Да гадавіны 22 чэрвеня 1941 года

Другая Сусветная Вайна пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года.


Да даты 22 чэрвеня, якую лукашысты і іншыя нашчадкі СССР у чарговы раз спрабуюць выкарыстаць для сваіх прапагандысцкіх патрэбаў, прапаную вашай увазе цікавы ўкраінскі дакументальны фільм пра пачатак савецка-нямецкай вайны, які так і называецца - "1941, заборонена правда".





22 чэрвеня 1941 года і 9 траўня 1945 года не апраўдваюць ані папярэднюю палітыку СССР, ані наступную 45-гадовую савецкую акупацыю Ўсходняй Еўропы. Створаная ў брэжнеўскія часы міфалогія “Вялікай перамогі” не павінна перашкаджаць нам спакойна і ўзважана аналізаваць гэтую вайну і разумець, напрыклад, што:


  • СССР увайшоў у Другую Сусветную ў якасці хаўрусніка Гітлера, падзяліўшы з ім Усходнюю Еўропу і захапіўшы ў 1939 годзе Заходнія Беларусь і Ўкраіну, краіны Балтыі і Бесарабію - і абламаўшы толькі зубы аб бясстрашных фінаў на чале з царскім афіцэрам Манэргаймам. Брэсцкую крэпасць абаранялі не толькі НКВДшныя канваіры ў 1941 годзе, але і польскі гарнізон у 1939 годзе.
  • Другая Сусветная - гэта адзіная ў гісторыі Расіі вайна, дзе на баку вонкавага ворага ваявала больш за мільён (!) расійскіх (савецкіх) грамадзянаў. Нянавісць людзей да савецкай улады была нагэтулькі моцнай, што Другая Сусветная мела ўсе шансы ператварыцца ў працяг Грамадзянскай вайны 1917-1920 гг. З-за таго, што на чале краіны стаялі камуністы, у 1941 годзе немцам на ўсходнім фронце перамога была амаль гарантаваная. Перашкодзіла толькі антычалавечная нацыянал-сацыялістычная расавая палітыка, якая пазбавіла немцаў падтрымкі мясцовага насельніцтва: генацыд габрэйскага насельніцтва і пагарда да мясцовых антысавецкіх рухаў. Пра гэта казалі апалітычныя ваенныя прафесіяналы ў Вэрмахце, але да гэтага было глухім фанатычнае нацысцкае палітычнае кіраўніцтва.
  • NSDAP адрознівалася ад ВКП(б)-КПСС хіба што толькі ўніформай і характарам тараканаў у галаве. І гэта адна з тых рэчай, якія сённяшняя ўлада вельмі не хоча, каб мы зразумелі. Прачытайце гітлераў "Mein Kampf" і паглядзіце "Трыюмф волі" Лені Ріфеншталь. Гэта дапаможа добра зразумець, што фашысты былі не нейкімі дэманічнымі містычнымі іншапланетнікамі, а былі перадусім нуднай і патэтычнай таталітарнай арганізацыяй з дурацкімі местачковымі поглядамі на грамадства, эканоміку і гісторыю.

    Гэткая злобная канспіралагічная гітлераўская местачковасць і сёння мае сваіх прыхільнікаў, якія ўслед за Гітлерам крычаць пра праклятую сусветную амерыкана-габрэйскую фінансавую закулісу, якая, маўляў квапіцца на нашу незалежнасць. І менавіта ў гэтай злобнай местачковасці і палягаюць карані, з аднаго боку, нагэтулькі банальнага і нагэтулькі лютага зла, як гітлераўскі нацыянал-сацыялізм, а з другога боку - ягоных больш бяскрыўдных сучасных варыяцый: еўразійства, лукашызма, ісламізма і гэтак далей. Гэта таксама трэба ведаць і памятаць.
.
21.06.13 22:44
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц