Разговаривай на нормальном языке!

Ігар Мельнікаў, караценька распавёўшы на "Партызане" пра тое, што адбывалася падчас запісу ток-шоў "Форум" з яго ўдзелам, закрануў тэму, якая, калі меркаваць на каментарах, вельмі цікавіць чытачоў і гледачоў.

Спрэчкі наконт таго, ці можа патрыёт Беларусі размаўляць па-руску, вядуцца даўно. На мой погляд, чым далей мы адыходзім ад таго дня, калі Беларусь набыла незалежнасць, тым мацнейшым робіцца беларускі нацыяналізм на рускай мове. Проста грамадзяне Беларусі, якія размаўляюць па-руску, прызвычаіліся з тым, што яны жывуць у Беларусі, а Расія - гэта суседняя краіна. 

Ну так, і тут, і там большасць людей размаўляе па-руску, і што? У Лацінскай Амерыцы пануе іспанская мова, але ж Венесуэла і Перу палітычна і эканаміна - гэта не Аргенціна і не Чылі. 

Упэўнены, што кожны жыхар нашай краіны, калі ён прызнае за беларускім нацыяналізмам на рускай мове права на існаванне, знойдзе шмат довадаў і прыкладаў, каб пацвердзіць гэтае права (каментатары пад артыкулам спадара Мельнікава ўжо выказаліся, а хто не выказваўся на формуе, той, мажліва, выказаўся off-line ці таксама ў інтэрнэце, але на другім рэсурсе і значна раней). Каб мае магчымыя чытачы не гублялі час, я не стану прыводзіць свае пункты. Хопіць і таго, што напісаў пра Расію і Лацінскую Амерыку. 

І якраз праз тое, што я належу да тых беларусаў, якія выступаюць за грамадзянскую (а не моўна-этнічную) ідэнтычнасць, я кажу пра маё асабістае права размаўляць і пісаць на любой з дзвюх дзяржаўных моў. 

Звычайна я размаўляю па-беларуску, але ж з пэўнага часу стараюся часцей гаварыць і па-руску, бо заўважыў, што пры размове па-руску ў мяне стаў праскокваць беларускі акцэнт, ад якога я быў пазбавіўся, калі жыў у Пецярбургу: цяпер не-пецярбуржца выдаюць занадта мяккія "т" і "с". 

Так, размаўлячы па-беларуску з сябрам у кавярні, раптам чую:

- Разговаривай на нормальном языке!

Я павярнуў галаву (бо мне амаль раўлі ў левае вуха). На мяне глядзелі п'яныя вочы мужчыны. Яго таварыш адышоў у прыбіральню, а яму, добра падпітому, хацелася, каб гутарка не спынялася.

- Да, да, это я тебе. Разговаривай на нормальном языке.

- Это на каком? - запытаўся я.

- На русском.

- Хорошо. Тогда - отъ.бись! Тебя, бл.дь, забыл спросить, на каком языке мне разговаривать.

Ён ускочыў са свайго крэсла, крочыў да нашага століка. Я таксама падняўся. Ну, а пасля... як часцей за ўсё бывае ў такіх сітуацыях: яго суняў ягоны таварыш, а мяне - мой. І афіцыянты паспелі напружыцца... 

Ужо седзячы за столікам, мой апанент ніяк не мог супакоіцца і ўсё даводзіў свайму сябру, што ва ўсім вінаваты я. Сябар не хацеў скандалу (да таго ж яны абодва былі п'яныя, а мы з калегам толькі па пяцьдзясят гарэлкі кульнулі), таму ўцягнуў яго ў рэстаран побач.

Вядома, гэта выпадак не характарэзуе адносіны паміж беларуска- і рускамоўнымі: тут і ён, і я выглядалі нібы дурныя малалеткі, якім толькі дай пасварыцца ды пабіцца (дарэчы, было гэта гадоў шэсць таму).

Але, па сутнасці, "наезд" на мяне рускамоўнага мужчыны нічым не адрозніваецца ад рэакцыі нацдэма на рускамоўнага выступоўцу: "Што можна пачуць ад вас, калі вы размаўляеце на мове акупантаў?!" 

А яшчэ, па-мойму, глупа ўпарціцца і злавацца, калі людзя цябе не разумеюць. Аднойчы мяне адправілі ў краму па прадукты для святочнага стала і загадалі, апроч іншага, набыць воцат. Я не бачыў, дзе той воцат, і запытаўся ў прадавачкі.

- ЧтО вы ищите? - здзіўлена перапытала кабета.

- Уксус, - сказаў я.

І мне нават далі яго ў рукі. Я падзякаваў... па-руску.

Мне чамусьці падаецца, што тая прадавачка была рускамоўнай беларускай нацыяналісткай. І нам было зусім не цяжка дамовіцца. 





.
08.02.13 14:20
загружаются комментарии

Игорь Драко