Прыватная ўласнасць - гэта святое

Мы павінны адраджаць і вырошчваць у саміх сабе тыя застаўшыяся ад продкаў рэшткі здаровай кулацкай дробнабуржуазнай ментальнасці і культуры, якая была і застаецца асновай дабрабыту людзей у Заходняй Еўропе.
Над цэнтрам беларускай сталіцы працягваюцца горадабудаўнічыя эксперыменты, у рамках якіх людзей выкідваюць з іх кватэраў у апошніх ацалелых жылых дамах 18-19 стагоддзяў.

Гэта, канечне, дзівацтва, калі кватэра ў доме прыватызаваная, а зямля пад домам працягвая з'яўляцца "агульнанацыянальнай", то бок чыноўніцкай, уласнасцю - але менавіта гэта дазваляе чыноўнікам направа-налева распраўляцца з жыхарамі старога гораду - што ў Менску, што ў Маскве. Гарадскія ўлады зносяць старое (ці нібыта старое) жытло ў дарагім цэнтры, яго жыхароў высяляюць за кальцавую лінію, а на месцы іх дамоў даюць лаяльным прадпрымальнікам будаваць камерцыйную ці элітную жылую нерухомасць. "Нічога асабістага, проста бізнэс".

Прыватная ўласнасць - гэта аснова і грунт нармальнага грамадства, галоўная каштоўнасць, на якую абапіраецца нармальная здаровая чалавечая супольнасць.

Нашыя людзі паціху звыкаюцца пагаджацца з тым, што прыватную ўласнасць трэба паважаць - але савок усё роўна вылазіць з нутра постсавецкага чалавека, як толькі ўстае пытанне пра пракладку якой-небудзь "сацыяльна неабходнай" дарогі праз чыюсці прыватную зямлю, альбо пра вяртанне ўласнасці, якую ў людзей адабралі бальшавікі.

Возьмем планы па стварэнні музейнага кварталу ў Менску альбо па ператварэнні вуліцы Маркса (былая Падгорная) у пешаходную. За добрымі з віду намерамі і наіўным правінцыйным жаданнем зрабіць "как в Еўропе" зноў вылазіць лагерна-калгасная сутнасць: мясцовых жыхароў ніхто не пытаецца, наадварот, пастаўлена задача іх "мякка, але рашуча" (!) адсяліць. То бок, на забаву турыстаў і іншых гасцей сталіцы людзі будуць адселеныя, кватэры іх будуць выкупленыя яўна не па рынкавай цане, але затое плошчы потым (у выпадку з Падгорнай-Маркса) будуць аддадзеныя "каму трэба" пад камерцыйныя ўстановы.

Я вазьму і пайду яшчэ далей: ці шмат хто з нас нават задумваўся пра вяртанне законным уладальнікам-Радзівілам Мірскага ці Нясвіскага замкаў? Альбо пра хаця б частковае вяртанне РУП "Мінск Крышталь" ва ўласнасць нашчадкаў братоў Ракаўшчыкоў, якія ў 1893 г. заснавалі гэты знакаміты беларускі гарэлачны завод?

Пры словах "Нясвіж" і "Радзівілы" на думку прыходзіць вобраз сярэднявечных магнатаў у латах і на канях. Але куды меней прыходзіць думка пра тое, што Радзівілы жылі ў Нясвіжы да самага 1939 года, што яны дагэтуль наведваюць свой былы замак.

Я лічу, што паводле сумлення, беларуская дзяржава мусіла б прынамсі зрабіць іх акцыянерамі, суўласнікамі ў Нясвіскім і Мірскім замках.

А як іначай? Тут сэнс не эканамічны, але каштоўнасны, выхаваўчы. Калі б мы паважалі правы людзей, у каго адабралі ўласнасць 70 гадоў таму - мы б пагатоў мусілі паважаць тых, каму ўласнасць належыць зараз.

Прыватная ўласнасць - гэта святое і недатыкальнае. Мы павінны адраджаць і вырошчваць у саміх сабе тыя застаўшыяся ад продкаў рэшткі здаровай кулацкай дробнабуржуазнай ментальнасці і працоўнай культуры, якая была і застаецца асновай дабрабыту людзей у Заходняй Еўропе. Пакуль мы не навучымся паважаць прыватную ўласнасць, нават чужую, нам няма чаго здзіўляцца, што жывем горш за немцаў і французаў..
16.04.12 23:12
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц