Этапны час

Самае складае ў турмах і зонах - гэта пастаянныя пераводы і этапы. Толькі ты абжыўся ў адной камеры - цябе пераводзяць у іншую, толькі ты наладзіў быт і стасункі ў адной турме/зоне -цябе этапуюць у наступную. Табе не даюць выпрацаваць рэжым, сабрацца з думкамі, знайсьці хаця б турэмны, але супакой - пастаянны рух, шмоны з голымі прысядалкамі, бяссоныя ночы. Гэта такая сучасная форма катаваньня, супраць якой быццам бы і скаргу не напішаш.


Не магу сказаць, што на мне так часта ўжо прымянялі такую форму гвалту (больш адпрацоўвалі формы іншыя), але пры пераводах/этапах да мяне збольшага даходзіла пошта. Бывала так, што пішуць мне ў адну турму/зону, а атрымоўваю я ліст з кучай пераадрасовак ужо ў трэцяй. Так і ідзе пошта: Горкі - Віцебск - Глыбокае, Глыбокае - Віцебск - Мазыр. Атрымаеш на перасыльнай турме стос лістоў - і ўжо неяк лягчэй на душы.

Тое ж, што сёньня робіцца з патрыётамі, затырманымі па фэйкавай справе КДБ, не паддаецца ніякаму асэнсаваньню. Людзей ці не штотыдня кідаюць з этапа на этап, з турмы ў турму, і нават не аддаюць лістоў. Мо таму і кідаюць, каб пакінуць у поўнай ізаляцыі ад зьнешняга сьвету? Бо якая праблема перанакіраваць ліст затрыманаму з СІЗА КДБ у СІЗА МУС? Праблемы ніякай, але ў карнай сыстэмы стаіць задача як мага больш адабраць сілы ня толькі фізычныя, але і духоўныя.

Але мы будзем і далей пісаць патрыётам, перасылаць лісты з турмы ў турму і маліцца, каб пры адсутнасьць зьнешняй падтрымкі Сам Госпад падтрымаў іх у гэты няпросты этапны час. Бо “Вочы Госпада – да справядлівых, і вочы Яго – да просьбаў іх. Але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха, каб сьцерці зь зямлі нават памяць пра іх” (Псальма Давіда 34(33):16-17).


.
18.05.17 14:21
загружаются комментарии

Зьміцер Дашкевіч