Аборты: свабода, адказнасьць і чужое жыцьцё

Праблема аборта – гэта не праблема правоў жанчыны, гэта праблема правоў дзіцяці. Свабода немагчымая без адказнасьці - сэксуальная свабода немагчымая без адказнасьці за жыцьцё чалавека, якое можа зьявіцца вынікам выкарыстаньня гэтай свабоды. Таму аборты наўрад ці могуць быць апраўданыя "сацыяльна-эканамічнымі" матывамі.


У большай частцы краінаў сьвету заўчаснае перапыненьне цяжарнасьці жанчынаю зьяўляецца легальным. Звычайна аборты дазволеныя толькі на першым этапе цяжарнасьці альбо ў выпадку, калі цяжарнасьць пагражае жыцьцю жанчыны. Толькі ў пяці краінах сьвету аборты суцэльна забароненыя, гэтыя краіны - Дамініканская Рэспубліка, Сальвадор, Нікарагуа, Мальта і, зразумела, Ватыкан. Характэрна, што аднаўленьне дзяржаўнага фінансаваньня клінікаў, што прадстаўляюць паслугі па зьдзяйсьненьню абортаў, было ці ня першым указам прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Усё большае зьмякчэньне абмежаваньняў абортаў паступова ідзе і па Эўропе, апошняй сярод эўрапейскіх краінаў рэфэрэндум наконт абортаў правяла Партугалія. Беларусь здаўна зьяўляецца адной з найбольш спрыяльных для жадаючых зрабіць аборт краінаў.

Прыхільнікі дазволу абортаў (пазыцыя, што звычайна абазначаецца як "pro-choice", "за выбар") базуюць сваю аргумэнтацыю ў першую чаргу на тым, што яны называюць “правамі жанчыны”. Кансэрватарам, як заўжды, складана пераадолець цягу апэляваць у першую чаргу да догмаў, а не да розуму - і таму праігрываюць. Хаця аб’ектыўна менавіта кансэрватары абараняюць тое, што якраз трэба абараняць - пазыцыю "pro-life", "за жыцьцё".

У Партугаліі ў 2007 годзе прайшоў рэфэрэндум, пытаньне на якім было сфармуляванае так: “Ці пагаджаецеся Вы з дэкрыміналізацыяй добраахвотнага спыненьня цяжарнасьці, калі яно адбываецца на працягу першых 10 тыдняў і ва ўпаўнаважанай на гэта мэдычнай установе?”

Ад самога пачатку бянтэжыць фармулёўка “добраахвотнае спыненьне цяжарнасьці”. Зразумела, эўтаназія – добраахвотны сыход з жыцьця безнадзейна хворага чалавека паводле яго ўласнага жаданьня. Аборт, вядома, зьяўляецца добраахвотнай справай для няўдалай маці і тым болей простым рашэньнем для няўдалага бацькі - але меркаваньне забіванага дзіцяці ў выпадку аборта нікога не цікавіць, бо яго даведацца проста немагчыма. Таму ўжо ў самой фразе "добраахвотнае спыненьне цяжарнасьці" права людзей на сэксуальную безадказнасьць ставіцца вышэй за права безыменнага чалавека нарадзіцца і жыць.

Праблема абортаў – гэта не праблема правоў жанчыны, гэта праблема правоў дзіцяці.

Чым, па вялікім рахунку, адрозьніваецца эмбрыён ад ужо народжанага несьвядомага немаўляці? Абодва - фізычна і інтэлектуальна не разьвітыя, не пасталелыя чалавечыя істоты. Абодва не зьяўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі чалавечага грамадзтва, абодвух можна забіць бяз болю. Можа, справа ў тым, што забіваць немаўля – гэта жорсткае і непрыемнае відовішча, а вось аборт на раньняй стадыі – відовішча куды меней неапэтытнае? Можа, камусьці шкада забіць немаўля ці тапіць у вадзе непатрэбных шчанятаў, але не шкада забіць ананімны эмбрыён?

У які момант можна лічыць чалавека дастойным таго, каб нарадзіцца? Справядлівым падаецца такі адказ: нават не празь нейкія ўмоўныя “дзесяць тыдняў”, а пашыраная юрыдычная фармулёўка: “у момант, калі бацькі даведаліся аб цяжарнасьці, альбо павінны былі даведацца аб ёй”. У момант, калі высьвятляецца, што кабета цяжарная, пачынаюцца правы дзіцяці. Мужчына і жанчына, што зачалі дзіця, маюць абавязальніцтвы перад гэтым дзіцём. Яны мелі свой шанец, калі займаліся сэксам без прэзэрватыву. Заляцелі? Нічога страшнага - проста гэта значыць, што гульні скончыліся.

І тут ня варта дзяліць адказнасьць жанчыны ці мужчыны, бо хто зьяўляецца бацькам дзіцяці амаль ва ўсіх выпадках дакладна вядома. Мужчынаў, што адмаўляюцца браць адказнасьць за дзіця, усё напісанае тычыцца ў такой жа ступені, што і жанчынаў: мужчына, што кінуў жанчыну зь дзіцём, стаіць на адной прыступцы з жанчынай, што зрабіла аборт.

Сапраўды, аборт можа быць абгрунтаваны толькі з мэдычных паказаньняў, калі цяжарнасьць нясе небясьпеку жыцьцю жанчыны ці пры дэфармаванасьці эмбрыёна. Дыскусійным пытаньнем зьяўляецца, ці варта дазваляць аборт цяжарнасьці, выкліканай згвалтаваньнем. Але трэба не забывацца, што ўсё гэта выключныя выпадкі: абсалютная большасьць абортаў, што зьдзяйсьняюцца ў сучаснай Эўропе, не выкліканыя наступствамі згвалтаваньня ці пагрозай здароўю ці жыцьцю жанчыны.

Яны выкліканыя матывамі сацыяльна-эканамічнымі, а дакладней - проста безадказным стаўленьнем людзей да сэксуальных адносінаў і да адно аднаго: кладучыся ў ложак, людзі ня думаюць пра імаверныя наступствы.

Свабода чалавека немагчымая без адказнасьці. Чалавек павінен мець свабоду спажываць алькаголь, тытунь ці нават наркотыкі - але ён мусіць ўсьведамляць, што расплочваецца за гэта сваім здароўем і, магчыма, павагай з боку іншых людзей. Чалавек можа займацца сэксам, але павінен усьведамляць, што бярэ на сябе імаверную адказнасьць за жыцьцё дзіцяці, якое можа зьявіцца вынікам выкарыстаньня чалавекам гэтай сваёй свабоды.

Аборт - гэта брутальны інструмэнт сэксуальнай безадказнасьці, дзе безадказнасьць - жаночая і асабліва мужчынская - перастала быць больш-менш бяскрыўднаю для іншых людзей і набыла форму, якая можа без сумневу быць ахарактарызаваная як злачынная. Можна талераваць кантрацэпцыю як інструмэнт пазьбяганьня цяжарнасьцяў, але жыцьцё іншага чалавека не павінна рабіцца платай за ўласную распусту. Кожны і кожная павінны несьці адказнасьць за свой лад жыцьця, і безадказнасьць, што прыносіць шкоду іншаму чалавеку, павінна быць пакараная.

Людзі могуць свабодна абіраць: нараджаць ці не нараджаць. Калі яны хочуць пазьбегнуць "непажаданых цяжарнасьцяў", яны павінны карыстацца кантрацэптывамі, набыць якія ў наш час, здаецца, не складае праблемы для любой катэгорыі насельніцтва. Іншы варыянт - проста ўстрымацца ад сэксуальнага жыцьця. А лепш за ўсё проста займацца сэксам толькі з тым мужчынам альбо той жанчынаю, з кім былі б гатовыя мець дзіця і стварыць сям'ю.


.
22.09.17 17:18



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Алесь Чайчыц