Праглядзеў "Жыве Беларусь", не расчараваўся

Не стрымаўся і такі праглядзеў нашумелы фільм "Жыве Беларусь".

Гледзячы на хвалю зьдзеку і прыколаў, якія з нагоды фільма разышліся па Фэйсбуку (прычым перадусім сярод, здавалася б, палітактывістаў і незалежных журналістаў), падрыхтаваўся пабачыць трэш і зь няёмкім пачуцьцём выключыць на сярэдзіне.

Дарэмна хваляваўся, добры фільм.

А хто кпіць, той толькі ў чарговы раз дэманструе гэтыя тыповыя беларускія комплексы шматразумнага "ляжачага камня", пад які "не цячэ вада". Апазыцыя нам, маўляў, дрэнная. "Наша Ніва" нам, маўляў, занадта жоўтая і "ўжо ня тая", а на Белсаце, бач ты, вядоўца аднойчы сказала "ўсё будзе чікі-пукі". За бел-чырвона-белы сьцяг, маўляў, змагары змагаюцца ў Швэцыі - а ў Беларусі ім, панімаеш, слабо. І тут таксама бачым заламваньне рук, "ах, Квэнтын Тарантына зьняў бы лепей!"

Зьневажаць гэтую стужку і граць на гэтым пэрфэкцыянісцкім комплексе выгодна толькі адной сіле - апошняму ў Эўропе сапраўднаму, такому самаму, як і паказана ў фільме, дыктатарскаму рэжыму.



Так, "Жыве Беларусь" гэта не Галівуд, гэта ўсяго толькі ўсходнеэўрапейская польская кінэматаграфія. Але і расейцы б лепей не зьнялі, Беларусьфільм - і пагатоў.

Так, у фільме ёсьць спрашчэньні, ёсьць перабольшаньні і зьяднана шмат сытуацый, якія ў такой канцэнтрацыі ў жыцьці не сустракаюцца. Гэтаксама было ў вядомым выдатным расейскім тэлесэрыяле "Школа", дзе распавядаецца пра рэаліі жыцьця маскоўскіх шкаляроў канца 90-х. Але "Школе" гэтая звышканцэнтрацыя сюжэтаў і гэтая гіпэрбалізаванасьць не перашкодзіла перадаць дух і сутнасьць таго часу, тых людзей і таго месца. Фільму "Жыве Беларусь!" гэта таксама не перашкаджае. А для адукаваньня замежнага гледача гэты фільм - менавіта тое, што трэба.

Па мне дык адзіным сапраўдым гратэскам у "Жыве Беларусь!" гледзяцца чарнобыльскія краявіды ў мястэчку, куды накіраваны служыць у войску галоўны герой - занядбаныя руіны і асабліва гэтая закінутая дзіцячая карусэль, узятая з чарнобыльскіх фотарэпартажаў. У астатнім - нармальна. Добры фільм. Сапраўды добрая музыка Вольскага (а-ля раньняе NRM), добрыя акторы (у тым ліку апазнаў некалькі ўдзельнікаў "Вольнага Тэатра").

Стваральнікам фільма трэба пакланіцца ў ногі і падзякаваць: замежнікі, нават палякі, так рэдка надаюць хоць нейкую ўвагу беларускай бядзе. Першы раз у жыцьці пра беларускую апазыцыю і пра яе бяз жартаў цяжкую барацьбу хтосьці зьняў неблагі фільм, які ўвойдзе ў гісторыю як элемэнт кіналетапісу нашае эпохі. Скардзіцца павінна быць сорамна.

Загрузка плеера
.
12.05.13 22:40
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц