Думкі пра калабарантаў

У Другой Сусветнай вайне цэлы шэраг беларускіх нацыяналістаў-незалежнікаў пайшлі амаль у прамым сэнсе на ўгоду з д’яблам і спрабавалі выкарыстаць нямецкіх нацыстаў у інтарэсах незалежнасці Беларусі
 

У нейкім збалансаваным уласнабеларускім падыходзе да гісторыі Другой Сусветнай вайны, які нам яшчэ належыць доўга выпрацоўваць, адназначным можа быць толькі адна рэч: да многіх яе ўдзельнікаў-беларусаў нельга падыходзіць адназначна, як гэта нам спрабуе навязаць дзяржаўная прапаганда.

І самай неадназначнай рэччу ў Другой Сусветнай вайне застаецца стаўленне да тых, каго прынята называць пронямецкімі калабарантамі, у шэрагах якіх апынулася значная частка беларускай нацыянальнай эліты, што засталася пад акупацыяй.

Для лукашэнкаўскай і савецкай прапаганды было і ёсць вельмі выгодна і проста ставіць знак роўнасці паміж тымі, хто жыў пад акупацыяй, і калабарантамі. Паміж калабарантамі і нацыстамі. Паміж садыстамі-паліцаямі і тымі, хто проста спрабаваў суіснаваць з фашыстоўскімі акупантамі, як перад гэтым суіснаваў з бальшавікамі - альбо проста не лічыў вартым ваюючы супраць Гітлера ваяваць за Сталіна. Ставіць знак роўнасці паміж БЦР і БНР, а там - бяры вышэй! - паміж нацыстамі і блокам НАТО.

Усё гэта робіцца дзеля таго, каб пазбягаць параўнання самога савецкага сацыялістычнага таталітарызму з яго малодшым братам - таталітарызмам гітлераўскім. Каб пазбягаць знака роўнасці паміж ахвярамі нацызма (сярод якіх саветы і лукашысты так па-”антыфашысцку” не любяць акцэнтаваць увагу на габрэях) і ахвярамі камунізма.

Робіцца гэта і каб, зрэшты, не дазволіць нам задумацца аб тым, што Беларусь не была паўнавартасным ваюючым бокам у Другой сусветнай вайне. З чаго вынікала б, што, мабыць, паняцце “калабарацыі” тычыцца як супрацоўніцтва з нацыстамі, так і супрацоўніцтва з саветамі.

Ва ўмовах панічнага адступлення Чырвонай арміі ў чэрвені 1941 года нацысты захапілі Беларусь амаль без баёў. Пазаўчорашнія заходнебеларускія сепаратысты (хто ацалеў пасля рэпрэсій 39-41 гг.), якія яшчэ два гады раней віталі ўз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, цяпер ужо з надзеяй сустракалі немцаў. Зноў пройдзе пара гадоў, і ілюзіі многіх з іх знікнуць гэтаксама, як перад гэтым зніклі магчымыя ілюзіі датычна Беларусі, уз'яднанай у складзе СССР.

У 1995 годзе Лукашэнка ўсталяваў святкаванне дня незалежнасці Беларусі на дзень, які лічыцца (хаця не з’яўляецца) днём вызвалення Беларусі Чырвонай арміяй ад гітлераўскіх акупантаў. Сумная іронія нават не ў тым, што Беларусь мае ажно тры іншых дні, якія можна лічыць сапраўднымі Днямі незалежнасці замест гэтага (25 сакавіка, 27 ліпеня і 25 жніўня).

Рэч у тым, што ў Другой сусветнай вайне пераважная большасць людзей, якія выступалі за дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, не ваявалі ў Чырвонай арміі.

Нельга забывацца, што па савецкіх мерках і расстраляны нацыстамі Вінцэнт Гадлеўскі, і школьны інспектар Барыс Кіт былі "калабарантамі" толькі за тое, што не падпарадкоўваліся загадам НКВДшнага савецкага партызанскага камандвання.

Але трэба і прызнаваць, што цэлы шэраг беларускіх нацыяналістаў-незалежнікаў пайшлі амаль у прамым сэнсе на ўгоду з д’яблам і спрабавалі выкарыстаць нямецкіх нацыстаў у інтарэсах незалежнасці Беларусі. Сапраўдных нацыстаў сярод гэтых эсэраў і сацдэмаў было вельмі мала - было шмат понцкіх пілатаў, якія маючы на думцы нейкія нават добрыя рэчы рабіліся несупраціўнікамі гвалту і злу. Сюжэт, дастойны пяра Васіля Быкава. У сваю чаргу і нацысты спрабавалі выкарыстаць (а хутчэй - проста былі вымушаныя мірыцца з актыўнасцю і ўплывам) беларускіх нацыяналістаў.

Каму каго атрымалася ў выніку выкарыстаць? Нацыстаў больш няма, а беларускія незалежнікі праз 45 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай усё ж дамагліся стварэння суверэннай беларускай дзяржавы, з чым нічога не могуць зрабіць нават такія выразныя апаненты ідэі беларускай незалежнасці, як Аляксандр Лукашэнка.

Вайна прынамсі дазволіла некалькім тысячам прадстаўнікоў беларускай грамадскай эліты вырвацца з СССР і ў эміграцыі стварыць бачанне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, забяспечыць гэтае бачанне ідэйным грунтам, сотнямі кніг і артыкулаў, многія з якіх дагэтуль чакаюць свайго даследчыка. Гэтыя людзі забяспечылі "свежай кроўю" Раду БНР у якасці беларускай лабісцкай сілы на Захадзе, у выніку чаго кіраўніцтва Заходняга блоку было падрыхтавана да прызнання незалежнасці Беларусі ў 1991 г.

Але што нам цяпер думаць пра іх? І што нам заўтра думаць, напрыклад, пра тых нашых сучаснікаў з апазіцыйнай супольнасці, якія (адкрыта ці не) займаюцца калабарацыяй з Лукашэнкам - бо, скажам, стаміліся ад барацьбы і жадаюць дапамагчы сваёй краіне нават пры гэтым дапамагаючы яе тырану? Пытанні, на якія не можа быць адназначнага адказу..
14.05.12 21:19
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц