Перамога Азаранкі: радавацца ці не?

Дасягненні ў прафесійным спорце наўрад ці варта лічыць вялікімі перамогамі. Як і не варта забываць, што сам па сабе прафесійны спорт – проста рафініяваная і старажытная разнавіднасць шоў-бізнэса пад шляхотным соўсам: мэта ўсяго гэтага мерапрыемства толькі ў тым, каб вы паглядзелі рэкламу, пабачылі брэнды на трыко і пайшлі купілі ліцэнзіяваны сувенір з эмблемай улюблёнага клуба.

Але ва ўмовах адсутнасці выбітных і сусветна вядомых літаратараў, мастакоў, філосафаў ці бізнесменаў краіне даводзіцца, канечне, ганарыцца нават людзьмі, каму Бог даў хаця б талент пінаць скураны мяч ці махаць ракеткай перад тэлекамерамі. Беларусь не мае ніводнага стоадсоткава і выключна "свайго" нобелеўскага лаўрэята, але мае цяпер першую ракетку света па тэнісе – Вікторыю Азаранку.

Прыемна? Прыемна.

Але вельмі ўсцешыла, што ў фрэнд-стужцы знайшліся людзі, якія ўспомнілі, як Вікторыя Фёдараўна вясёла гуляла ў тэніс з адным дыктатарам, які па некаторых дадзеных нясе адказнасць за ўзурпацыю ўлады, палітычныя рэпрэсіі, катаванні ў турмах і нерасследваныя знікненні (магчыма, забойствы) сваіх палітычных апанентаў.

Будучая першая ракетка свету вялікаму дыктатару тады па-мойму нават прайграла – не дапамагла нават каляжанка, таксама з топу рэйтынга ATP.

Жыццё прымусіла? Ці тэнісістка, што даўно пражывае ў Манака і трэніруецца ў ЗША, мае нагоду баяцца рэпрэсій з боку рэжыма?

Узгадайма на гэтым фоне Віталія Клічко, які ў часе Аранжавай рэвалюцыі – у самы яе разгар, калі перамога Юшчанка яшчэ не была перадвызначаная – дэманстратыўна выйшаў на вырашальны бой з памаранчавай стужкай на шортах.

Альбо ўзгадайма Сяргея Міхалка, калісьці простага эстрадніка-хулігана, якому камфортнае жыццё і статус поп-зоркі маштаба ўсяго былога СССР не перашкодзіла публічна заняць дастойную грамадзянскую і чалавечую пазіцыю да таго, што адбываецца ў Беларусі.

Можна асуджаць Азаранку за тую гульню з Лукашэнкам ці маўчанне што да беларускай дыктатуры, можна не асуджаць. Важней тое, што чакаць адпаведных словаў і адпаведнай грамадзянскай пазіцыі ад яе надыйшоў менавіта цяпер, калі вядомасць і аўтарытэт маладой тэнісісткі ў свеце зрабіліся яўна вышэйшымі, чым у Лукашэнкі. Менавіта сёння, у зеніце славы, яна атрымала шанец сказаць сваё слова – каб увайсці ў гісторыю як нехта нашмат большы, чым проста таленавіты атлет. Пажывем – пабачым.


28.01.12 22:57
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц