Ліст у "МТС Беларусь" пра беларускую мову: дробязь, але неабходна

Летувіская мова мае якіхсь тры мільёны носьбітаў, латыская - 1,3 мільёны, эстонская - адзін мільён. Надпісы на ўсіх трох мовах прысутнічаюць ці не на кожным "міжнародным" тавары, які вы знойдзеце ў маскоўскай (!) краме.

Беларуская мова фармальна мае дзесяць мільёнаў носьбітаў, то бок у дзесяць разоў больш, чым эстонская. Але яе няма нават сярод моваў, якімі можна пісаць паведамленьні на айфоне. Ды ладна гэта - ёй нават у Беларусі немагчыма паўнавартасна карыстацца пры атрымліванні паслугаў. Хаця ж быццам бы таксама дзяржаўная мова.

Раз падтрымкай і прасоўваньнем беларускай мовы не займаецца "беларуская" дзяржава - гэтым павінна займацца грамадзтва, то бок мы з вамі. Гэта вельмі проста: дастаткова проста не ленавацца абазначаць свой попыт на беларускамоўныя паслугі. Пішыце лісты, карыстайцеся кнігамі заўвагаў і прапановаў. Гэта дробязі, але неабходныя дробязі. Мы плацім за паслугі свае ўласныя грошы і маем права ветліва і па-чалавечы прасіць аб тым, каб гэтыя паслугі аказваліся і на найбольш зручнай для нас беларускай мове.

Попыт на беларускамоўныя паслугі ёсьць - вось хай будзе і прапанова (і мы бачым, як яна паступова зьяўляецца).

На мінулым тыдні ў Беларусі я карыстаўся, напрыклад, паслугамі "МТС Беларусь". І спадзяюся карыстацца імі і ў будучыні. Мабільны інтэрнэт у Беларусі, між іншым, працуе нашмат лепей, чым у Маскве. Але калі я ў Беларусі, хочацца і паслугамі карыстацца на беларускай мове. Таму напісаў такі вось ліст да кампаніі - спадзяюся, што ён будзе пачуты.

Пра адказ я вам тут таксама паведамлю.


***

Паважанае панства,


Мяне зваць Аляксандр Віктаравіч Чайчыц, я з'яўляюся кліентам вашай кампаніі (дамова 8937...621, нумар +375...412). На мінулым тыдні я падключыўся да вашых паслуг і хацеў бы выказаць сваю заўвагу.


Для мяне стварыла пэўную нязручнасць адсутнасць магчымасці атрымліваць паслугі МТС на беларускай мове:


- У салоне сувязі "Связной" у г. Бяроза Брэсцкай вобласці, дзе я падключыўся да паслугаў МТС, не апынулася ніводнага матэрыяла МТС на беларускай мове, у выніку чаго я быў вымушаны вывучаць матэрыялы і падпісваць дамову па-руску


- Сістэмныя паведамленні, а таксама меню службы падтрымкі маюцца толькі на рускай мове (магчыма, з-за таго, што меню цалкам на рускай мове, я не змог разабрацца, як іх можна пераключыць на беларускую)


- Служба падтрымкі працуе якасна, але выключна на рускай мове


- Форма зваротнай сувязі на сайце mts.by таксама не мае беларускамоўнага інтэрфейсу, што стварае дадатковыя нязручнасці ў яго выкарыстанні.


Я разумею, што пераважная большасць кліентаў МТС у Беларусі аддаюць перавагу рускай мове. Таксама дзякую вам за наяўнасць беларускамоўнай версіі сайта mts.by і за тое, што супрацоўніцы службы падтрымкі рабілі спробы адказваць па-беларуску.


Тым не меней, я быў бы вельмі ўдзячны, калі б ваша кампанія змагла забяспечыць магчымасць карыстацца паслугамі таксама і на беларускай мове, якая нароўне з рускай мае афіцыйны статус дзяржаўнай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Думаю, адпаведныя рашэнні можна было б запазычыць у аператаў сувязі Бельгіі, Швейцарыі, Іспаніі і іншых шматмоўных краін, да якіх належыць і Беларусь.


Спадзяюся на хуткі адказ.



з павагаю,


А. Чайчыц


.
01.08.13 0:12
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц