Чаму Пуцін хітрэйшы за Лукашэнку

Апошнія месяцы далі нечаканую магчымасць быць сведкамі маскоўскай "Плошчы": упершыню за апошнія амаль дваццаць гадоў вулічныя пратэсты сабралі дзясяткі і сотні тысяч пратэстоўцаў у цэнтры Масквы.

Можна параўноўваць характар тых, хто выйшаў на пратэсты ў Маскве цяпер і ў Менску ў 2010 і 2006 гг.

Расійскія дэмакраты чыста ў сілу колькаснай перавагі маюць нашмат большы мазгавы патэнцыял, чым беларуская апазіцыя: сотні і тысячы у блогах і на Фэйсбуку дзяліліся думкамі, фармавалі планы, гулялі на апярэджанне любых аналітыкаў адміністрацыі прэзідэнта. Расійскую апазіцыю адкрыта падтрымліваюць шматлікія рэальныя "зоркі", ад Леаніда Парфёнава да Ксеніі Сабчак, ад Барыса Акуніна да Бажэны Рынскі.

Лукашэнку за хутка ўжо два дзесяцігоддзя атрымалася затаўкаць дэмакратычнага джына ў Беларусі назад у бутэльку: пасіянарныя людзі масава пакідаюць краіну альбо звыкліся да дысідэнцтва. Масква, у сваю чаргу, наадварот застаецца магнітам для пасіянарыяў з 140-мільённай Расіі і навакольных краін.

Непалоханыя маскоўскія і пецярбургскія мяшчане звыкліся да карупцыі, але звыкліся і да нармальнасці такой рэчы, як плюралізм меркаванняў. Раптоўна апынулася, што цэнзура ў Расіі не здольная кіраваць інфармацыйнай прасторай: па сутнасці абмежаваная толькі тэлевізія, але гарадскія сталічныя абываталі куды больш слухаюць незалежныя радыё "Эхо Москвы", "Коммерсантъ-FM" і "Финам FM", чытаюць незалежныя "Новую газету", "Ведомости" і "Коммерсантъ" ды сочуць за навінамі праз інтэрнэт.

Быць у апазіцыі ў Расіі цяпер прэстыжна і не страшна.

Куды больш цікава параўноўваць рэакцыю ўладаў на масавыя пратэсты. У Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае трымацца стратэгіі жорстка падаўляць любыя пратэсты і цалкам ігнараваць існаванне вялікай часткі грамадства, якая патрабуе дэмакратызацыі.

Насуперак гэтаму, расійская ўлада у адказ на пратэсты вокаімгненна не проста высунула прапановы па дэмакратызацыі: прэзідэнт Мядзведзеў накіраваў у Думу рэальныя законапраекты аб спрашчэнні рэгістрацыі партыяў, вяртанні прамых выбараў кіраўнікоў рэгіёнаў і змяншэнні неабходнай колькасці подпісаў, якія мусяць збіраць кандыдаты ў прэзідэнты краіны.

Ці гэта праява слабасці, ці хітрасці, ці і таго і іншага адначасова – але ў любым выпадку рэакцыя Крамля на масавыя грамадскія выступы куды больш адэкватная, чым рэакцыя Лукашэнкі.

Невядома, ці гэтыя манёўры толькі паскораць адыход сённяшняга кіраўніцтва Расіі ад улады ці наадварот адцягнуць увагу і дазволяць рэжыму адаптавацца да змененых вонкавых ўмоваў. Але ў любым выпадку гэта крокі на карысць далейшага станоўчага развіцця краіны і ўбок ад верагоднага рэвалюцыйнага развіцця падзей. Цывільнае грамадства гэтых пераменаў, хоць пакуль што неістотных, здолела дасягнуць. Уладам хапіла розуму, каб гэтыя перамены ініцыяваць.

Каб загнаць сітуацыю ў стан лукашэнкаўскай Беларусі, расійскай уладзе давялося б пайсці шляхам поўнамаштабовага тэрору – але цана і для краіны, і асабіста для людзей ва ўладзе была б занадта высокай. Спрабаваць маніпуляваць пратэстам праз паступовае абмежаванае разняволенне – куды прасцей і эфектыўней.

Гэтым урокам Лукашэнка, на жаль, наўрад ці паспее скарыстацца. Калі ў Беларусі сітуацыя дойдзе да рэальнага палітычнага крызіса, для рэгістрацыі БХД і ўвядзення выбараў старшынь гарадскіх і абласных выканкамаў хутчэй за ўсё будзе ўжо запозна.
17.01.12 22:17
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц