Глупства на роднай мове


У Мінску і абласных гарадах з’явіліся білборды, на якіх рэкламуюць… беларускую мову.

Адразу былі плакаты меншых памераў, на іх пісалі, як па-беларуску гучаць назвы ягад ды садавіны з гароднінай. На тым крэатыўны калектыў не спыніўся. Цяпер мы маем яшчэ дзве “фішкі”.

Першая: “Ма-ма = мо-ва. Ты любіш маму?” Білборд з гэткім надпісам вісіць ў Гродне.  

Другая: “Маё першае слова на роднай мове”. Тут задумка такая: рэкламны твар кажа нейкае слова, напрыклад, “гзымс” (праўда, такого слова на білбордах я не бачыў), а тады запытваецца: “А якое тваё першае слова на роднай мове?”. 

Здаецца, інфармацыйна-рэкламная кампанія была замоўленая Міністэрствам культуры. 

Навошта?

Каб патраціць сродкі, якія засталіся на рахунку на канец мінулага года? Бо калі не патраціць, то на другі год меней з бюджэту дадуць (хаця і так Мінкульт  чакае сіквестар:  Лукашэнка вырашыў, што на культуру і спорт трэба меней выдаткоўваць, на мадэрнізацыю вытворчасці грошы хоча кінуць). 

Колькі часу гэтая рэклама правісіць у Мінску і абласных цэнтрах?

Усё роўна колькі. Вынік будзе аднолькавы.

Samsung, які рэкламаваў сваю прадукцыю на беларускай мове, я упэўнены, нешта атрымаў ад рэкламы: спажыўцы, зацікавіўшыся новай формай (рэкламу на беларускай рэдка ўбачыш), даведаліся пра новыя прадукты фірмы і пайшлі ў крамы ацэньваць іх ці купляць, калі кошты прымальныя. 

А вось убачыў нехта, што “ажыны” – гэта “ежевика”, і якія ягоныя паводзіны? Будзе чакаць лета, каб пайсці ў лес у пошуках гэтых ягадак? 
Ці будзе выхваляцца, што ведае беларускае слова, ўжываючы яго ў гутарках на рускай мове?

З такім жа поспехам можна навучаць грамадзян Беларусі фінскай ці албанскай мове. Бо патрэбныя ім – англійскую і кітайскую – яны  мусяць вучыць на больш сур’ёзным узроўні.

Так, шкаляры менавіта гэтае і кажуць: “Навошта мне валодаць беларускай мовай, калі ёй у нас усё роўна не карыстаюцца?”

Таму сапраўдным здзекам з беларусаў з’яўляюцца два наступныя білборды:
      1) Хлопчык абдымае свайго сабачку – яго першае слова на роднай мове “сябар”
        2) Мужчына пад пяцьдзясят, бізнэсовец – яго першае слова на роднай мове “поспех”.

Чаму здзек?

Таму што хлопчык (рэальны, а не рэкламны) ніколі не чуў, каб бізнэсоўцы, што кладуць сабе ў кішэнь штомесяц хоць бы тры тысячы баксаў, размаўлялі па-беларуску (трасянка бізнэсоўцаў раённага маштабу беларускай мовай не лічыцца).

Першая слова на роднай мове – “поспех”. Што гэта за родная мова, калі чалавек пачынае размаўляць на ёй словам “поспех”?

Ну, а “ма-ма = мо-ва” – гэта ўвогуле смарката-сантыментальны трэш.

Дык навошта гэта ўсё, акрамя планавага марнавання бюджэтных сродкаў?

Каб нацыяналісты ці “пятая калона” пляскалі ў далоні спадару Латушку, які з пасады міністра культуры паехаў ў Парыж амбасадарам? Гэтай публіцы толькі дай трошкі беларушчыны з кабінетаў улады, дык яна адразу шчаслівай робіцца. 

“Беларускамоўны міністр, беларускамоўны міністр” – трэслася ў захапленні нацдэмаўская меншасць. 
А міністр на развітанне пакінуў ёй, у лепшым выпадку, тры тузіны беларускіх словаў на білбордах.

Магчыма, Павел Латушка не мае да гэтай акцыі ніякага дачынення. Але незалежна ад таго, хто даў згоду на яе рэлізацыю, яна ўсё роўна выглядае як ГЛУПСТВА на роднай мове. 

Жыццё на білбордах нядоўгае. Ну, месяц. Ажыны таксама месяц на галінах жывуць.

“Сябар”, – кажа хлопчык, абдымаючы свайго сабачку; гэта ў Мінску на скрыжаванні вуліц Сурганава і Бяды, побач з універсамам, які раней называўся “Рыга”, а цяпер – “Соседи”. А чаму б не назваць краму (і ўсё сеціва) “Суседзі”? 

Дзе хаваюцца міністр культуры ды іншыя чыноўнікі  ад культуры, калі паўстае пытанне аб назвах аб’ектаў ў нашых гарадах?

Чорт іх ведае, дзе яны хаваюцца. Але праз тое, што яны хаваюцца, мы і маем ГЛУПСТВА на роднай мове, калі мова рэкламуецца нібы тавар на распродажы.

На мой погляд, лепей ніякага клопату, чым такі. Таму што ад “поспеху” на білбордзе да “каштарысу” ў размове бізнэс-партнёраў шляху няму. “Поспех” – жарт, “каштарыс” – сур’ёзная рэч. А бізнэсоўцы, дый увогуле пераважная большасць беларусаў, людзі сур’ёзныя і жартуюць толькі ў пэўны час і ў пэўных абставінах. 

.
15.01.13 10:21
загружаются комментарии

Игорь Драко