"Справядлівы свет" супраць Рады БНР: у чым памылка пост-камуністаў

Я не хачу сказаць, што добры камуніст - гэта абавязкова камуніст, які не займаецца палітыкай і не прэтэндуе на ўладу. Але гэта і не проста камуніст, які адмовіцца ад слова "камуністычная" ў назве партыі (што таксама вялікі крок наперад). Гісторыя камунізма ў Беларусі падобная да гісторыі нацыянал-сацыялізма ў Беларусі: гэта гісторыя акупацыі і масавага тэрору, соцень тысяч расстраляных, высланых, мільёны абрабаваных, падманутых, ментальна і фізічна скалечаных, гісторыя Чарнобыля і голаду 1932 года, знішчэння і вывазу ў Расію велізарнай культурнай і мастацкай спадчыны мінулых стагоддзяў. Камуністычная альбо пост-камуністычная партыя ў Беларусі мае права існаваць толькі пры той умове, што Сяргей Калякін ідзе ў першых шэрагах шэсця ў Курапаты на Дзяды, а члены "Справядлівага свету" ўтвараюць касцяк арганізацыйнага камітэту Дзядоў і ўдзельнікаў курапацкай талакі. Людзі, якія заяўляюць пра тое, што камуністычная ідэалогія мае права на "другі шанец" у Беларусі, павінны палову свайго часу прысвячаць тлумачэнню таго, што камунізм у версіі СССР быў нейкі няправільны і не такі, якім павінен быць камунізм сапраўдны. І, у прыватнасці, што марыянеткавую БССР немагчыма лічыць беларускай дзяржаваю. І дакладна гэтыя людзі не павінны паўтараць у сваім адказе на Віленскі мемарандум бездапаможныя лукашэнкаўскія прыдумкі пра тое, што нібыта Рада БНР склала з сябе паўнамоцтвы ў 1925 годзе. Для інфармацыі, тады склаў паўнамоцтвы толькі сфармаваны з яе членаў урад (сама Рада - гэта па фармальнасці не "ўрад" у выгнанні, а "прота-парламент" у выгнанні). Пасля гэтага выпадку Рада без праблемаў сфармавала новы такі ж (дакладней, функцыі ўрада на сябе ўзяў Прэзідыюм Рады). На што тады пакрыўдзіліся камуністы, у сэнсе "справядлівыя"? Антырасійскага ў Мемарандуме таксама нічога няма, сказана толькі, што Расія не мае права лічыць Беларусь зонай сваіх асаблівых інтарэсаў і сцвярджаць нейкія правы і прывілеі на аснове гэтае дактрыны. Партыя "Справядлівы свет" лічыць, што Беларусь павінна быць часткай нейкае зоны асаблівых інтарэсаў (паўкалоніяй? пратэктаратам?) Расіі? Пра стварэнне цэнтраў сілы за межамі таксама не йдзецца: Рада БНР як цэнтар уплыву існуе з 1919 года і калі б не гэты інстытут, БССР у 1991 годзе ператварылася б у некалькі абласцей Расійскай Федэрацыі. Дыпламатыяй і лабізмам беларуская апазіцыя не павінна, а абавязаная займацца (у тым ліку і на добра асвоеным лукашэнкаўскімі лабістамі расійскім кірунку), а на актыўную палітычную ролю Рада падкрэслена не прэтэндуе, яе справа - даваць сваю эгіду тым ці іншым станоўчым рэчам і ў выніку перадаць свой мандат дэмакратычнаму парламенту. Магчыма, пост-камуністы маюць на ўвазе, што не Беларуская Народная Рэспубліка, а БССР Мяснікяна, Цанавы і Кнорыньша была беларускай дзяржаваю? Андрэй Саннікаў мог сабе дазволіць не падпісваць Мемарандум і пры гэтым не выглядаць шпегам КДБ, агентам расійскага ўплыву ці проста саўком. Хаця і ён зрабіў вялікую памылку (якую яму, як і "Справядліваму свету" не позна выправіць), не далучыўшыся да Мемарандума. С.С. сабе гэтага дазволіць, на мой погляд, не можа..
25.11.12 23:38
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц