёды, на такога кшталту сустрэчах запрошаная беларуская публіка была падзелена на дзьве часткі. З аднаго боку групаваўся афіцыёз, з другога — дэмакраты. Пераходным зьвяном паміж імі былі прадстаўнікі культуры ды дыпламаты розных замежных краінаў, якія з прафесійным уменьнем размаўлялі і з аднымі, і з другімі.

Афіцыйная частка — разьвітальнае слова Жана-Эрыка Хольцапфеля і прамова некага з намесьнікаў міністра замежных спраў Беларусі — прайшла ў вялікай зале прыёмаў. Затым нефармальная частка сустрэчы перамясьцілася ў дворык Дома дружбы, на газон зь зялёнай травою, дзе можна было што-небудзь зьесьці, а самае істотнае — сустрэцца і паразмаўляць з тымі, да каго сьпецыяльна не дайшоў дзеля занятасьці. Мае калегі з іншых няўрадавых арганізацыяў ужо былі ў курсе маіх праблемаў. “Як у цябе справы?” — пацікавіўся адзін вядомы сацыёлаг. “Яшчэ на свабодзе”, — адказаў я. “Гм”, — няпэўна гмыкнуў ён. “Алесік, — спыталася добрая мая прыяцелька Жанна, — скажы, чым мы табе можам дапамагчы?” — “Я вельмі люблю сухафрукты, — адказаў я, — курагу, разынкі, чарнасьліў, і гарэшкі таксама перадавайце”. Мы пасьмяяліся.

Адам і сацыяльныя акцыі аўтааматараў "Стоп-бензін!" 05.12.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі.

9 сакавіка 2013 г., Бабруйск

Працягваю сваю гісторыю разьвітаньня з цывільным жыцьцём.

Сын Адам слухаў пра ўсе гэтыя мае мітрэнгі ў паўвуха. У яго былі свае праблемы, ды ўрэшце ўжо і сваё жыцьцё. Ён вучыўся ў магістратуры ў Акадэміі мастацтваў, часам дадаткова здымаў невялікія сюжэты для “Белсату”, і грошай, атрыманых за іх, яму хапала, каб забясьпечваць свае бягучыя расходы. Але падзеі сьнежня 2010 года, відаць, закранулі і яго. 19 сьнежня ён быў са сваімі сябрамі і на Кастрычніцкай плошчы, і затым на плошчы Незалежнасьці. У той вечар яны шчасьліва пазьбегнулі арышту.

Увесну, зазіраючы ў сацыяльныя сеткі, ён неяк самастойна пранікся і маўклівымі акцыямі, а затым і кампаніяй “Стоп-бензін!”, якія арганізоўвалі і праводзілі незадаволеныя коштамі на паліва кіроўцы.

Адам пасьлядоўна браў у іх удзел. Адзінае, пра што я прасіў яго тым летам, — не хадзіць на акцыі падчас здачы іспытаў, бо хацелася, каб ён усё ж скончыў сваю магістратуру. Ён слухаўся і пару разоў не ўдзельнічаў, але пераймаўся дзеля гэтага.

Удзел у гэтых акцыях прыводзіў часам яго да моцных эмацыйных сітуацый. Так, аднойчы, ідучы ў шэрагах “маўклівых” і пляскаючы ў ладкі, ён убачыў побач аднагрупніка з Акадэміі мастацтваў, свайго добрага прыяцеля і сябру, які здымаў удзельнікаў акцыі на відэакамеру. Адам, натуральна, падышоў да яго і спытаў: “А ты што тут робіш?” Той пасьля вучобы адслужыў год у брыгадзе сьпецназу ва Уруччы і месяц як дэмабілізаваўся. Ён адказаў Адаму, што яму пасьля службы ў войску прапанавалі пайсьці на іншую службу, у міліцыю, быць відэааператарам падчас розных такіх акцыяў і здарэньняў. І таму ён зараз тут здымае па службе…

Адам у той раз пасьпяхова сышоў з акцыі, яго не затрымалі. Але ж як моцна ён быў уражаны гэтай сустрэчаю з аднагрупнікам. За гады іхняй вучобы той неаднойчы бываў і ў нас удома.

Затым, калі пачаліся акцыі “Стоп-бензін!”, Адам таксама актыўна падключыўся да іх. Калі ДАІ большасьць машынаў не пускала на прасьпект Незалежнасьці, разварочваючы іх на іншыя магістралі, ён выгнаў наш “сітраэн” з двара на плошчы Перамогі, бесперашкодна выехаў на прасьпект і першым спыніў яго насупраць цырка. Затым выставіў аварыйны знак. За ім паспыняліся і іншыя машыны.

Гэта была ўдалая сацыяльная акцыя пратэсту, калі аўтааматарам удалося такім масавым аварыйным спынам аўтамабіляў паралізаваць рух на прасьпекце амаль на гадзіну і ўрэшце дабіцца хаця б часовага спыненьня росту коштаў на паліва.

Чаму я ведаю, што першай спынілася нашая машына, бо ў інтэрнэце на сайце “Нашай Нівы” быў фотарэпартаж з гэтых падзеяў. І адзін са здымкаў з адпаведным подпісам быў з нашым шэрым “сітраэнам” і з Адамам, які стаіць каля яго з падкрэсьлена заклапочаным выглядам.

Тады, як Адам распавядаў нам з Натальляй, да яго некалькі разоў падбягалі гаёвыя, патрабавалі, каб ён адагнаў машыну з праезджай часткі, пагражалі. Але ён “уключыў дурня”, прасіў іх паказаць дакументы, задаваў розныя пытаньні — адным словам, цягнуў ката за хвост. Адам выкарыстоўваў навыкі навучаньня акторскаму майстэрству.

Затым паспыняліся іншыя машыны, і гаёвым стала не да яго. І ён пасьпяхова зьехаў пасьля акцыі. Праўда, нумар машыны гаёвыя запісалі і празь некалькі дзён да мяне тэлефанаваў участковы, высьвятляў — хто быў за рулём зарэгістраванай на мяне машыны. Але так і не высьветліў.

І ўжо седзячы на Валадарцы, з газетаў я даведаўся, што навыкі акторскага майстэрства Адаму падчас чарговай акцыі “Стоп-бензін!” не дапамаглі. Яго затрымалі, а машыну з прасьпекта эвакуатарам адцягнулі на стаянку. Адама, пакуль везьлі ў пастарунак, як пазьней напісаў ён у лісьце, зьбілі, ноч пратрымалі на Акрэсьціна, а назаўтра судзілі і аштрафавалі.

Вось каго я востра пашкадаваў, прачытаўшы гэтую інфармацыю, дык гэта Натальлю. Мала што мужа пасадзілі, дык яшчэ і сына…

Нашую машыну з адной стаянкі перагналі на іншую, адкуль, па рашэньні суда па маёй справе, яна была сканфіскаваная. Шкада. Добрая машына была. Я сам езьдзіў зь перагоншчыкамі машынаў па яе ў Літву перад тым, як Беларусь упёрлася ў мытны саюз. Хлопцы-перагоншчыкі дапамаглі выбраць яе, зь люксембургскімі нумарамі, з падбітай, цокнутай левай фараю і зьмятай з боку кіроўцы дзьверкаю, запыленую і нявідную на першы погляд. Але да Менска “сітраэн” даехаў сваім ходам, Адам заняўся яго рамонтам, і ўрэшце вымыты, з новай дзьверкаю і фараю “сітраэн” набыў прысутны яму раней французскі лоск.

Год машына пабыла ў нас і пайшла. Адам магістратуру ўсё ж скончыў і атрымаў дыплом.

Моладзевая праваабарончая школа - асаблівая старонка нашай дзейнасьці 02.12.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі.
24 сьнежня 2012 г., Бабруйск

Штодзённы цягнік зь Менска ў Вільню прыходзіць увечары, бліжэй да адзінаццаці. Ведаючы ўжо дарогу ледзь не навобмацак, я хуткім крокам іду ў Дом правоў чалавека. Праходжу даволі невыразную віленскую прывакзальную плошчу, іду паўзь сьпітых і абколатых віленскіх прастытутак, каля гарадзскога рынку паварочваю налева. Мінаю бальнічку з машынамі хуткай дапамогі, затым на вулічных ростанях забіраю направа, даходжу да кавярні, паварочваю на вузкую забрукаваную вулку ў тры метры шырынёю і па ёй выходжу на гарадзскі пляц да ратушы.

Віленская ратуша! Колькі людскіх жарсьцяў, дзяржаўных рашэньняў і незвычайных учынкаў ты зьведала на сваім вяку! Зараз стаіш ты, як каменная кніга ў класічнай абгортцы і з мала каму зразумелым альфабэтам, падобна на ворах вугольля ад некалі ярка палаючага вогнішча, і стомлена паглядаеш на ўсё менш і менш зразумелы сьвет.

Я праходжу справа ад цябе, мінаю старадаўнюю праваслаўную цэркаўку, праходжу праз пляцык за ёй, дзе ўдзень разьвешваюць свае карціны вулічныя мастакі, і бяру яшчэ крыху правей, каб патрапіць на вуліцу Латаку, шавецкую — так, здаецца, яна перакладаецца зь літоўскай. Некалі на ёй жылі шаўцы.

Перад сном у мяне ёсьць троху часу, каб разьмясьціцца, паслухаць сваіх калегаў, іхнія каментары і заўвагі наконт чарговай групы ўдзельнікаў нашай школы. Мае лекцыі — апошнія ў курсе лекцыяў. Яны падводзяць вынік працы школы. І кожны раз я са зьдзіўленьнем назіраю, як разрозьненыя, моцна індывідуальныя, амбітныя дзеці, яны для мяне ўжо ўсе — дзеці, у канцы дзевяцідзённага навучаньня пераўтвараюцца ў адзіны жывы калектыў, адную спаяную групу, ва ўнікальную супольнасьць. Гэтае стварэньне, нараджэньне адбываецца кожны раз. І кожная група не падобная на іншую.

Паездкі ў Вільню ў школку гэтым летам мелі для мяне лёгкую драматычную афарбоўку. Адвакат папярэдзіў мяне, што затрыманьне можа адбыцца ў любы дзень. Не забуду выразу ягонага твару падчас гэтай размовы, задумлівага і сур’ёзна-спачувальнага. Падобны выраз я бачыў у дактароў, калі яны абвяшчалі пацыенту ці ягоным сваякам цяжкі, а то і нявылечны дыягназ. Такая пранікліва і знарочыта сумная, мабыць папярэдне адпрацаваная ў адзіноце перад люстэркам, прафесійная маска на твары. Таму, кожны раз перасякаючы мяжу, я ўнутрана напружваўся: праеду — не праеду, ці скажуць, што выезд забаронены з прычыны распачатай справы, ці адразу затрымаюць па загадзе сьледчых, а затым перададуць ім. І ўздыхаў з палёгкаю, калі прамінаў мяжу. Як бы ні склаўся мой далейшы лёс, а лекцыі на нашых школках мне хацелася дачытаць.

Ня ведаю, якое ўражаньне пакідалі мае лекцыі, але калі меркаваць па анкетах, дзе таксама ўказвалася і ацэнка працы лектараў, дык нармальнае. Па беларускай аўдыторыі, якой штосьці даводзіцца распавядаць, вельмі цяжка зразумець узровень якасьці свайго выступу. Ты атрымліваеш і адчуваеш мінімальную рэакцыю. Мяне гэта некалі вельмі бянтэжыла, калі я ўпершыню сутыкнуўся з гэтым. А потым я звыкся, зразумеў, што і ў гэтай рэакцыі слухачоў на лектара схавана рыса беларускага характару.

Я пачуваюся неяк дзіўна, чытаючы лекцыі маладым людзям, распавядаючы пра пачаткі новага беларускага адраджэньня ў 80-х гадох, у якім я браў удзел. Пра тое, як мы імкнуліся зьмяніць сітуацыю зь незалежнасьцю, з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Савецкай Беларусі да лепшага. Усё гэта ўжо гучыць амаль так, як некалі ў юнацтве мы слухалі аповеды ветэранаў пра вайну. Час няўмольна сплыў, вырасла новае пакаленьне, і мне падчас лекцыяў прыходзіцца напружвацца, каб наблізіць да моладзі тое, што некалі было мне зразумелым і блізкім, было проста часткаю майго штодзённага жыцьця.

Падчас нашых школаў улетку ў Вільні адбываецца багата розных вулічных імпрэзаў: канцэртаў, выставаў, выступаў, шоу, фэстаў. Атмасфера вольнага нясьпешнага жыцьця проста разьлітая ў віленскім паветры, і нашая моладзь сквапна насычаецца ёю.

Я ж у кожны свой прыезд у Вільню імкнуся абавязкова прайсьці праз Вострую Браму, пад абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Гэта ўжо амаль рытуальнае дзейства. Я падыходжу да Вострай Брамы зь сярэдзіны горада, ад Ратушы. За паўсотні метраў у вялікім унутраным брамным акне ўжо відаць самы значны абраз для беларусаў. Блішчыць золатам і срэбрам аклад, бачны воблік Божай Маці, абраз вялікі і добра праглядаецца здалёк. Узрастае ўнутранае напружаньне. Гэтая вулка, гэтыя муры гэтыя абрысы будынкаў — тут усё прасякнута Нашай гісторыяй. Па гэтай вузкай вуліцы, гэтым самым шляхам, пад гэтай брамаю прайшлі амаль усе вядомыя асобы, зьвязаныя з нашым народам. Тут хадзілі і нашыя вялікія князі, і магнаты, і шляхта, і асьветнікі: і Францішак Скарына, і Леў Сапега, і Адам Міцкевіч, і Кастусь Каліноўскі, і Янка Купала. Гэтая кропка, гэты пункт, гэты фокус на тысячах кіламетраў нашай зямлі, дзе дакладна праходзілі ўсе, хто жыў і дзеяў да 1920 года, — і вядомыя, і малавядомыя, і забытыя. Яны праходзілі так, як зараз іду і праходжу я. І гэтак жа ж, як я, яны здымалі шапку пад Божай Маці ў Вострай Браме. І можа, гэтак жа ж, як і я, яны некалі адчувалі штосьці падобнае, што адчуваю зараз я.

Вось я выходжу з-пад яе і пераводжу дых. Я — маленькая кропка, часьцінка свайго народа ў часе і прасторы. Я прайшоў праз Вострую Браму, праз гэтае беларускае Ігольнае Вушка, празь якое мусіць прайсьці кожны беларус.

Звычайна дадому я вяртаюся на аўтобусе. Так зручней. Аўтобус выходзіць зь Вільні пасьля абеду. Заўсёдныя пасажыркі ў ім ашмянскія кабеты, якія маюць літоўскія пашпарты і гамоняць на добрай сакавітай беларускай мове. Яны яшчэ ўмеюць гаварыць на ёй і робяць гэта не саромеючыся, не ламаючы язык. Цёткі вязуць у Ашмяны розную драбязу, голасна перажываюць, каб патрапіўся лагодны мытнік і каб не зьвярнуў увагу на лішнюю пару якога там трыкатажу.

Амаль у кожным рэйсавым аўтобусе сустракаюцца знаёмыя. Вось едзе юрыстка, якая працуе ў юрыдычнай канторы, а да ўсяго яшчэ зьяўляецца актывісткаю хрысьціянскай дэмакратыі. Вось едуць грамадскія актывісткі, сярод іх — маці Паўла Севярынца Таццяна. Павел ужо на хіміі ў Купліне, мы размаўляем пра яго. А наступным рэйсам я еду разам з паэтам і журналістам, маім старым прыяцелем па Таварыстве маладых літаратараў “Тутэйшыя” Міхасём Скоблам. Тады ён быў студэтам, а зараз — намесьнік старшыні Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

Аўтамабільны шлях зь Вільні да Менска не менш маляўнічы за чыгуначны. Назвы вёсак як рэха мінулых дзён. Крэва — тут, у гэтай лагчыне ракі Крэўлянкі, тварылася гісторыя нашай дзяржавы 600 гадоў таму. Вялікая Дайнава, Малая Дайнава — толькі назвы вёсак засталіся да летапіснага літоўскага племені, якое існавала яшчэ 600 гадоў таму, а затым зьнікла, распусьцілася ў беларускім моры.

Часам аўтобус выязджае на высокі пагорак і відаць краявіды на дзясяткі кіламетраў у розныя бакі. Паабапал дарогі стаяць адзінокія хаты закінутых хутароў у зьдзічэлых садах. Справа застаецца Валожын — былая сталіца старажытнага Валожынскага княства, а зараз ціхі правінцыйны гарадок. І ўрэшце аўтобус вырульвае на трасу Гародня—Менск. Недзе праз 20 кіламетраў язды за лесам справа ад трасы выплывае Ракаў. У мяне ёсьць выбар. Я магу выйсьці тут, на зьезьдзе з трасы на Ракаў, і празь 15 хвілінаў я буду ў нашай вясковай хаце, а магу ехаць да Менска. Улетку амаль заўсёды я выбіраю першы варыянт. У агародзе і на панадворку заўжды ёсьць работа. Касьба травы, праполка градаў, догляд кветак, кустоў і дрэваў. Я з задавальненьнем займаюся гэтай работаю, ськідваю напругу, аднаўляю энергію, якую патраціў падчас выкладаў. Тут я знаходжу ўнутраную раўнавагу і спакой.

Шляхам да Вострай Брамы 29.11.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

16 сьнежня 2012 г., Бабруйск

Вось ужо некалькі гадоў штогод у канцы чэрвеня ў нас пачынаюцца моладзевыя праваабарончыя школы. Чаму яны праходзяць толькі ўлетку і за мяжою, у Вільні, гэта асобная гісторыя. Праваабарончыя школы — асаблівая, унікальная старонка дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў. Дзіцё некалькіх беларускіх праваабарончых арганізацыў, школы напачатку меркаваліся ў Беларусі. Але пасьля зрыву па вядомых прычынах падобнай школы, якую ладзіла Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў, за суткі да яе пачатку, мы вырашылі не рызыкаваць ані сваімі нервамі, ані рэпутацыяй і перамясьцілі іх за мяжу.

Самая першая школа прайшла пад Кіевам, другая ў Чарнігаве, а ўсе наступныя мы ладзілі ўжо ў будынку Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні.

Да мінусаў віленскага навучаньня можна аднесьці патрэбу кожны раз рабіць шэнгенскія візы для лектараў і ўдзельнікаў школ. Але вольная, п’янкая атмасфера летняй расьпешчанай гарачынёй Вільні з каптуром пераважала ўсе мінусы. За некалькі гадоў існаваньня школы была адпрацаваная яе праграма. Лектарамі ў школе выступалі вопытныя і абазнаныя праваабаронцы. І хаця тэмы, якія выкладаюцца і абмяркоўваюцца падчас заняткаў, даволі агульныя, у асноўным у іх разглядаюцца нацыянальныя і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, гісторыя і філасофія правоў чалавека, але інтэнсіўнасьць, насычанасьць, інтэрактыўнасьць заняткаў, дадатковыя веды, датычныя беларускай гісторыі Вільні, жыцьцё навучэнцаў усе гэтыя дні адным калектывам ствараюць неперадавальную атмасферу нашых школаў і робяць іх не падобнымі ні на якія іншыя.

Я таксама быў далучыўся да стварэньня школаў, меў выклады, распавядаў пра гісторыю правоў чалавека ў Беларусі. За лета ў Вільні праходзіла некалькі школаў, і я звычайна прыязджаў у дні сваіх заняткаў, а затым зьязджаў дадому. Так было і гэтым разам, хаця падаткавая інсьпекцыя ўжо пачала сваё расьсьледаваньне. На яе прэтэнзіі пры дапамозе адваката я падрыхтаваў і адаслаў адказ. Заставалася толькі чакаць вынік разгляду. Прагнозы былі песімістычнымі. У выпадку, калі мае аргументы былі б адхіленыя падаткавай інсьпекцыяй, тады ў гульню мусіў уступіць Дэпартамент фінансавых расьсьледаваньняў.

Між тым я паехаў на першую школку. Я быў ужо ў цягніку, калі патэлефанавала мая каляжанка і сказала, што ў дзьверы нашай кватэры-офіса звоніць участковы міліцыянт. Я разьнерваваўся: “Не адчыняйце яму! Скажыце, што гаспадара няма, а безь яго ён забараніў адчыняць каму б там ні было. І яшчэ скажыце, што ў нас ужо пабывалі ўсе, хто толькі хацеў, і што яму няма чаго там рабіць!” Мая каляжанка так і зрабіла.

Затым я вярнуўся ў Менск, а праз паўтара тыдня ізноў паехаў у Вільню на другую моладзевую праваабарончую школку. І я ўжо не зьдзівіўся, калі ізноў патэлефанавала мая каляжанка і сказала: “Алесь, у нас на офісе міліцыя!”— “Спытайся, калі ласка, адкуль яны, няхай прадставяцца”, — папрасіў я. Я чуў па тэлефоне, як яна казала некаму: “Вось на тэлефоне гаспадар кватэры. Вы хочаце зь ім паразмаўляць?” Міліцыянт узяў тэлефон. “Я гаспадар кватэры! Што вы там робіце?” — “Я такі і такі, — прадставіўся міліцыянт, — зь міграцыйнага адзьдзела Першамайскага РУУС. Мы мусім зрабіць у вас агляд, бо на кватэру заносілі падазроныя скрынкі”. Голас яго быў ціхі і ў нечым нават вінаваты. “Якія скрынкі? — ледзь не крычаў я ў трубку. — Перадайце трубку жанчыне!” — “Я тут, — адказала каляжанка. “Гані іх адтуль! Няхай глядзяць, што там іх цікавіць, і выганяй іх!” — “Алесь, — адказала яна, — я тут пакуль што адна, але праз паўгадзіны ў нас будзе прэс-канферэнцыя. Таму і дзьверы ў кватэру былі адчыненыя”. — “Вось жа, зараза, — непакоіўся я, — а яны што хочуць?” — “Буду разьбірацца”, — адказала яна. “Трымайся і патэлефануй, калі ласка, нашым юрыстам”, — папрасіў я яе.

За вакном цягніка мільгала ўжо Заслаўе. Пасьля гэтай размовы мне стала зразумелай мэта візіту міліцыянтаў зь міграцыйнай службы. Прэс-канферэнцыю ў нас на офісе мусіла праводзіць міжнародная назіральная група. Яна зьбіралася прадставіць вынікі назіраньня за ўвесь перыяд ад пачатку працы місіі. Каардынатарамі місіі быў падрыхтаваны выніковы даклад. На сустрэчу былі запрошаныя журналісты. Але вось замест іх загадзя зьявіліся міліцыянты. Я ізноў патэлефанаваў маёй адважнай каляжанцы, запытаўся, дзе няпрошаныя госьці. Яны былі яшчэ ў офісе. Я папрасіў яе папярэдзіць удзельнікаў прэс-канферэнцыі.

Такім чынам, нічым асабліва не адметная прэс-канферэнцыя міжнароднай назіральніцкай місіі набыла скандальнае адценьне. У выніку яе ўдзельнікі, расійскія і ўкраінскія праваабаронцы, раздавалі журналістам свае каментары проста на вуліцы непадалёк ад офіса. Міліцыя ж, патаптаўшыся ў офісе з гадзіну, сышла. І ўвесь гэты час мая бедная каляжанка праводзіла зь імі перамовы. “Алесь, — сказала яна па тэлефоне, калі міліцыянты ўрэшце сышлі, — у мяне трашчыць галава”. — “Ты малайчынка, — адказаў я ёй, — у мяне проста няма слоў”. У мяне сапраўды не было слоў. Усе апошнія месяцы разыгрываўся, як падавалася, нейкі ненатуральны фарс. Толькі замест актораў тэатра ў ім удзельнічалі сур’ёзныя пахмурныя дзядзькі і мы.

Я ехаў у Вільню, пазіраючы ў акно на навакольныя краявіды і не бачачы, не заўважаючы іх. Гэта ж трэба так усхвалявацца і разьнервавацца! А дарога ж зь Менску ў Вільню па чыгунцы — адная з найпрыгажэйшых дарог у Беларусі.

Багата разоў праязджаючы ў гэтым накірунку зь Менска да Краснага, дабіраючыся да Ракуцёўшчыны, дзе знаходзілася філія музея М. Багдановіча, дырэктарам якога я быў, а ў апошнія гады часта езьдзячы ў Вільню, я кожны раз не мог наглядзецца маляўнічымі пейзажамі мілай Радзімы. Цяжка мне ўтрымацца ад словаў захапленьня і неперадавальнага словамі сентыментальнага пачуцьця, якія кожны раз ахопліваюць мяне, калі я паглядаю на гэтыя ўзгоркі, лагчыны, пералескі і палі, на сіняе ў белых аблоках неба. І беларускія драўляныя хаты, размаляваныя традыцыйна ў зялёны, жоўты і блакітны колеры, і касьцёлы і цэрквы ў Заслаўі, Плябані, Красным і Солах, і нейкая асаблівая дагледжанасьць і палеткаў, і сялібаў, і няяркі каларыт беларускай прыроды, які так адпавядае нацыянальнаму характару беларусаў. Я кожны раз імкнуўся запомніць убачанае, насыціць свой неспатолены погляд, і не магу. Не стамляюся глядзець ізноў і ізноў, адкрываючы для сябе ўсё новыя і новыя рыскі і сюжэты, не заўважаныя раней. Ды і ці магчыма гэта, калі ў кожны месяц, у кожную пару года нават знаёмыя відарысы выглядаюць зусім па-іншаму. І я сквапна паглядаю, проста ўбіраю ў сябе ўбачанае, як быццам бы змагу забраць усё з сабою, калі прыйдзецца некалі сыходзіць з гэтай зямлі.

Вільня ўлетку поўная турыстаў. Яны прылятаюць з Англіі самалётамі папіць на выходныя літоўскага піва. Пералёт — танны, пражываньне і піва ў Вільні таксама недарагія. Вось і атрымліваецца для звычайнага ангельскага рабацягі: ці прасядзець выходныя ў суседнім з хатаю пабе, ці зьлётаць у Вільню выходзіць тое на тое.

Аўтобусамі прыязджаюць палякі, у асноўным пенсіянеры, ходзяць па гістарычных мясьцінах з экскурсаводам. У таго ў руках доўгая тычка са стужкаю на канцы. Ён уздымае яе, каб было відаць, дзе стаіць.

Ходзяць невялікімі купкамі, гучна галёкаюць расіяне. Мужыкі з барсеткамі на пузах, жанчыны зь яркім макіяжам. У іх, як правіла, сямейны адпачынак.

На ангельскі манер, купкамі ходзяць літоўскія дзяўчаты, у сьвяточных сукенках, з кветкамі ў руках, вяселяцца, сьмяюцца, абдымаюць адзінокіх мужчынаў. Так яны адзначаюць у дзявочай кампаніі апошні перад вясельлем дзень. Гэтаксама п’янаватымі гуртамі цягаюцца па віленскіх вулках і хлопцы. У гарнітурах пад гальштукамі, задзіраюць праходзячых дзяўчат, у руках у іх надзьмутыя шары ў выглядзе мужчынскіх чэлесаў. Усе мінакі ставяцца да іх прыязна, з разуменьнем. Гэта, відавочна, новая традыцыя, уплыў вялікай літоўскай эміграцыі за межы Літвы і вяртаньне яе назад. Пасьля ўступленьня ў Еўразьвяз Літва раскрылася на Захад. Літоўцы масава паехалі на заробкі ў Англію, Ірландыю, Бельгію, у тыя багатыя еўрапейскія краіны, дзе можна добра зарабіць. Але, без сумненьня, выхаваныя на сваёй гісторыі і ў любові да Радзімы, большасьць зь іх вернецца празь нейкі час, прывязуць грошы, кантакты, сувязі, якія канчаткова зьвяжуць, зьяднаюць адарваную Саветамі на паўстагодзьдзя Літву зь Еўропаю.

У цэнтры гістарычнай Вільні арганізаваных беларусаў не ўбачыш. Яны пэўна ж тут ёсьць, але нябачныя і нячутныя, расьсеяныя, замаскіраваныя і разбаўленыя іншымі.

Гурты супляменьнікаў можна заўважыць толькі каля Віленскага Дома правоў чалавека, які арандуе будынак у цэнтры. Мабыць, паболей іх відаць каля будынкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, студэнты ў якім — у асноўным моладзь зь Беларусі. Але ж найбольшая гушчыня беларусаў у Вільні — у супермаркетах. Асабліва багата землякоў у велізарнай краме “Акропаліс”, які нашыя дзяўчаты жартаўліва перайменавалі ў “Апакаліпсіс”. Вось там ты дакладна пачуеш “і звонкае “дзе”, і густое “чаго”. Расчырванелыя, узбуджаныя твары беларускіх кабетаў са зьзяючымі вачыма, зь вялікімі вазкамі, набітымі патэльнямі, адзеньнем, посудам, насеньнем, каваю, сокам, памперсамі, мясам, сырам, кілбасою і вяндлінамі, пральным парашком, туалетнай папераю, мяняючыя крэўныя даляры і еўра ў адзьдзяленьнях банка, якія знаходзяцца ў краме, на літы, ці ў адзьдзеле з алкаголем, разглядаючы і ажыўлена абмяркоўваючы віскі і тутэйшыя моцныя настойкі. Стайкі дзяцей, якія сьціпла хваляцца адзін аднаму купленымі дробязямі. Гэта ўсё — беларусы, і пошасьць спажывецтва мёртвай хваткаю трымае іх у сваіх пульхных руках.

Парыж, Парыж..., але я вяртаюся дахаты 25.11.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

2 сьнежня 2012 г., Бабруйск

У канцы чэрвеня 2011 года было запланавана чарговае паседжаньне Міжнароднага праўленьня FIDH у Парыжы. Зазвычай праўленьне зьбіраецца тройчы на год. На гэтыя сустрэчы прыязджалі віцэ-прэзідэнты, сакратары федэрацыі з усіх краёў сьвету. На іх абмяркоўваліся бягучыя тактычныя пытаньні дзейнасьці федэрацыі, датычныя гарачых кропак у сьвеце, дзе нашыя калегі адчайна, часта з рызыкай для жыцьця, абаранялі правы мірнага насельніцтва. Таксама слухаліся і абмяркоўваліся рэгіянальныя агляды па сітуацыі з правамі чалавека — у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, Усходняй Еўропе. Разважалі мы і над стратэгічнымі накірункамі дзейнасьці Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у якую ўваходзяць амаль 200 праваабарончых арганізацыяў з усяго сьвету. І дзеля таго, каб нашая дзейнасьць была выніковай і эфектыўнай, мы распрацоўвалі далёкасягальную праграму: “FIDH праз 10 гадоў”. Ініцыятарам і маторам гэтай працы была прэзідэнт федэрацыі, туніская праваабаронца Суэр Белхасэн.

Гэтым разам асноўны акцэнт сустрэчы быў зьвязаны з падзеямі ў арабскіх краінах паўночнай Афрыкі, і найперш у Тунісе. Язьмінавая рэвалюцыя ў Тунісе была сусьветнай падзеяй гэтага года. Федэрацыю ў нашых асобах прымала мэрыя Парыжа. У фокусе нашага абмеркаваньня быў увесь рэгіён: Туніс, Егіпет, Лівія, Марока.

Паседжаньне міжнароднага бюро праходзіла проста ў будынку мэрыі, у адной зб яе гістарычных залаў. Вялізная зала, падзеленая аб’ёмнымі калонамі, была распісаная каляровымі фрэскамі і абвешаная вялікімі цёмнымі карцінамі з гістарычнымі сюжэтамі. Аркавыя вокны, пераплеценыя старымі ўзорыстымі пераплётамі, пачыналіся ад падлогі і цягнуліся ўгару аж да столі. У адным з вокнаў пераліваўся цёмным шклом каляровы вітраж. Ляпніна на столі і росьпіс столевых плафонаў нагадвалі сьвяточны торт, які вісеў у нас над галавой.

Сярод гэтай барокавай прыгажосьці былі пастаўленыя авалам сталы, кабінкі для перакладчыкаў, на дапаможным століку афіцыянты паставілі тэрмасы з каваю і гарбатаю, пірожныя, сокі і мінеральную ваду. Нашая шматнацыянальная, разнамоўная кампанія ўселася за стол, і пачалася праца. Абліччы старажытных парыжскіх палітыкаў са зьдзіўленьнем паглядалі на нас з партрэтаў. Хіба ж яны думалі, калі прымалі дэкларацыю аб правах чалавека для французскіх грамадзянаў, толькі пару гадоў як адмяніўшы прыгон, а затым абвясьціўшы ўсіх роўнымі, вольнымі і адказнымі, што гэтая “зараза” вальнадумства распаўсюдзіцца па ўсім сьвеце? І што змаганьне за свабоду, за свае правы стане ці не галоўнай сацыяльнай і грамадскай мэтаю ў сьвеце на наступныя 200 гадоў? І што гэтай свабоды, якую немагчыма памацаць рукамі, але якая разьлітая ў паветры, п’яніць галовы, будуць жадаць усе — і в’етнамец, і егіпцянін, і калумбіец.

Беларусы, якія ішлі ў тую асьветніцкую эпоху сьлед у сьлед за французскімі мысьлярамі, за грамадскімі і палітычнымі пераўтварэньнямі, у выніку катастрофы — падзелу і акупацыі дзяржавы — апынуліся ў Расійскай імперыі. Мы былі адкінутыя і замарожаныя ў сваім разьвіцьці ў чымсьці на стагодзьдзе, а ў чымсьці і на два, панесьлі аграмадныя ахвяры і ўрэшце так і не дасягнулі яшчэ прымальных умоваў жыцьця. Чаму так сталася? На гэтае пытаньне, я мяркую, мы павінны пастаянна шукаць адказ. Можа быць, ацэньваючы старонкі мінулага жыцьця, мы змаглі б больш адказна ставіцца да жыцьця сучаснага і будучага.

Выступы туніскіх праваабаронцаў, адмыслова запрошаных на нашую сустрэчу, былі поўныя гонару за свой народ. Усе яны як адзін казалі, што не чакалі такога імклівага разьвіцьця падзеяў. Аўтарытарная ўлада, якая адбудоўвалася дзесяцігодзьдзямі, мела магутны рэпрэсіўны апарат, кантралявала сродкі масавай інфармацыі і, здавалася б, моцна трымала людзей у страху і падпарадкаваньні, вокамгненна ўпала, не вытрымала некалькіх хваляў народнага націску.

Разам з гонарам нашыя туніскія калегі выказвалі і насьцярогу. Яны былі ўстрывожаныя ростам ісламскага ўплыву, а разам зь ім і ўзрастаньнем нецярпімасьці ў грамадстве. Было багата і іншых праблемаў. Туніскае грамадства структурна перабудоўвалася, павылазілі балячкі, якія ранейшыя ўлады пры дапамозе гвалту і прымусу заганялі ўсярэдзіну. Але, гледзячы на іхнія адухоўленыя, поўныя энергіі абліччы, я па-добраму зайздросьціў ім.

Цікавым быў выступ лівійскага праваабаронцы. У гэты час у Лівіі ўжо ва ўсю ішла грамадзянская вайна. Ён выступаў яшчэ больш эмацыйна за тунісцаў. Распавядаў пра жахлівы тэрор лідара Джамахерыі, які катаваньнямі і забойствамі пераўтварыў людзей у маўклівы, запалоханы натоўп. І вось нянавісьць, якая капілася дзясяткі гадоў, вырвалася на волю. І зараз ідзе жорсткая, крывавая барацьба за дэмакратыю і правы чалавека са зброяй у руках. У гэтай сітуацыі лівійская апазіцыя моцна разьлічвае на міжнародную дапамогу.

Ягоны выступ выклікаў неадназначную рэакцыю. Праваабаронцы з арабскіх краінаў падтрымлівалі свайго калегу. Еўрапейцы тактычна маўчалі ці казалі пра неабходнасьць вялікай асьцярогі ва ўжываньні зброі з боку еўрапейскіх саюзьнікаў лівійскай апазіцыі. Ужо было вядома пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва пасьля бамбардзіровак зь еўрапейскіх самалётаў. Кідалі бомбы па лівійскім войску, а траплялі ў жанчынаў і дзяцей. Лацінаамерыканцы ж у адзін голас асуджалі вайсковую дапамогу і лічылі яе ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы суверэннай краіны. Так, выступіў Луіс (Генеральны сакратар FIDH Луіс-Гільерма Пэрэс. — Рэд.) і сказаў, што калі б Калумбія знаходзілася ў падобнай сітуацыі, то лепей бы няхай яго забілі, але каб акупанты не бамбілі ягоны народ. Гаварыў ён не менш пафасна за лівійца.

Не, падумаў я, гэта не наш шлях. Не дарэмна 200 гадоў таму ў Менску сустракалі Напалеона хлебам-сольлю. Бо адступала, і, здавалася, назаўсёды, расійская тыранія, а разам з Напалеонам прыходзілі свабода, роўнасьць і братэрства. Амаль уся Лацінская Амерыка ў той час, дарэчы, усе калоніі Іспаніі здолелі тады адбіцца ад метраполіі і стаць незалежнымі. Яны выкарысталі перамогу Напалеона над Іспаніяй і замену ў зьвязку з гэтым каралеўскай дынастыі. Неўзабаве незалежнасьць атрымала і партугальская калонія ў Лацінскай Амерыцы, Бразілія, і выбрала свайго караля.

Але хіба ж маглі мы падтрымаць бамбардзіроўкі Лівіі, да чаго нас заклікаў лівійскі калега? Гэта была праблема, якая не мела яснага рашэньня і адказу. Ці каштавала свабода шасьцімільённага народа некалькіх дзясяткаў, ці сотняў, ці тысячаў выпадковых ахвяраў? І ці павінныя мы рабіць такі выбар? Мы, праваабаронцы, якія лічым каштоўнасьць чалавечага жыцьця асновай асноваў усёй сваёй дзейнасьці і ідэалогіі? Любы з нас асабіста гатовы ахвяраваць і ахвяруе багата чым: дабрабытам, уладкаванасьцю, здароўем, свабодай, а некаторыя нават сваім жыцьцём. Але вось пастаў нас у сітуацыю, калі дзеля выратаваньня большай колькасьці людзей трэба ахвяраваць меншай ці нават адным жыцьцём, і я думаю, што выбар не будзе зроблены, а калі будзе, то гэта ўжо за межамі праваабароны.

Я чамусьці згадаў, як мая маці распавядала, што падчас вайны, калі яе цётка, а мая стрыечная бабуля, тады маладая яшчэ 25-гадовая жанчына, разам з жанкамі і дзецьмі хавалася ў жыце, куды яны ледзь пасьпелі выскачыць зь невялікай вёсачкі, якую прыйшлі паліць мадзяры, а знаёмы паліцыянт прыбег і папярэдзіў іх, дык яе гадавалы сын разравеўся ад ляку. “Задушы, бо ўсе загінем!” — загадалі суседкі. Яна не насьмелілася, не змагла, не ўзяла грэх на душу. І абышлося. Мадзяры не пачулі плачу дзіцёнка. А калі б пачулі?

Закранутая гэтая праблема і ў Бібліі. У дні, калі пішу гэты ліст, на швейцы, перад сканчэньнем працы, пакрыху перачытваючы Евангельле ад Яна (хтосьці прынёс і пакінуў у цэху Новы Запавет), я згадаў гэты прызабыты мной эпізод перасьледаваньня Хрыста. Галоўнай прычынаю, чаму першасьвятары і фарысеі хацелі забіць Хрыста, паводле Яна, была наступная: “Гэты чалавек багата цудаў робіць. Калі пакінем Яго так, дык усе павераць у Яго — і прыйдуць рымляне, і завалодаюць і месцам нашым, і народам. Адзін жа ў іх, хтосьці Канафа, будучы на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога не ведаеце, і не падумайце, што лепей нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў” (Ян 11.47-50). Але першасьвятары і фарысеі ўсё ж “вырашылі забіць Яго” (Ян 11.53). Дык ці мелі яны рацыю, прыняўшы гэтае прадбачлівае палітычнае рашэньне для габрэйскага народа, для ўсяго сьвету?

Вось так, дзьве тысячы гадоў таму гэты Канафа, лічачы Хрыста за чалавека, паставіў пытаньне, на якое сьвет мучаецца і не можа адказаць дагэтуль. Урэшце, хтосьці мучаецца, а хто і не.

Дык вось, вяртаючыся ў парыжскую мэрыю. Дваццаць гадоў таму я, мабыць, зрабіў бы такі выбар. А зараз вось — не.

Наш лівійскі калега застаўся незадаволены вынікам абмеркаваньня і тэкстам рэзалюцыі, датычнай сітуацыі ў Лівіі, якую прыняло міжнароднае бюро.

Падчас перапынку я падышоў да Суэр, якая, як туніска, лепей арыентавалася ў тамтэйшай сітуацыі. “Суэр, — запытаўся я, — а ці былі праваабаронцы ў Лівіі да вайны?” Яна ўзьняла пальцы на адной руцэ, гэтым паказала — мала, вельмі мала. “Мы ведаем 2–3 прозьвішчы, — адказала яна, — і крыху болей у эміграцыі”. Гэта значна горш, чым у нас, падумаў я.

Пасьля афіцыйнага паседжаньня я паведаміў кіраўніцтву федэрацыі пра сваю праблему з падаткавай інсьпекцыяй і з тым, чым гэта можа для мяне скончыцца. Увечары ў мэрыі быў дадзены прыём у гонар туніскіх праваабаронцаў. Жанчыны апранулі прыгожыя ўборы, выступаў мэр, мы пілі французскае шампанскае.

Нашае бюро скончыла засядаць назаўтра ў абед. Саша (супрацоўніца парыжскага бюро FIDH Аляксандра Кулаева. — Рэд.) вырашыла крыху павадзіць нас з нашым сябрам, праваабаронцам з Арменіі, сакратаром FIDH, Артакам, прагуляцца.

На гэтым пакуль закончу, а ў наступным лісьце працягну.


04 сьнежня 2012 г., Бабруйск

Працягваю свой расповед пра паездку ў Парыж.

Гарадская мэрыя знаходзіцца ў цэнтры Парыжа. Хаця панятак “цэнтр” у 15-мільённым горадзе — гэта зусім не тое, што цэнтр, напрыклад, у Менску ці Бабруйску. І вось мы выйшлі з мэрыі і пайшлі ў бок сабора Парыжскай Божай Маці. Таго самага, які стаў цэнтрам падзеяў у рамане Віктора Гюго. Я як убачыў сабор першы раз, гадоў пяць таму, шчыра кажучы, быў крыху расчараваны. Пляцоўку вакол сабора засыпалі сьветлым жвірам, сам сабор адмылі ад куродыму стагодзьдзяў, і ён стаў турыстычным аб’ектам. Вось штосьці падобнае адбываецца і пры рэстаўрацыі ў Беларусі, калі ў казармах Брэсцкай крэпасьці ставяць шклопакеты, а каля Мірскага замка кладуць сучасную тратуарную плітку. Імкненьне мадэрнізаваць мінуўшчыну ўніверсальнае. А разам з рамонтам і паднаўленьнем зьнікае дух стагодзьдзяў.

Мы падыходзілі да сабора з тыльных завулкаў. Тут звычайна спыняліся начаваць парыжскія бамжы. І хоць выглядалі яны чысьцейшымі і апранутымі лепей за нашых і спалі звычайна ў спальніках, але ад закуткоў каля чыгуннай каванай агароджы патыхала чалавечымі экскрэментамі. Да сабора мы не дайшлі, а прыйшлі да ўваходу ў заапарк. Заапарк у Парыжы, папярэдзіла нас Саша, не такі вялікі, як у Берліне. Але нам усё роўна захацелася паглядзець на дзікіх жывёлаў. Каля касаў на ўваходзе было зусім мала людзей: мы ўтрох ды яшчэ нейкая заезджая пара турыстаў. У касе нас папярэдзілі, што праз гадзіну заапарк будзе зачыняцца і калі мы хочам зайсьці ўсярэдзіну, у нас толькі што і будзе, дык гэтая гадзіна.

Саша запытальна паглядзела на нас. Пойдзем, вырашылі мы. “Давайце я вам пакажу сям’ю арангутангаў, — прапанавала Саша, — яны тут страшэнна папулярныя”. Мы прайшлі праз вальеры нейкіх козаў, гнёзды птушак, падышлі да асобнага павільёна, зайшлі ўсярэдзіну і ўбачылі за шклом тры вялікія кублы арангутангаў, падвешаныя на канатах, як гамакі з накіданым усярэдзіну гольлем і лістотаю. Канаты, мабыць, замянялі лясныя ліяны. У кожным зь іх сядзела па арангутангу. Гэта была сям’я чалавекападобных малпаў, пузатыя і сісястыя каштанавыя сёстры і двое такіх сынкоў. Тату-арангутанга трымалі ад іх асобна. Ад аднаго, самага маленькага, памерам з чалавечага 3-гадовага дзіцёнка, ярка-рудзенькага са сьмешным кокам-пасмаю косаў на яйкападобнай галаве, маці была адмовілася. Багата парыжанаў перажывала за кінутага малога. Яго выгадавалі з пляшачкі з соскаю. Ён падрос, і ягоная цётка ўзялася яго даглядаць.

Арангутангі павольна гойдаліся ў сваіх кублах, вылазілі па адным, зьелі садавіну, па банану і пажавалі нейкай зеляніны, затым палезьлі ў дзірку, якая выходзіла ў дваровую вальеру. Выйшлі на вуліцу і мы, абышлі павільён, каб паглядзець, што яны будуць рабіць. Яны лена, з пачуцьцём годнасьці, не зьвяртаючы на нас увагі, гулялі і толькі зрэдку паглядалі на нас. Мы памахалі ім рукамі і троху нават паскакалі, як дзеці, хацелася неяк разварушыць гэтую нясьпешную сямейку. Цётка асабліва не рэагавала, а малы вырашыў троху пасвавольнічаць, палез на сетку, бліжэй да нас, пагайдаўся на руцэ, затым на назе з такімі ж пальчыкамі, як і на руках. Час ад часу ён паглядаў на нас, маўляў, бачыце, як я магу. Затым ён зачапіўся ўсімі чатырма рукамі і нагамі за сетку і прыліп сваімі тулавам да яе. Было сьмешна і цікава. Мы падбадзёрвалі яго бесклапотным сьмехам.

Мы прастаялі каля арангутангаў усю адпушчаную нам гадзіну, як у музеі з адным экспанатам. Дарэчы, год таму мы з Артакам так і зрабілі. Ізноў жа пасьля абеду ўжо, пасьля заканчэньня працы мы зь ім пасьпелі даехаць на метро да Луўра і заскочыць у апошнюю хвіліну перад закрыцьцём музея. Гэта быў бясплатны для наведваньня дзень. Уваход ва ўсе залы розных экспазіцыяў ужо быў зачынены, і мы адно пасьпелі праслізнуць у залы, дзе былі выстаўленыя мармуровыя статуі. Людзі выходзяць з велізарнага Луўра доўга, мо з хвілінаў сорак. І за гэты ж час мы пасьпелі паглядзець выдатныя рэльефы і статуі старажытных егіпцянаў, грэкаў, рымлянаў, французаў. І спыніліся мы тады каля Венеры Мілоскай і доўга стаялі каля яе ў натоўпе дробных японцаў.

Вось так і запомніўся тады паход у Луўр як паход да Венеры. І ў заапарк зараз мы прыйшлі, атрымалася, да арангутангаў. І ні кроплі не пашкадавалі пра гэта.

Урэшце нам прапанавалі выйсьці, і мы пайшлі некуды, забіраючы ўправа, па невядомых мне вулках Парыжа.

Я бываў у Парыжы неаднойчы, па справах FIDH, як віцэ-прэзідэнт. Па маіх назіраньнях, ды і не толькі маіх, большасьць старога горада забудаваная гмахамі XIX — пачатку XX стагодзьдзя. Бясконцы ланцуг кварталаў, накінуты на зялёныя бульвары. І перарэзаны плошчамі і скверамі. Як патлумачыла Саша, адзін з імператараў ужо ў XIX стагодзьдзі, баючыся паўстаньняў і паўстанцаў, разбурыў цесныя і крывыя вулкі Парыжа і па-новаму спланаваў горад з шырокімі і роўнымі вуліцамі і бульварамі. Дзеля таго, каб па вуліцах можна было страляць па паўстанцах з артылерыі. Таму ўласна сярэдневяковага Парыжа засталося не так і багата. І трэба ведаць, дзе яго шукаць.

Гэтым разам Саша сказала, што яна вырашыла, калі мы не супраць, паказаць нам Парыж рымскай эпохі. Мы, вядома, пагадзіліся. Прайшлі некалькі кварталаў — і вось, паказала Саша, уздоўж вуліцы віднеліся таўшчэзныя цёмныя цагляныя муры нейкай руіны. Гэта былі рэшткі рымскіх тэрмаў, лазьняў. Мы глядзелі на гэты велічны будынак, на тое, што ад яго засталося, ва ўсе вочы. Відаць было, што спаруда была вялікаю. І гэта зразумела, бо лазьні ў рымлянаў выконвалі да ўсяго ролю гарадскога клуба. Сюды прыходзілі не толькі памыцца, але і павырашаць жыцьцёвыя праблемы. “Вось тут, у першай палове, — паказала Саша, была халодная і летняя вада, а вось тут, — яна паказала на парэшткі нейкіх купеляў, — былі гарачыя ванны”.

Дзіўна было глядзець на гэтыя вялізныя, як на мой погляд, тэрмы, астаткі побыту і культуры магутнай рымскай цывілізацыі, якая існавала ў тыя часы, калі нашыя продкі, славяне-протабеларусы, яшчэ не прыйшлі ў Беларусь, а жылі ніжэй, паўднёвей Прыпяці. А амаль па ўсёй Беларусі жылі балты-протабеларусы. І нашыя продкі славяне жылі тады ў невялічкіх хатках-куранях, на метр закапаных-углыбленых у зямлю. Ад гэтых паўзямлянак да нашага часу дайшла завядзёнка засыпаць першыя вянцы ў хатах звонку пяском, рабіць падпёртыя дошкамі заваліны-прызбы. І яшчэ наперадзе быў час зьмяшаньня славянскай і блізкай па роднасьці да славянаў балцкай крыві, у выніку чаго і атрымаўся такі адметны нацыянальны сплаў, як беларусы.

А гэтыя тэрмы перажылі, перастаялі нараджэньне нашага ды і багата якіх іншых народаў. Ад людзей, якія абпальвалі і ўкладалі гэтую цэглу, не засталося і праху. І Беларусь нарадзілася, перажыла залаты век і, магчыма, зьнікне, а тэрмы будуць стаяць і далей.

Хаця хто яго ведае, думаў я. Усё сваё жыцьцё я штосьці раблю, каб гэтага не адбылося, каб Беларусь не зьнікла. І, дзякуй Богу, я не першы і не апошні, і я — не адзін.

Затым мы пайшлі далей. Мы збочылі з вуліцы, прайшлі дварамі і выйшлі на вялікае гала. Дамы, якія стаялі з аднаго боку гэтага скверу, былі разьвернутыя да яго тыльнымі бакамі. І вось пасярэдзіне гэтага скверу, які спадаў крыху ўдол, стаяла практычна цэлая старажытнарымская арэна! Гэта была першая арэна, якую мне давялося бачыць у жыцьці. Таму не магу сказаць, якая яна — вялікая ці малая. Хутчэй за ўсё малая. Бо Парыж быў тады далёкай правінцыяй, ускраінай Рымскай імперыі, і не так багата ў ім жыло людзей. Хаця на схілах арэны, на мой погляд, магло памясьціцца дзьве-тры тысячы гледачоў. Трыбуны, загоны для жывёлаў, пакойчыкі для гладыятараў, муры круглай арэны выкладзеныя зь белых, пашарэлых крыху ад часу каменных блокаў цьвёрдага пясчаніку. Проста неверагодна, як усё гэта магло захавацца такой якасьці.

“Пасьля рымлянаў тут была вялізная парыжская сьметніца, — распавяла Саша, — і сьмецьцем парыжане ў старажытнасьці проста засыпалі арэну і ўсе збудаваньні каля яе. Побач пабудавалі дамы, і таму з тога краю арэны немагчыма правесьці раскопкі, частка комплексу яшчэ схаваная і дагэтуль. Арэну раскапалі ўсяго пяцьдзясят гадоў таму, ужо пасьля вайны. Зьбіраліся штосьці будаваць на гэтым месцы і проста наткнуліся на яе”.

Я абышоў арэну па перыметры, зазірнуў у загончыкі для жывёлаў, адкуль іх выпускалі на круглы пляц, з холадам па скуры агледзеў невялікія распранальні для гладыятараў. Адсюль яны выходзілі пад роў гледачоў, каб перамагчы ці памерці. Паглядзеў на шырокі ўезд на арэну, кудою заязджалі калясьніцы і вершнікі. Я не мог утрымацца і некалькі разоў дакрануўся да шурпатых камянёў арэны, як быццам бы спадзяваўся, што яны перададуць мне энергію тых часоў.

Зараз арэна была засыпаная сьветлым жвірам. На ёй стаяла футбольная брама і дзеці гулялі ў футбол. На каменных лаўках-прыступках сядзела рознакаляровая французская моладзь і пра штосьці весела шчабятала паміж сабой. Сонца заходзіла і лагодна грэла і сьвяціла. Я выйшаў у цэнтр арэны і ўскінуў руку са сьціснутым кулаком. Але ж не, не вярнуць ужо ніколі прамінулыя часы. "Ave, Caesar, morituri te salutant!" (“Няхай жыве Цэзар! Йдучыя на сьмерць вітаюць цябе!”). Саша сфатаграфавала мяне, беларускага ўжо дзядзьку, які зьбіраўся вяртацца да сябе на радзіму, дзе яго чакаў не перасьлед вялікага князя і не інквізіцыя, а ўсяго толькі падаткавая інсьпекцыя Першамайскага раёна. А кантора, якая стаяла за ёй, вельмі спадзявалася, што ён (я) застанецца ў Вільні, ці то ў Варшаве, ці ў Парыжы, і зьнікне з сарамліва-сьціплых акварэльных беларускіх даляглядаў.

Усе гэтыя дні перабываньня ў Парыжы я бегаў кожную раніцу. І калі ў мае ранейшыя прыезды я бегаў у бок плошчы Бастыліі, выбягаў на яе па вуліцы Сьвятога Антуана, на вялікую круглую плошчу зь велічнай калонаю-слупом і залатым Апалонам на ёй, прабягаў пад схаванымі пад асфальтам падмуркамі Бастыліі (іх зараз відаць у метро, якое ідзе пад плошчаю) і бег паўз канал, які перасякаў плошчу, то апошнім разам Саша паказала мне іншы маршрут. “Алесь, — сказала яна, — насупраць вуліцы, дзе стаіць ваш гатэль, калі прайсьці з кіламетр па перпендыкулярнай вуліцы, то можна патрапіць на былы чыгуначны віядук. Чыгункі даўно ўжо там няма, а па віядуку ідзе вельмі прывабная сьцяжына. Некалі мы з мужам і дачкою ў вазочку гулялі па ёй. Яна цягнецца доўга-доўга, і мы прайшлі кіламетраў дзесяць. Паглядзіце, пацікаўцеся, можа, яна прыдасца вам для вашых прабежак”.

І ў першую раніцу ў гэты прыезд я пабег падзівіцца на віядук. Вуліцы ў Парыжы зранку ціхія і сонныя. Зь нізкіх гідрантаў каля бардзюраў льецца, булькоча вада. Прыбіральшчыкі падключаюць да іх свае шлангі і змываюць засьмечаныя за ноч ходнікі. Усю ноч на іх кіпела жыцьцё. Малыя кавярні, мікраскапічныя бары, невялікія рэстараны — імі літаральна нашпігаваны Парыж. Ёсьць сьпецыялізаваныя — рокерскія, для геяў, для аматараў паэтычных чытаньняў, ёсьць в’етнамскія, алжырскія, італьянскія. Народ сыходзіць з вуліц толькі пад ранак.

Я бягу па вузкіх ходніках, прамінаю заспаную чарнаскурую жанчыну, якая, відаць, цягнецца на працу, дзяцей, ідучых з ранцамі ў школу, і выбягаю да віядука з чырвонай цэглы. Ён даволі масіўны, грунтоўны, вышынёю ў два-тры паверхі. У паўкруглых нішах абсталяваныя розныя крамкі і салоны — мэбля, карціны, рамкі і люстры. Я шукаю пад’ёму, бягу паўзь віядук, бачу лесьвіцу ў два пралёты, узьбягаю па ёй. Пляскатая паверхня віядука пасярэдзіне мае заасфальтаваную сьцяжыну, паабапал якой насыпаная зямля і высаджаныя разнастайныя расьліны. Позьнія рознакаляровыя цюльпаны, жоўтыя і белыя з далікатнымі алымі палоскамі нарцысы, кусты з розным адценьнем зеляніны, ад ледзь зеленаватых сьветла-бляклых лісьцікаў да бліскучага цёмна-зялёнага, аж чорнага колеру мясістых лістоў. Высаджаныя нават дрэвы, якія, мабыць, выкопваюць, калі яны вырастаюць, і замяняюць на новыя, маладзейшыя і меншыя.

Даўно няма ні калёснага мазуту, ані паравознага чаду, ані прыкалейнага сьмецьця, адно кветкі, кусты, дрэвы, птушкі, якія корпаюцца ў зарасьцях кустоў. Гэтыя “вісячыя сады” цягнуцца на ўзроўні вокнаў другога-трэцяга паверха дамоў. Але яшчэ рана, і вокны зачыненыя рабрыстымі аканіцамі.

Я бягу наперад, зрэдку сустракаючы гэткіх жа самых бегуноў. Мы ўсьміхаемся адзін аднаму, так, як пасьміхаюцца людзі, якія ведаюць штосьці такое, што ведама адно толькі ім. Ранішняе сонца з-за дахаў дамоў пускае свае лагодныя косы. Я паглядаю туды, на ўсход, дзе ляжыць лапік, бязьмежнае раздольле маёй роднай зямлі, куды наканавана мне вяртацца пасьля кожнай паездкі.

"Маўклівыя" акцыі і наведваньне падаткавай інсьпекцыі 21.11.2013 3

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

18 лістапада 2012 г., Бабруйск

У чэрвені 2011 года прыехалі ў Менск нашыя калегі-сябры з Осла: Берыт, Іна і Вольга. Дакладней сказаць, зьбіраліся прыехаць. У менскім аэрапорце памежнікі прапусьцілі толькі Берыт зь яе нарвежскім пашпартам. А Іну, якая мела расійскі пашпарт з двухгаловым арлом, і Вольгу з украінскім пашпартам з трызубцам разьвярнулі назад. У Беларусь іх не пусьцілі. Можа, апасаліся, што яны далучацца да міжнароднай назіральніцкай місіі праваабаронцаў. Сяброў гэтай місіі — і расіянаў, і ўкраінцаў — шукалі і выдалялі зь Беларусі. А можа, яшчэ з-за нейкіх невядомых нам прычынаў ці беспрычынна. У такіх выпадках улады амаль ніколі не тлумачаць прычыны адмовы ва ўезьдзе. Дзяўчаты ноч прасядзелі ў аэрапорце на нейтральнай тэрыторыі, дзе няма ніякіх умоваў для такога начаваньня, а назаўтра зранку вылецелі назад у Нарвегію.

Берыт першым чынам зьявілася да нас. Яна была ўсхваляваная. Яе калегі з Нарвежскага Хельсінкскага камітэта з Осла, даведаўшыся пра сітуацыю, раілі ёй не рызыкаваць і неадкладна вяртацца назад. Берыт была ў нас паўгода таму, падчас выбараў, і бачыла, што адбывалася 19 сьнежня 2010 года на вуліцах і плошчах Менска. “Алесь, што мне рабіць?” — пыталася яна. Юрыстка па адукацыі зь міжнародным прызнаньнем, праваабаронца па пакліканьні, прыгожая, бялявая нарвежка з блакітнымі вачыма, маці траіх дзяцей, мая даўняя сяброўка Берыт запытальна глядзела на мяне. “Што табе хвалявацца? — адказаў я. — Калі цябе ўжо ўпусьцілі ў краіну, дык скарыстайся з гэтага.”

Берыт супакоілася. Урэшце, не першы раз за сваю праваабарончую дзейнасьць яна трапляла ў складаную і непрыемную сітуацыю. Мы сядзелі на варыўні, пілі гарбату з цукеркамі, якія Берыт прывезла нам у падарунак, як у яе зазваніў сотавы тэлефон. Гэта быў наш агульны знаёмы швед, які толькі як учора прыляцеў у Менск. Ён хацеў з намі сустрэцца, але ўжо ведаў пра прыгоды Іны і Вольгі на мяжы і моцна хваляваўся. Ісьці да нас на офіс ён засьцерагаўся і прасіў сустрэцца зь ім дзе-небудзь у горадзе. “Няхай скажа куды, і мы пад’едзем”, — сказаў я Берыт. Шведы і нарвежцы звычайна размаўляюць міжсобку на сваіх мовах і добра разумеюць адзін аднаго, прыкладна так, як беларусы і ўкраінцы.

Яны дамовіліся сустрэцца каля метро “Кастрычніцкая” праз гадзіну, на прасьпекце Незалежнасьці, насупраць ГУМа.

Мы спакойна дапілі гарбату, крыху паразмаўлялі пра агульную сітуацыю ў Беларусі пасьля выбараў і праз паўгадзіны выбраліся на сустрэчу.

Калі мы зайшлі ў метро, аказалася, што цягнік на станцыі метро “Кастрычніцкая” не спыняецца…“Сёньня чарговая акцыя грамадзянскага непадпарадкаваньня, — патлумачыў я Берыт, — людзі зьбіраюцца і моўчкі ходзяць па прасьпекце Незалежнасьці, часам пляскаюць у ладкі”. Папярэднія акцыі, абвешчаныя ў інтэрнэце, зьбіралі па некалькі соцень чалавек. У асноўным гэта была не заангажаваная раней у палітыцы моладзь. Гэтыя самаарганізаваныя акцыі былі вынікам страшэннай інфляцыі, абвалу беларускага рубля.

Мы даехалі да плошчы Перамогі, выйшлі зь метро і пайшлі пешшу па прасьпекце. Мы ішлі па правым баку прасьпекта, мінулі Кастрычніцкую плошчу. На ёй, бліжэй да ўніверсама “Цэнтральны”, грамадзіўся народ. Людзей было, можа, зь дзьве тысячы асобаў, нязвыкла багата, як для такой віртуальна арганізаванай акцыі. Мы зь Берыт прайшлі скрозь грамаду. Людзі былі на эмацыйным пад’ёме, пасьміхаліся, дружна пляскалі ў ладкі. Адразу неяк павесялелі і мы.

Нашага знаёмага мы знайшлі на аўтобусным прыпынку насупраць ГУМа на другім баку прасьпекта. Ён быў моцна ўстрывожаны. Называецца, прызначыў сустрэчу ў спакойным месцы — ходзіць поўна людзей, міліцыі, рухаюцца туды-сюды, пляскаюць у ладкі. Ён нічога не мог зразумець: куды ён патрапіў! Я патлумачыў яму, што адбываецца, і падбадзёрыў яго.

Мы адышліся падалей ад “маўклівых” пратэстантаў і паразмаўлялі. Затым я разьвітаўся зь Берыт, а напалоханы швед у гэты свой прыезд так замаскіраваўся, што болей і не адгукнуўся. Берыт адправілася на іншыя сустрэчы, і мы дамовіліся: раптам што здарыцца, яна будзе неадкладна тэлефанаваць мне.

Але мне ў гэты дзень патэлефанавала іншая дзяўчына. Гэта была інсьпектар з падаткавай інсьпекцыі Першамайскага раёна, дзе я стаяў на ўліку. Яна папрасіла мяне зайсьці ў інсьпекцыю. “А ў чым справа?” — пацікавіўся я. Яна сумелася, падбіраючы словы, потым сказала: "Падыдзіце, на месцы тут будзем размаўляць”. Хіба па дэкларацыі за мінулы год выклікае, падумаў я. Можа, нейкія ўдакладненьні. У 2008 годзе, калі падчас парламенцкіх выбараў мы арганізоўвалі і праводзілі кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, мяне выклікалі ў падаткавую, праверылі мае даходы-расходы ці не ад пачатку 90-х гадоў і паставілі на ўлік. Цяпер штогод я запаўняў дэкларацыю аб даходах.

Назаўтра зранку я быў у падаткавай інсьпекцыі. Інсьпектар прапанавала мне прысесьці, а потым дрыжачым ад хваляваньня голасам паведаміла, што прыйшло ўказаньне міністэрства праверыць мае даходы. Адтуль у інсьпекцыю перадалі дакументы. Якое тлумачэньне я магу даць у зьвязку з гэтымі дакументамі? Яна паказала мне раздрукоўкі зь літоўскага банка. Тлумачэньні даваць я не пажадаў і папрасіў зрабіць мне копію раздруковак, каб падрыхтаваць удома абгрунтаваны адказ.

Інсьпектар надзіва хутка пагадзілася. У пакоі, дзе сядзелі яшчэ некалькі жанчынаў-інсьпектараў, застыла цішыня. У іхніх касых беглых позірках я бачыў спачуваньне. Было такое адчуваньне, што ў пакоі знаходзіцца нябожчык. Я забраў ксеракопіі і разьвітаўся з інсьпектаркаю. Я ўжо ведаў, што ў бліжэйшы час мне прыйдзецца яшчэ раз сустрэцца з падаткавікамі. Так, як выжлы, напаўшыя на сьлед, рэдка калі кідаюць яго.

Калі я прыйшоў на офіс, Берыт была ўжо там. Я паказаў паперы сваім калегам. Мне падалося, што я апынуўся ў прыёмным пакоі “хуткай дапамогі”. Яны кінуліся да камп’ютара, паглядзелі магчымыя санкцыі. Выходзіла да пяці гадоў “хіміі” ці ўзмоцнены рэжым ад трох да сямі гадоў, з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі. Берыт разгублена глядзела на ўсю мітусьню, якая адбывалася вакол яе, шырока расплюшчанымі вачыма.

“Вось, Берыт, — сказаў я ёй, — як ты прыязджаеш, вечна што-небудзь у нас здараецца. Так было ў 2006 годзе, калі ты прыехала ў Менск і арыштавалі ўвесь намётавы гарадок, так было і 19 сьнежня 2010 года, калі разагналі маніфестацыю на плошчы Незалежнасьці, так і зараз. Вось ты прыехала, і падобна, што мяне пасадзяць”, — жартаўліва выгаворваў я ёй. “Але гэта не з-за мяне!” — шчыра запярэчыла Берыт, потым паглядзела на мяне, і мы дружна расьсьмяяліся. “Гэта, Алесь, усё вельмі сур’ёзна”, — сказаў мне мой калега юрыст. “Я зразумеў”, — адказаў я.

Размаўляць з уладамі трэба на такой мове, якую яны разумеюць 19.11.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

24 студзеня 2013 г., Бабруйск

Дзесьці ў канцы чэрвеня 2011 года Рада Еўропы праводзіла выязное паседжаньне дэпутатаў у Осла. Адное з пытаньняў, якое хацелі абмеркаваць дэпутаты, было прысьвечана Беларусі. Адное з пытаньняў, якое хацелі абмеркаваць дэпутаты, было прысьвечана Беларусі. Нарвежскі Хельсінкскі камітэт удзельнічаў у гэтым паседжаньні, па іх прапанове запрашаліся эксьперты. Таму, калі сябры з НХК прапанавалі прыехаць і выступіць, я пагадзіўся. Яшчэ адным эксьпертам па сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі быў вядомы расійскі праваабаронца Юры Джыбладзэ.

Я выступіў перад дэпутатамі ў невялікай сьціплай зале. Прысутнічала каля пяцідзесяці дэпутатаў, добрая палова якіх былі з суседніх скандынаўскіх краінаў і Фінляндыі. І гэта было добра. Бо сітуацыя з правамі чалавека ў постсавецкай Беларусі, якую амаль не трэба тлумачыць дэпутатам з былых сацыялістычных краінаў і Прыбалтыкі, патрабавала асаблівай расшыфроўкі для дэпутатаў з Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі. Бо ў іх павага да правоў чалавека зьяўляецца ледзь не нацыянальнай рысаю і багата якія рэчы, якія здараюцца ў нас, яны проста не разумеюць.

З разьліку на іхнюю прысутнасьць я і будаваў свой выступ. Выступаўшы за апошнія паўгода ўжо дзясяткі разоў на розных форумах па тэме бягучай сітуацыі з правамі чалавека, я адшліфаваў свае аргументы і рэкамендацыі да аўтаматызму. Яны не былі ўласна маімі, а зьявіліся ў выніку доўгіх і працяглых абмеркаваньняў з калегамі, беларускімі праваабаронцамі. Усе апошнія месяцы я ўпарта праводзіў адную думку, што размаўляць з уладамі трэба на такой мове, якую яны разумеюць і зь якой лічацца, інакш не дабіцца жадаемага выніку. Для кагосьці гэтая пазіцыя магла падацца занадта жорсткай і бескампраміснай. Насамрэч, яна была ўзважанаю і адпаведнаю той сітуацыі, якая ўтварылася. А вынік усе мы чакалі адзін — вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных.

На сустрэчы была і спадарыня Луіза Бэк, нямецкая дэпутатка, зь якой у нас была не надта прыемная размова ў красавіку ў Страсбургу.

Я выступіў. Прадстаўленая мною карціна была яснаю. Пасьля выступу запанавала цішыня. Гэта быў адзін з мах самых бясспрэчных і доказных выступаў. Крыху пазьней выказаліся дэпутаты. Усе каментары польскіх, літоўскіх, нямецкіх дэпутатаў гучалі ва ўнісон з маім выступам. Даволі добра выступіла і Луіза Бэк. Урэшце яна пагадзілася і падтрымала мой пункт погляду.

Праца парламентарыяў была запланаваная да 15 гадзінаў. У 16 дэпутатам прапаноўвалася прагулка на экскурсійным карабліку. На яе былі запрошаныя і мы, эксьперты. Я прыйшоў на ўзьбярэжную Осла хвілінаў на 20 раней. Было пахмурна, зрэдку крапаў дожджык, і час ад часу я хаваўся пад парасонам. З мора дзьмуў сьвежы вецер. Мы ўселіся на лаўку разам з Юрыем Джыбладзэ, сядзелі, куталіся ў курткі, чакалі дэпутатаў, караблік, глядзелі на мора, грэбні хваляў якога мелі металічна-шэры колер. Мы размаўлялі пра тое, што нарабілася ў Беларусі. Юры ўваходзіў у міжнародную назіральную місію і зьбіраўся прыехаць у Беларусь.

Горад на беразе вялікай вады — гэта заўсёды штосьці асаблівае. Нью-Ёрк, Гавана, Стакгольм, Лісабон, Адэса, Стамбул, Баку — гарады, у якіх я пабываў і якія прадзьмуваюцца сьвежым марскім брызам наскрозь. Гэты сьвежы марскі ці акіянскі няспынны вецер выдзьмувае гарадскі смурод, ачышчае паветра і аўру горада. За нашымі сьпінамі стаялі канструктывісцкія будынкі з чырвонае цэглы. Яны выглядалі на змрочныя атлантычныя караблі, прычаленыя да гарадскога пірса. Проста насупраць, на камяністым рагу, з другога боку бухты віднеліся старыя муры крэпасьці-замка. Справа цягнулася ўзьбярэжная вуліца, па якой заўсёды ходзяць турысты, а яшчэ далей, нябачны ад нас, быў музей трысьняговага плыта “Кон-Цікі”, на якім нарвежац Тур Хеердал праплыў па акіяне тысячы кіламетраў. Зьлева ад крэпасьці, якая зачыняла-ахоўвала бухту і горад, на скалістых берагох расьлі цёмныя паўночныя сосны. Вельмі адметны краявід паўночнай сталіцы, які можна ўбачыць толькі тут.

Пяць гадоў таму, калі я быў у Осла ўзімку, нас завезьлі ў метро на самую высокую станцыю. Мы выйшлі навонкі спаміж вялізных гранітных камянёў, зялёных соснаў і шэрага хмызьняку, падышлі да спадзістага схілу вялікага пагорка, на вяршыне якога мы апынуліся, і ўвесь цэнтральны Осла — марская бухта, мора, выспы аказаліся ў нас пад нагамі. Горад выглядаў сьціплым і невялікім у параўнаньні з вадою, скаламі і чорным здалёк, суровым хваёвым лесам, зацярушаным белым сьнегам. Было бачна, што чалавек у Нарвегіі, у Осла — не цар прыроды, а сьціплы жыхар, які шануе і аберагае яе.

Я распавёў Юрыю пра сваю сітуацыю і пра магчымыя наступствы. Ён слухаў і нічога не раіў. Пэўна што, я ўжо такі дарослы, што далей няма куды, і здольны прымаць самастойныя рашэньні.

Урэшце падплыў наш прагулачны караблік. І дэпутаты, хто зь іх пажадаў, і мы пайшлі на ўзьбярэжную, на пірс. Мы зайшлі на карабель. Там была адна суцэльная каюта з драўлянымі лаўкамі паабапал прахода. Мы расьселіся, завуркатаў матор, і мы, павольна хістаючыся, адплылі ад пірса. Стоячы каля ўвахода, наперадзе, гід пачала распавядаць пра тыя памяткі і цікавосткі, якія віднеліся на ўзьбярэжжы.

Мы плылі ад узьбярэжнай налева, па нейкіх пралівах і паміж выспамі. Горад стаяў зьлева ад нас, справа ж ляжалі зусім блізкія, зарослыя хвояй выспы з высокімі гранітнымі берагамі. Такое спалучэньне сучаснай цывілізацыі і прыроды мне вельмі падабалася. Неяк не верылася, што побач быў цэнтр горада, сталіца дзяржавы. Неўзабаве, празь некалькі тыдняў, на адной з такіх выспаў “бравы” Брэйвік, апантаны расісцкімі вар’яцкімі ідэямі, расстраляе амаль сто чалавек.

Часам на выспах мы бачылі невялікія акуратныя хаткі, пафарбаваныя ў традыцыйны для Скандынавіі і Фінляндыі карычневы колер. І толькі рамы вокнаў і дзвярныя вушакі былі белымі. Яна нагадвалі больш лецішчы. Каля кожнай хаткі трапятаў на вятры нарвежскі сьцяг. “Гэта вельмі дарагія дамкі, — пракаментавала маё пытаньне нарвежка Аня, — бо тут блізка ад цэнтра горада”. — “Колькі прыкладна каштуе такі дамок?” — пацікавіўся я. “Не скажу дакладна, — адказала Аня, — але ў іх жывуць багатыя людзі, мільянеры”. — “А сьцягі? Чаму так?” — запытаўся я. “Нарвежцы вельмі патрыятычны народ, — адказала Аня. — Яшчэ сто гадоў таму з Нарвегіі была вялікая эміграцыя ў Амерыку, бо мы былі маладой, беднай краінай. А зараз нарвежцы нікуды не зьязджаюць, нікуды не эмігруюць, жывуць удома, а за межы краіны едуць працаваць часова ў вялікіх транснацыянальных кампаніях, але потым усё роўна вяртаюцца”.

Неўзабаве караблік разьвярнуўся, і мы паплылі назад. Заўтра зранку мяне чакаў самалёт, які ляцеў на маю радзіму, у Беларусь.

Радасьць за “Вясну” і горыч за краіну 13.11.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

У зьвязку з 15-мі ўгодкамі “Вясны” варта згадаць яшчэ пра адную падзею. Увесну 2011 года мне прыйшоў электронны ліст з ЗША, у якім нам паведамлялі, што Еўраатлантычны форум вырашыў узнагародзіць “Вясну” прызам за выдатную і ахвярную грамадскую і праваабарончую дзейнасьць. Гэтаксама як і “Вясна”, былі ўзнагароджаныя Беларуская асацыяцыя журналістаў, Свабодны тэатр і малдоўскі прэм’ер-міністр, а таксама польскі міністр замежных спраў, амерыканскі сенатар Джон Макейн і егіпецкая блогерка. Каго ўзнагароджвалі за працу на карысьць дэмакратыі ў цяжкіх умовах, а каго — за перамогу. Пасьля выбараў у Малдове камуністы былі адсунутыя ад улады, а прыйшлі ліберальныя дэмакраты.

У інтэрнэце я паглядзеў гісторыю форуму. Ён зьяўляўся шырокай пляцоўкаю для абмену думкамі паміж палітыкамі і грамадскімі дзеячамі ЗША і Еўропы, праходзіў раз на год. Першыя сустрэчы адбываліся ў ЗША. Леташні форум праходзіў у Польшчы, ва Уроцлаве. Сёлетні меркавалася правесьці тамсама. Планаваўся ўдзел сотняў запрошаных гасьцей, высокіх чыноўнікаў, экс-прэзідэнтаў, міністраў, бізнесменаў. Узнагароду форуму быў атрымліваў Біл Клінтан, а вось цяпер чарга дайшла і да “Вясны”. Можна было зразумець выбар лаўрэатаў прыза: і Беларусь, і Малдова знаходзіліся недалёка ад Польшчы. Такім чынам палітыкі і грамадскія дзеячы ЗША і краінаў Еўразьвязу хацелі выказаць сваю ўвагу да краінаў, якія ляжаць на ўсход ад Еўразьвязу, і да тых драматычных падзеяў, якія адбыліся ў нас у сьнежні 2010 года.

Хоць гэтая ўзнагарода і была цалкам нечаканай, але цяжкая і ўпартая праца “Вясны” набывала прызнаньне і павагу. Урэшце, гэта і было самым істотным, бо мы ўсё ж працуем не дзеля прызоў і ўзнагародаў. Уручэньне такой прэміі было відавочным і выразным сігналам да беларускіх уладаў: трымайцеся правоў чалавека! Праваабарончыя арганізацыі ў краінах, дзе шануюцца правы чалавека, амаль не атрымліваюць узнагародаў. А вось для “Вясны” і вясноўцаў гэта ўжо была шостая ўзнагарода, і, як паказалі падзеі наступнага года, далёка не апошняя. Таму атрымліваеш такія прызы заўсёды і з радасьцю за “Вясну”, і з горыччу за краіну.

Гэты прыз форуму прыцягваў увагу да сітуацыі з існаваньнем вялікай колькасьці палітычных вязьняў у Беларусі.

Форум праходзіў з 9 па 11 чэрвеня 2011 года. Да гэтага я ніколі не быў ва Уроцлаве. Мы прыехалі на цягніку з Варшавы і прайшлі пешшу ад вакзала да цэнтра старога горада. Там знаходзіўся гатэль, куды нас засялілі гаспадары форуму. Затым мы выйшлі агледзецца. Архітэктура, якая захавалася ў старым горадзе, мела нямецкія рысы. Строгая готыка, сьціплае, стрыманае барока, сьпічастыя вузкія камяніцы былых бюргераў. Уроцлаў стаіць на “землях адзысканых”, немцы адсюль пасьля вайны былі выселеныя пагалоўна. Прыехала сюды багата перасяленцаў з Заходняй Беларусі і Украіны, якія ў 50-я гады ўцякалі куды вочы глядзяць з савецкага “раю”.

Уроцлаў быў зялёным, чыстым горадам. Дамінантамі ў горадзе ўзвышаліся гатычныя касьцёлы з чырвонай, аж чорнай ад часу, цэглы. Стары горад добра захаваўся, зь велізарнай цэнтральнай плошчай і ратушай. Рэстараны расставілі пластыкавыя крэслы, столікі пад вялікімі парасонамі проста на бруку плошчы. Было багата турыстаў. А польскае піва па смаку не саступае ні нямецкаму, ані чэшскаму. Выдатная і польская кухня, вельмі падобная на беларускую, але пазбаўленая лішкаў тлушчу.

Знайшлі мы і краму. Тут купіў я сабе сьветлыя джынсы і лагодна-чырвоную кашулю. У гэтай вопратцы, так сталася, увосень, праз некалькі месяцаў, буду я сядзець на судзе.

Праграма форуму была шырокай і разнастайнай. Прыз нам мусілі ўручыць увечары на другі дзень. На трэці дзень была запланаваная беларуская панэль, у якой апроч мяне і старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной меркаваўся ўдзел Станіслава Шушкевіча і Аляксандра Мілінкевіча. Прымаў форум мэр Уроцлава, высокі, ўсьмешлівы і актыўны дзядзька. Відаць было, што ён жадаў выкарыстаць нагоду правядзеньня форуму для ўзьняцьця прэстыжу Уроцлава на ўзроўні як Польшчы, так і цэлай Еўропы, дэкляраваньня інтэлектуальных і эканамічных дасягненьняў горада. Як мы даведаліся, Уроцлаў быў адным з найбольш дынамічна разьвівальных гарадоў у Польшчы.

У першы дзень форуму пасьля абеду ў мэрыі адбыўся прыём. На яго запрасілі і мяне. Там я пазнаёміўся з рэдактарам найвялікшай па накладзе “Газеты выборчай” Адамам Міхнікам. Дагэтуль я ведаў яго толькі завочна па фотаздымках і хроніцы часоў вайсковага стану ў Польшчы, часоў “Салідарнасьці”. Прозьвішча Міхнік часта гучала ў савецкай прэсе побач з Валенсам, Буекам. Яго лічылі адным з ідэолагаў “Салідарнасьці” і ворагам савецкай сістэмы. Міхнік пастарэў, выглядаў вельмі па-свойску, быў апрануты ў мешкаватыя джынсы і сьветла-карычневы штодзённы пінжак, са шклянкаю віскі ў руцэ. Відаць, што так ён хадзіў і ў рэдакцыі, і паўсюль, куды яго запрашалі. Ён, як жывы гістарычны выкапень, мог сабе такое дазволіць.

Мы стаялі ўчатырох, у невялікім коле зь ягонымі сябрамі, таксама, відаць, старымі грамадскімі дзеячамі, гаварыў Міхнік мала, але было відаць, што ён добра арыентаваўся ў беларускай сітуацыі. Ён адкрыта сімпатызаваў беларускай дэмакратыі. А потым заўважна замітусілася ахова, выйшаў у хол мэр Уроцлава і стаў у чаканьні. Урэшце ўвайшоў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. Ён павітаўся з мэрам, зь іншымі ўроцлаўскімі чыноўнікамі, відаць, перакінуўся дзяжурнымі вітальнымі словамі і, убачыўшы Міхніка, падышоў да нас. Тут мяне Міхнік прадставіў яму. Сікорскі выглядаў молада, быў апрануты афіцыйна, у касьцюм пад гальштукам, але без асаблівага шыку і бляску. Яны размаўлялі на ім вядомыя тэмы і акалічнасьці, размова мела, я б сказаў, сяброўскі характар.

Хачу адзначыць дзьве акалічнасьці, якія я прыкмеціў. Адчувалася пераемнасьць палітычных пакаленьняў. Я бачыў рэакцыю Сікорскага на выказваньне аднаго зь ветэранаў-суразмоўцаў. Сікорскі ўважліва слухаў яго. Не было ні пыхі, ні самаўпэўненасьці зь яго боку. Хаця ён быў дзейны міністр, а яны ўжо, мабыць, пеньсіянеры. Ён стаяў і слухаў, як слухаюць старэйшых калегаў. І другое — моц аргументаў і энергія, якая адчувалася ў выказваньнях Сікорскага. Відаць было, што палітыка для яго была сутнасьцю ягонага жыцьця.

Затым нас паклікалі да грамады, былі выступы, былі нефармальныя размовы, запрошаныя стаялі з напоямі ў руках, пераходзілі ад аднаго кола размоўцаў да іншага, адбываўся такі, здавалася б, неарганізаваны броўнаўскі рух. Але я ведаю, што менавіта падчас такіх нефармальных гутарак часта прымаюцца важныя рашэньні. У канцы прыёму, калі наступіў летні змрок, у гонар гасьцей форуму быў запушчаны салют. Стралялі гарматы, узьляталі каляровыя шары і плаўна рассыпаліся ў небе на тысячы зорак. Адчуваньне было нязвыклым. Я чамусьці згадаў, што і ў нас, у Міры, калі туды прыязджаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі, то магнат і ўладальнік Мірскага замка Радзівіл ладзіў у ягоны гонар салют. І тады, і цяпер сэнс ягоны быў адзін — ушанаваць гасьцей і паказаць упэўненасьць і рэсьпектабельнасьць гаспадароў.

У наступны дзень на ўганаравальную вечарыну, дзе нам мусілі ўручыць прыз, я напісаў сьпецыяльную прамову. Але калі мы ўвечары прыйшлі ў залу і я ўбачыў сталы зь віном і закускамі, я зразумеў, што фармат імпрэзы патрабуе іншага выступу, іншых слоў.

Удзельнікаў вечара рассаджвалі па сьпісах. На круглых сталах, сервіраваных прыкладна на восем персон, стаялі шыльдачкі з нумарамі, а кожны госьць напярэдадні атрымаў запрашэньне з указаньнем месца. Мяне пасадзілі разам з прэм’ер-міністрам Малдовы і ягонай жонкаю. Насупраць мяне сядзеў былы прэм’ер-міністр Польшчы па прозьвішчы Бялецкі. Размаўляць праз увесь стол было нязручна, таму я проста прыглядваўся да яго, сівога, коратка стрыжанага з моцнай галавою дзядзькі, гадоў шасьцідзесяці пяці, з разумным чэпкім поглядам вачэй. А ён прыглядаўся да мяне. Адрозьненьне ў нашых прозьвішчах было ўсяго ў адну літару.

Прозьвішча Бяляцкі не рэдкае ў Беларусі. Толькі ў Менску абаненцкая база “Вэлкама”, я некалі глядзеў, выдавала больш за сто Бяляцкіх. Найбольш іх сустракаецца на Магілёўшчыне, ёсьць на Віцебшчыне, Гомельшчыне, Смаленшчыне, адным словам, на землях уласна Беларусі. А ў гістарычных дакументах Бяляцкія фігуруюць з пачатку XVIII стагодзьдзя ў Мсьціслаўскім ваяводстве, дзе былі і дарожнымі і падчашымі. Бялецкіх у Беларусі таксама нямала. У Менску нават вуліца ёсьць — Бялецкага, на якой жыве такі рознабаковы чалавек, як Аляксандр Фядута.

З жонкаю прэм’ера Малдовы мы сядзелі разам і трохі паразмаўлялі, па-руску. Прыз форуму ўручалі, як я пісаў ужо, і малдоўскаму прэм’ер-міністру. Было відаць, як ягоная жонка падтрымлівае, перажывае за яго і ганарыцца ім. Выступаючы, прэм’ер сказаў, што ніколі не думаў, што стане на чале ўрада Малдовы, што ім удасца перамагчы сваіх камуністаў. Ён у канцы прамовы падзякаваў сваёй жонцы, сказаў, што яна моцна падтрымлівала яго і верыла ў ягоную перамогу болей, чым ён сам.

Калі ён казаў гэтыя словы, ягоная жонка засаромелася. Гэта была такая натуральная жаноцкая рэакцыя кабеты, якая яшчэ не прызвычаілася да свайго новага становішча і яшчэ не навучылася хаваць свае пачуцьці.

Паміж размоваю зь ёю я тэзісна перапісаў свой выступ. А жонцы прэм’ера сказаў, што тое, што Малдова зрабіла адназначны еўрапейскі выбар, гэта вельмі важна і для Беларусі. Чым меней былыя постсавецкія рэспублікі арыентуюцца на Расію, як былую метраполію, тым меней застаецца аргументаў у беларускіх галовах на карысьць усходняга геапалітычнага і цывілізацыйнага выбару. Яна цалкам пагадзілася са мною.

І вось прыйшоў час гаварыць мне. Выступаў я эмацыйна, як для беларуса, без паперкі, паглядаючы толькі на запісаныя пункты, якія хацеў выказаць. Пашанцавала яшчэ, што дзяўчаты-перакладчыцы былі беларускамі. Таму я мог гаварыць па-беларуску. Значна прасьцей было фармуляваць свае думкі. Ды і хацелася, каб і прысутная польская палітычная эліта, журналісты і прыехаўшыя амерыканцы пачулі жывую беларускую мову. А яна ж, магу заверыць беларусаў, якія, часта так бывае, не цэняць свайго, для замежнага вуха гучыць, скажам так, прыемна і мілагучна. Цьвёрдае “ч”, але не такое выбуховае, як у польскай мове, і мяккае “сь”, значна мякчэйшае, чым у рускай мове, ствараюць дзіўныя тонавыя гукавыя пераходы, і гэтага няма, прынамсі ні ў адной еўрапейскай мове. Калі мілагучнасьць раманскіх моваў — французскай, італьянскай — дасягаецца дзякуючы частым санорным — л, м, н, то ў беларускай мове ёсьць свае разынкі. Я гэта ведаю, бо неаднойчы правяраў на разнамоўных замежніках і пераканаўся ў гэтым сам. І ніводзін з маіх замежных суразмоўцаў не сказаў: фу, як брыдка гучыць! Затое такія выказваньні даводзілася мне чуць ад саміх беларусаў.

Вось жа і зараз — усе слухалі. Амерыканцы з навушнікамі, многія з палякаў — без навушнікаў, ужывую. Я імкнуўся гаварыць павольна і выразна, каб можна было зразумець, пра што я кажу. Збольшага, мабыць, зразумелі, бо пляскалі доўга і шчыра. Атрымліваць прыз таксама выйшлі мае калегі-вясноўцы. Мне было вельмі прыемна, што на ўзвышшы-подыуме я быў не адзін.

Кіраўнікі “Свабоднага тэатра”, якія на той час зьехалі ў Англію, асьцерагаючыся перасьледу, з-за праблемаў з шэнгенскімі візамі на форум патрапіць не здолелі. Таму прыслалі відэазапіс выступу Натальлі Каляды. Зроблены ён быў адметна: запісалі яе на вуліцы, пад трывожны гул ветру, які варушыў яе валасы. Вецер часам аж заглушаў голас Натальлі і надаваў яе выступу пэўнае напружаньне і драматызм. Прамаўляла яна на бездакорнай ангельскай мове. Зала слухала яе ў поўнай цішыні.

Калі я вярнуўся за мой столік, то былы прэм’ер Польшчы Бялецкі кіўнуў мне, прыязна пасьміхнуўшыся. Сэнс яго кіўка я зразумеў так: “Трымайся, амаль цёзка”. Я адказаў яму таксама пасьміхнуўшыся і кіўнуўшы. І сэнс майго кіўка азначаў: “Буду трымацца, а куды ж падзенешся”. Прэм’ер жа Малдовы сказаў наступнае: “Калі ў вас будуць праблемы — знайдзіце мяне”. Я зноў ужо весела пасьміхнуўся яму. Сэнс маёй усьмешкі быў такі: “Дзякуй за падтрымку, але ж як я цябе знайду, ды і навошта? Дайце рады сваім праблемам, і тады ваш посьпех будзе і нашым посьпехам”.

Назаўтра была беларуская панэль, на якой не раз гучала пытаньне да беларускіх удзельнікаў: чым вам, беларускім грамадзянам, можа дапамагчы Еўрапейскі саюз, Польшча?

Мы задаволеныя зьязджалі з Уроцлава. Такая маральная падтрымка праваабаронцаў і салідарнасьць зь беларускім народам багата што значылі. І нашая ўзнагарода была намі заслужаная.

У Варшаве мы перасядалі на цягнік да Менска. Зайшлі ў супермаркет каля вакзала, каб набыць чаго паесьці ў дарогу. Я ўбачыў і купіў пляшку балгарскага каньяку “Сонечны бераг”, памятнага мне смакам яшчэ з студэнцкіх часоў. І там, у краме, сустрэў знаёмага мастака і пісьменьніка Артура Клінава. Ён сказаў, што рыхтуе нумар часопіса “Партызан”, рэдактарам якога ён быў, па-польску, адмыслова для палякаў. І ці не мог бы я напісаць для гэтага нумара артыкул па гісторыі беларускага праваабарончага руху. Я пагадзіўся. Напісаў і пераслаў Артуру. Але самога часопіса я ўжо не ўбачыў, бо сядзеў за кратамі.


Паездка ў Гарошкаў за архівам сябра і паэта Анатоля Сыса 11.11.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

30 кастрычніка 2012 г., Бабруйск

Я ўжо пісаў пра нашую паездку 9 траўня 2011 года ў Гарошкаў, але ў іншым кантэксьце. Таму вяртаюся да яе яшчэ раз. Такім чынам, 9 траўня 2011 года мы з маім сябрам беларускім паэтам Едрусем Акуліным выбраліся ў вёску Гарошкаў, якая стаіць на Дняпры ў Рэчыцкім раёне, на бацькаўшчыну нашага сябры Анатоля Сыса на сустрэчу зь ягонай сястрою Тамарай.

Яшчэ ўвосень 2010 года, у канцы кастрычніка, у першую нядзелю пасьля дня народзінаў Анатоля Сыса ў двары ягонай сядзібы ладзілася традыцыйнае сьвята паэзіі, прысьвечанае яму. Традыцыйнае, бо яно праводзілася штогод з 2005 года — года сьмерці Анатоля.

Прыдумаў гэтае сьвята і адпачатку быў ягоным рухавіком Едрусь. Агульнымі намаганьнямі сьведамых беларусаў, прыхільнікаў творчасьці А. Сыса, былі сабраныя грошы і пастаўлены адметны помнік на ягонай магіле, а на хаце зьявілася мемарыяльная шыльда. Штогод на паэтычнае сьвята зьязджаюцца сябры Анатоля, аматары ягонага паэтычнага таленту з Менска, Гомеля, Рэчыцы ды іншых мясьцінаў.

Сьвята ладзіцца чыста на грамадзянскай аснове. Аніразу на ім не было прадстаўнікоў улады. Адпаведна не было ад уладаў і ніякай падтрымкі. Толькі міліцэйскія машынкі ды маўклівыя людзі ў скуранках зьяўляюцца ў Гарошкаве па перыметры вёскі ў гэты дзень.

У 2010 годзе Едрусь прыхварэў, кепска пачуваўся, таму ў Гарошкаў паехаць не змог. Зь Менска былі прыехалі паэт і журналіст Сяргей Сыс, аднафамілец і зямляк Анатоля Сыса, таксама наш сябра зь юнацкіх гадоў. Яшчэ напачатку 80-х гадоў усе мы: і Анатоль Сыс, і Едрусь Акулін, і Сяржук Сыс, і я — разам вучыліся ў Гомельскім універсітэце на філалагічным факультэце. Сяржук, Едрусь і я на адным курсе, а Анатоль на два курсы старэй за нас.

Мы сябравалі і трымаліся адзін аднаго. Нашае сяброўства грунтавалася на любові да Беларусі, да прыгожага пісьменства, да беларускага слова. Усе трое маіх сяброў — паэты. Але на памятнай шыльдзе Анатолю Сысу напісана — геніяльны паэт. І гэта сапраўды, без усялякіх авансаў, так. Анатоль Сыс — геніяльны беларускі паэт канца ХХ стагодзьдзя. Ён здолеў годна працягнуць традыцыі класікаў беларускай паэзіі, творча ўзбагаціць і разьвіць іх. Ён здолеў узьняцца на недасягальную вышыню паэта-прарока, які прамаўляе ад імя беларускага народа пра найбольш важныя і балючыя праблемы народнага жыцьця. Ягоныя вершы і паэмы — глыбокамастацкія і грамадзянскія. Творчасьць Анатоля Сыса зьяўляецца сімвалам і адлюстраваньнем новай хвалі беларускага адраджэньня 80–90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Тады, калі, здавалася б, за папярэднія дзесяцігодзьдзі камуністычны лад канчаткова абяскровіў і спустошыў беларусаў, прымусіў іх забыцца на ўласную нацыянальную годнасьць, на сваю гісторыю і мінуўшчыну, калі, здавалася б, канчаткова ператварыў іх у савецкіх манкуртаў, новае пакаленьне маладых беларусаў актыўна, імпэтна і таленавіта заявіла пра сябе ў беларускім жыцьці: і ў прыгожым пісьменстве, і ў мастацтве, і ў навуцы, і ў палітыцы. Анатоль быў найталенавіцейшым паэтычным голасам нашага пакаленьня. Таму з такой пашанаю і піетэтам мы, і не толькі мы, ставімся да ягонай творчай спадчыны і памяці аб ім. У 47 гадоў ён сышоў з жыцьця. Мы, маладзейшыя за яго, ужо перажылі гэты век.

Дык вось у тым кастрычніку 2010 года пасьля паэтычнага фэсту на падворку хаты Сысоў сястра Анатоля Тамара адважылася паказаць нам некаторыя неразабраныя паперы. Былі там аркушы з выдрукаванымі вершамі, быў і сшытак зь вершаванымі чарнавікамі. Зазірнуўшы ў сшытак, а затым хутка перагартаўшы аркушы з друкапісамі, я ўпаў ва ўтрапеньне. Гэта была наймацнейшая неспадзяванка. Бо ў руках я трымаў стос аркушаў зь невядомымі юнацкімі вершамі Анатоля! Мае пачуцьці і эмоцыі можна параўнаць хіба з пачуцьцямі археолага, які знайшоў залаты скарб, ці з эмоцыямі мастацтвазнаўцы, які адшукаў невядомую дагэтуль карціну знакамітага мастака.

Адкуль яны ўзяліся і як маглі захавацца? Бо неаднойчы, жывучы ўжо ў Менску, Анатоль казаў, што ён спаліў, зьнішчыў свае вершы. Я яму верыў, бо на маіх вачах ён рваў і выкідваў аркушы зь няўдалымі, на ягоны погляд, вершамі. А тут па некаторых памятных мною яшчэ зь юнацтва радках можна было зразумець, што гэта ягоныя вершы яшчэ з гомельскай студэнцкай пары.

Прыгаломшаны ўбачаным, я ў двух словах патлумачыў Сержуку, зь якімі паперамі мы маем справу. Бо першая думка, якая прыйшла да мяне пасьля шоку ад знаходкі, была такой: яны могуць зьнікнуць! Тым болей, што Тамара, добрая і мілая сястрыца Анатоля, падчас нашага прагляду папераў распавяла, што ўжо зьнік ягоны сшытак з чарнавікамі вершаў. І не дзіва, бо ўсе паперы ляжалі ў звычайнай хатняй старэнькай тумбачцы незачыненыя і ніяк не абароненыя ад аматараў паэтычных рарытэтаў.

Я папрасіў Сержука паразмаўляць зь сёстрамі Анатоля Тамараю і Валянцінаю. Яны ведалі яго лепей за мяне. Сяржук скрушна ўздыхнуў і пагадзіўся. Мы распачалі гутарку: “Гэта, хутчэй за ўсё, вершы Анатоля”, — пачаў я. “Іх трэба друкаваць”, — працягнуў Сяржук. “Яны тут, не захаваныя, могуць зьнікнуць”, — сказаў я. Мы пераконвалі сясьцёр перадаць вершы нам з умоваю іхняга вяртаньня пасьля публікацыі. Тамара і Валя завагаліся. Перад тым як паказаць нам паперы, яны не былі ўпэўненыя, што гэта вершы Анатоля. Урэшце, троху паразважаўшы, пахадзіўшы па хаце, Тамара вынесла вырак: аддам, калі будзе Едрусь Акулін. Яна давярала яму. Ну што ж, падумалі мы, так дык так. Тады прыедзем яшчэ раз ужо знарок па вершы разам зь Едрусем.

Калі, прыехаўшы з Гарошкава, я распавёў пра невядомы архіў Анатоля Едрусю, той напачатку не даў веры. Ён, як і я, быў перакананы, што студэнцкія вершы Анатоля, апроч тых, якія ён выдрукаваў у тагачаснай перыёдыцы, не захаваліся. Анатоль — артыст у жыцьці — пастаянна кагосьці разыгрываў. Ствараў разнастайныя пастановачныя жыцьцёвыя сітуацыі. Да вершаў іншых паэтаў, асабліва аднагодкаў, ставіўся падкрэсьлена жорстка, з апломбам заяўляючы, што ўсе свае раньнія вершы ён спаліў.

“А ці гэта дакладна ягоныя вершы?” — асьцярожна перапытаўся Едрусь. “Так, — адказаў я. — На сто адсоткаў. Іх там багата, ляжаць у тумбачцы разам зь іншымі паперамі”. Я гэтаксама распавёў яму пра ўмову Тамары. Яна гатовая перадаць вершы толькі ў ягонай прысутнасьці.

Едрусь паверыў. Ён патэлефанаваў Тамары, і яны дамовіліся на сустрэчу.

Выбрацца мы змаглі толькі праз паўгода, бо да Калядаў не атрымлівалася, а потым абвалілася мне на галаву мая занятасьць пасьля 19 сьнежня, і ў Едруся былі свае клопаты, ён актыўна езьдзіць па краіне і выступае са сваімі вершамі і песьнямі. Мы дамовіліся, што, пакуль не зьездзім і не паглядзім на вершы больш уважліва і пакуль не падрыхтуем першую публікацыю, нічога асабліва не казаць пра знаходку. Я, па-шчырасьці, апасаўся, што як толькі штосьці стане вядомым пра неапублікаваныя вершы Анатоля Сыса, то яны могуць зьнікнуць.

Вось так паўгода з гэтай прыемнаю таямніцаю і з боязьзю, каб чаго паганага не зрабілася, я і жыў. Гэтая акалічнасьць моцна турбавала мяне. Я адчуваў, што са мной можа што-небудзь здарыцца, а там то ў хлопцаў часу не знойдзецца, ці яшчэ якая халера надарыцца — і вершы могуць выпарыцца, зьнікнуць, як бы іх і не было. Хоць і кажуць, што рукапісы не гараць, але ж яны гараць, ды яшчэ і як. Да прыкладу, згарэлі ж рукапісы беларускіх пісьменьнікаў, рэпрэсаваных у 30-я гады. Іх паліла НКВД. Ці вось жа згарэў архіў Янкі Купалы ў першыя дні вайны, бо ў ягоную хату патрапіла нямецкая бомба. Пэўна, што ён і сам багата чаго напаліў, панішчыў у перадваенныя дзесяцігодзьдзі, баючыся. Бо ж вайна зь ім пачалася ў савецкай улады значна раней. А што сам не спаліў, то фашысты дапалілі. Вось так кадэбісты і фашысты пусьцілі попелам на вецер мастацкія творы, інтэлектуальны набытак сотняў сыноў беларускага народа. А дзе полацкі летапіс? Дзе сотні беларускіх кніжак і рукапісаў сярэднявечча, ад якіх пазаставаліся адныя назвы, а то і назваў не захавалася?

Я ведаю крохкасьць і неабароненасьць рукапісаў, таму вельмі выразна адчуваў, што калі, не дай Божа, зьнікнуць гэтыя бачаныя намі вершы нашага сябра Анатоля Сыса з-за нашай непаваротлівасьці ці нядбайнасьці, то я тады ніколі не дарую сабе гэтага. Занадта вялікае значэньне яны маюць для беларускай культуры.

І вось зоркі склаліся на 9 траўня, акурат на дзень, у які памёр Анатоль. Я нікуды не зьязджаў, у Едруся не было выступаў, Тамара была згодная пад’ехаць з Рэчыцы ў Гарошкаў. Сяржук Сыс не мог выбрацца, але ён раіў нам ехаць безь яго.

Былі ў нас праблемы з транспартам. Едрусева машына была не на хаду, рамантавалася, але тут прыдаўся мой “сітраэн”, які фармальна належаў мне, але меў правы і езьдзіў на ім мой сын Адам. У мяне ж і правоў не было ніколі, апрача як на самаходную гармату ці цягач, якія я атрымаў у войску. Вось на гэтым “сітраэне”, Едрусь за рулём, а я побач, мы і паехалі з самага ранку ў Гарошкаў. Адась, даведаўшыся, што мы сабраліся за дзень праехаць 600 кіламетраў, сумняваўся, ці даедзе машына. Узімку ён, пачынаючы кіроўца, пасьпеў адбіць на ёй бампер, і той быў прывязаны да машыны нейкай аборкаю. “А тае бяды! — сказаў я. — Па лясных калдобінах і выбоінах нам не ехаць, дарулім як-небудзь”. І мы выбраліся ў дарогу.

Не перадаць прыгажосьць беларускіх краявідаў увесну. Травень апрануў зямлю ў сьвежыя зялёныя колеры розных адценьняў, упрыгожыў блакітнае неба статкам кучаравых бялявых аблокаў. Дарога зь Менска на паўднёвы ўсход на Гомельшчыну ідзе па раўніне, сярод бяскрайніх палёў і густых лясоў. Ад Асіповічаў хіба пачынаецца Палесьсе — вялізныя лясныя абшары і не да канца спляжаныя балоты. Усё менш сустракаецца елка і ўсё больш у лесе маладой зеляніны лістоўных дрэваў: бярозы, дубы, таполі — ды іншага чарналесься.

Падарожжа на машыне дае неперадавальныя адчуваньні, зусім не вядомыя нашым дзядам-прадзедам. Так шыбка яны не ездзілі і такіх дарог, як зараз, не мелі. Разнастайныя краявіды плаўна і хутка зьмяняюцца за аўтамабільным шклом. У салоне машыны цёпла, гучыць музыка, ты сядзіш як у тэатры, дзе замест сцэны з дэкарацыямі ў цябе перад вачыма разгортваюцца мілыя твайму сэрцу і душы краявіды роднай зямлі. Адноўленая вясною, вымытая цёплымі і густымі травеньскімі дажджамі беларуская зямля. У дзясяткаў пакаленьняў маіх продкаў, якія тут жылі, біліся, баранілі цябе, глядзелі за табой, выклікала ты гэткія ж пачуцьці, якія перапаўняюць маю душу падчас нашай паездкі. І надзейна прыгарнула ты іхнія целы, зьліліся яны душамі з табой. І ў адвечным шматгалосьсі астральнага звону чую я іхнія слабыя галасы.

9 траўня — Дзень Перамогі, сьвяточны выходны дзень. Машынаў на дарозе было небагата. За Парычамі мы пад’ехалі да Кургана Славы, традыцыйнага для Сьветлагорска памятнага месца. Раней, не ведаю, як зараз, да кургана са Сьветлагорска прыязджалі з кветкамі пакланіцца ўсе вясельлі. У царкву за Саветамі браць шлюб ішла не кожная пара, было боязна, бо маглі пакараць улады, а вось сюды, да насыпанага капца зямлі зь зялёнай самаходкаю на пастаменце, зь ветрыкам, поездам зь некалькіх машынаў, за трыццаць кіламетраў ад горада — абавязкова. І было ў гэтым адведваньні “бога вайны” чагосьці паганскага і забабоннага, не зьвязанага ані з прамінулай вайною, ані з ушанаваньнем безыменных герояў, валам наваленых на гэтай зямлі, на гэтых метрах і кіламетрах асушаных балотаў і лясоў.

Менавіта тут пачыналася ў вайну ў 1944 годзе вялізная франтавая аперацыя “Багратыён”, і жывымі, дыхаючымі, слабымі людскімі целамі была праломленая глыбокаэшаланаваная абарона фашыстаў. Баі былі нябачна крывавыя і жорсткія, і нішто не магло спыніць сотні тысячаў байцоў, якія прадраліся празь нямецкі вал і пакаціліся далей ужо амаль няспынна на захад, аж да Берліна.

А тут, на гэтай пакалечанай вайною зямлі, засталіся вялізныя брацкія магілы-капцы, ці не пры кожнай беларускай вёсцы і ў мястэчках — у Парычах, у Шацілках, якія “будаўнікі камунізму” перайменавалі ў Сьветлагорск. А на плітах — сотні і сотні прозьвішчаў ці проста трохзначныя лічбы перад прозьвішчамі. А колькі тысячаў забітых салдатаў засталося ляжаць у зямлі, прысыпаныя, але не пахаваныя па-людску, безыменныя закладнікі вайны. Ніколі жыцьцё чалавека на гэтай зямлі не было такім малазначным і танным, як у XX стагодзьдзі. У дзяцінстве мяне заўсёды зьдзіўляла і ўражвала, як на такіх маленькіх лапіках зямлі, як брацкія магілы ў тым жа Сьветлагорску ці каля вёскі Стужкі, можна пахаваць столькі багата людзей. Як на адной сотцы можна пахаваць паўтары тысячы чалавек? І якая згушчанасьць адчаю, болю, сьмерці, людскіх душаў існавала і існуе ў тых месцах…

Каля Кургана Славы на ўзбочыне нешырокай тут дарогі сталяла некалькі аўтобусаў, мабыць, сьветлагорскія кіраўнікі і партгаспактыў прыехалі ўскласьці вянкі. Даішнікі рэгулявалі дарожны рух, па чарзе прапускаючы сустрэчныя машыны. Нас прыпынілі. Мы пачакалі, пакуль праедзе некалькі машынаў нам насустрач, затым далі дарогу нам, і мы павольна праехалі паўз курган. Кінуліся ў вочы бабулькі ў хустках у кветку і хвартухах, якія нясьпешна ішлі-калываліся да кургана з суседняе вёскі. Вось для каго гэтае ўшанаваньне сапраўды не для галачкі. Вось для каго вайна, а яны тады былі дзецьмі, была жахлівым выпрабаваньнем. Недалёка адсюль, мо ў якіх дваццаці кіламетрах у бок Калінкавіч, каля Азарычаў знаходзіўся адзін з найбольш жахлівых цывільных лагераў сьмерці, куды на балота, папярэдне заразіўшы тыфам, зганялі мясцовых жыхароў, у асноўным жанчын і дзяцей, дзе тысячамі яны і паміралі ад хваробаў, голаду і холаду. Гэтая зямля, здаецца, уся прапітана крывёю і слязьмі.

Мы едзем далей, заязджаем у Рэчыцу, каб купіць кветак Анатолю на магілу. Я згадваю, як у 1986 годзе быў у войску і Едрусь напісаў мне ліст, што ў Рэчыцы, а ён тады настаўнічаў у вёсцы Дуброва Рэчыцкага раёна, ён сустрэў Толіка Сыса. Той купляў вянок на пахаваньне свайго вясковага сябра Дзедзіля. Рослага, моцнага Дзедзіля, які часта прыходзіў да Толіка ў Гомелі ў студэнцкі інтэрнат у госьці. Яго забілі дзесь у Расіі, дзе ён быў на заробках. А было яму тады 26 гадоў. Зараз на гарошкаўскіх могілках, як ісьці да помніка Толіку, праходзіш помнік Дзедзілю. Празь дзевятнаццаць гадоў яны сустрэліся цяпер назаўсёды пад белымі бярозамі.

Мы купляем кветкі, аглядаем машыну. Бампер усё-ткі адышоў, асеў крыху, аб дарожны асфальт прадзёрлася пластмасавая падкладка. Мы шукаем, чым падвязаць бампер. Просім якую дзяжку ў кіёску, нам даюць, Едрусь прывязвае бампер панадзейней, як быццам падцягвае супонь на хамуце, і мы рулім у Гарошкаў.

9 траўня 2005 года, у Дзень Перамогі, памёр Анатоль Сыс. Я думаю, ці ёсьць у гэтым нейкі сімвалізм, ці ёсьць нейкае супадзеньне, і не магу адказаць. 22 чэрвеня пачалася вайна і памёр Васіль Быкаў, 9 траўня вайна скончылася і памёр Анатоль Сыс.

Мы найперш заязджаем на могілкі, кладзём кветкі да каменя-помніка зь ягоным абліччам, выразаным на граніце прыяцелем Анатоля скульптарам Гэнікам Лойкам. Могілкі ў Гарошкаве прыгожыя, спрэс засаджаныя высокімі беластвольнымі бярозамі. Атрымліваюцца могілкі ў бярозавым гаі. Мы хвіліну маўчым і едзем далей у вёску.

Тамара ўжо чакае нас у хаце. Яна прыехала ў Гарошкаў зь сяброўкаю-суседкаю. Жанчыны хуценька накрываюць на стол. “Пазьней, — гаворым мы, — напачатку паглядзім паперы”. Ідзём у чыстую хату, Тамара адчыняе тумбачку і дастае стос дакументаў, сшыткаў, рукапісаў. Мы ўважліва ўчытваемся ў радкі вершаў. Без сумненьня, гэта Толікавы вершы, некаторыя зь якіх памятныя нам з універсітэцкіх часоў. Усё ж увосень я не памыліўся, і мы не дарэмна прыехалі сёньня ў Гарошкаў.

Я ўкладаў зборнік выбраных вершаў Анатоля Сыса “Алаіза” да 50-х угодкаў з дня яго нараджэньня, выбіраў туды лепшыя вершы, імкнуўся выбудаваць унутраную структуру зборнічка, каб ён гучаў, як гучыць суладна настроенае фартэпіяна. Мне здаецца, што мне гэта ўдалося. Але што я сабе прыкмеціў, чаго, можа, і не заўважыць чытач, дык гэта тое, што ў Анатоля было даволі мала вершаў, выдрукаваных ім у юнацкія гады. Са свайго першага зборніка Анатоль Сыс вырастае як сфармаваны, сьмелы і дасканалы паэт. “Агмень” — яго першы зборнік — складзены з моцных вершаў і яшчэ больш моцнай паэмы “Алаіза”. Таму ўзьнікае пэўная недавыказанасьць. А што ж было, што пісалася перад “Агменем”?

У “Выбраным” жа хацелася паказаць і ягоныя раньнія вершы, каб больш зразумелым стаў шлях разьвіцьця ягонай творчасьці, этапы ягонага паэтычнага росту, які ўрэшце прывёў яго да геніяльнасьці. А раньніх вершаў Анатоля Сыса было вобмаль.

Тут жа, зараз, у Гарошкаве, мы перабіралі ягоныя вершы, складзеныя ў юнацкія гады. Мы дамовіліся з Тамараю, што забяром не толькі вершы, але і іншыя дакументы, паперы, якія маглі быць важнымі і цікавымі для разуменьня творчага і жыцьцёвага шляху Анатоля.

Мы забралі і курсавую працу, напісаную Анатолем падчас вучобы ва ўніверсітэце, прысьвечаную паэтыцы санета. Некалі, яшчэ ва ўніверсітэце, Анатоль даваў нам чытаць сваю працу. Мы пахвалілі, але нас насьмяшыў адзін сказ-пытаньне ў ёй. “Дык у чым жа соль санету?” — пафасна пытаўся ў курсавой працы Анатоль, спрабуючы затым паказаць гэтую санетную “соль”. Мы доўга затым прыгадвалі яму гэтае выказваньне.

Таксама мы забралі з сабой ягоныя школьныя пахвальныя граматы, школьны нататнік з самымі першымі, хіба яшчэ дзіцячымі вершамі, афішу тэатральнай пастаноўкі ў Гомелі, куды ён хадзіў, ды і іншыя папяровыя памяткі Анатолевага жыцьця. “Адскануем і аддамо”, — запэўнілі мы.

Дзіўна і вусьцішна было перабіраць гэтыя пажоўклыя вільгатнаватыя паперкі. Некалі ён зьбіраў гэтыя цэтлікі, кветкі, газетныя выразкі, афішкі, дакументы, і яны былі важнымі для яго, як пэўныя вехі жыцьця, закладкі для памяці да мінулых і пагаслых эмоцый, за кожнай зь якіх стаялі ўспаміны, пачуцьці. І вось яго ўжо няма. А гэтыя паперкі, цэтлікі, папяровыя граматы засталіся як бескарысныя ключы да назаўсёды згаслай разам зь ім памяці.

Усё было, і гэта ўсё адышло, “з вадой сплыло”, як пісаў некалі Максім Багдановіч, які імкнуўся, спрабаваў ухапіць і занатаваць гэтае шчымлівае пачуцьцё адчуваньня незваротнасьці часу.

Спрадвек пісьменьнікі, паэты, мастакі, музыкі толькі і займаліся гэтым, жадалі ўхапіць жар-птушку часу і быцьця і затрымаць яе, пасяліць у сваіх творах ці хоць адбіць на імгненьне яе абраз. Камусьці гэта ўдалося. І гэтыя спробы будуць заўсёды, пакуль ёсьць людзі на сьвеце. Нават у апошнюю хвіліну існаваньня чалавецтва, назіраючы ў жаху шырока расплюшчанымі вачыма за сваім сконам, людзі будуць імкнуцца асэнсаваць, адлюстраваць гэтую катастрофу ў нейкіх, можа, і невядомым нам зараз відах мастацтва. Маюць рацыю тыя, хто гаворыць: мастацтва вечнае! Яно будзе жыць роўна столькі, колькі будзе існаваць чалавецтва. І мастацтва зьнікне, загіне, памрэ — скульптуры Мікеланджэла, музыка Чайкоўскага, тысячагадовая архітэктура, карціны, якія зараз каштуюць мільёны даляраў, перастануць быць мастацтвам, калі не застанецца таго, хто будзе здольны ўсьвядоміць ягоную сутнасьць.

Анатоль адчуваў ці ведаў гэта. Ён бачыў сваю творчасьць толькі ў кантэксьце існаваньня беларускага народа, беларускай мовы, беларускай культурнай цывілізацыі. Ён — наш сучасны беларускі геній. Не дарэмна ён забараніў перакладаць свае вершы на рускую мову, бо ведаў — гэта бессэнсоўна і марна. Сапраўдная паэзія не перакладаецца.

Спакаваўшы паперы, мы перакусілі, выпілі з Тамараю па чарцы. Едрусь быў за рулём, ён не піў. Мы вярталіся назад, каля Кургана Славы ў Сьветлагорскім раёне мерапрыемства ўжо скончылася. У бок вёскі перайшлі нам дарогу, хістаючыся, абняўшыся, дзьве маладзіцы ў каляровых летніх сукенках. Насьвяткаваліся. Я зусім не асуджаў іх. Гэта ж так слушна — адзначаць перамогу.


Читать другие новости