Зламаны лёс

12-га траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску, завяршыўся працэс над звычайнымі ўдзельнікамі Плошчы. Варта заўважыць, што сярод іх не было ні кандыдатаў у Прэзідэнты, ні кіраўнікоў штабоў, ні выбітных беларускіх палітыкаў альбо грамадскіх дзеячоў, а былі простыя людзі, якія 19-га сьнежня 2010 года выйшлі на Плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю.

За 3 дні прысутнасьці на судовым працэсе, мне давялося пазнаёміцца са сваякамі кожнага з фігурантаў. Напрылад:

Зьміцер Даронін – працавіты хлопец, які адслужыў у войску, а пасьля працаваў на МАЗе, каб дапамагаць сваёй сям'і, у якой акрамя Зьмітра яшчэ сем братоў і сясьцёр. Яго пакаралі пазбаўленьнем волі на тры з паловай гады;

Сяргей Казакоў – самы малады ўдзельнік працэсу, якога, у свае 19 год, не зламала гэтае выпрабаваньне. На апошнім слове ён зазначыў, што і пасьля будзе працягваць змагацца. Ён атрымаў тры гады пазбаўленьня волі;

Яўген Сакрэт – вельмі спакойны і сьціплы чалавек. Яму было надзвычай цяжка, бо калі ён толькі патрапіў у следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, працяглы перыяд ніхто ня ведаў яго месцазнаходжаньня і ўвесь гэты час яму не перадавалі перадачаў. Яго асудзілі на тры гады;

Уладзімір Лобан – вельмі адказны чалавек па жыцьці. Разам са сваёй сястрой ён выхоўваў 16-ці гадовага пляменьніка Сашу, мама якога (старэйшая сястра Лобана) памерла. Лобан атрымаў тры гады пазбаўленьня волі.

Алег Федаркевіч – аказаўся бойкім пажылым мужычком. У звычайным жыцьці працаваў прарабам. На апошнім слове ён усіх уразіў працытаваўшы Эскандэра. На судзе яго падтрымліваў брат, які вельмі падобны на Алега. Федаркевіч атрымаў тры з паловай гады турмы;

Але больш за ўсё мяне ўразіла сітуацыя, у якой апынуўся 23-гадовы Віталь Мацукевіч.

Яго затрымалі 21-га сакавіка 2011 года і пазіцыянавалі, як актыўнага ўдзельніка Плошчы, які сваімі дзеяньнямі падштурхоўваў да масавых беспарадкаў. У хуткім часе яму было прад'яўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 частка 2 (Удзел у масавых беспарадках). Увесь час да суду Мацукевіч правёў у СІЗА КДБ.

Але ўвага грамадскасьці да гэтага чалавека ўзьнікла яшчэ з пачатку лютага 2011 года. Калі некаторыя блогеры ў сваіх інтэрнэт-дзёньніках назвалі Віталя Мацукевіча супрацоўнікам КДБ і далі яму мянушку "чырвоны нос". Публікацыі, фота- і відэаматэрыялы, расповеды невядомага сьведкі падзеяў 19-га сьнежня інфармавалі пра тое, што Мацукевіч разам са сваімі сябрамі нібыта актыўна правакаваў удзельнікаў мірнай дэманстрацыі да штурму Дома Ураду. Часткова гэту інфармацыю нават пераставілі незалежныя СМІ. Выглядала справа, скажам, неадназначна: Віталь Мацукевіч са сваімі сябрамі добра засьвяціўся на кадрах, пазьней у яго вухе нібыта нават разгледзелі навушнік, што з'яўляецца неад'емным атрыбутам супрацоўнікаў КДБ. Пасля яго затрыманьня 21 сакавіка з'явіліся меркаваньні, што яго затрымалі, каб даказаць, што правакацыяў з боку КДБ не было. Але сітуацыя насамрэч выглядае зусім ня так.

Сапраўды, Віталь Мацукевіч са сваімі сябрамі быў 19-га сьнежня на Плошчы. Але ён не з'яўляецца супрацоўнікам КДБ. Ён прыйшоў на Плошчу, каб паўдзельнічаць у мірнай акцыі, усё што ён рабіў – крычаў словы "Беларусы сюда!", але гэта фраза ніякім чынам не правакавала да біцьця шкла. Віталь Мацукевіч быў адным з 20-ці тысячаў удзельнікаў Плошчы, які прыйшоў выказаць сваю пазіцыю. Ніякіх навушнікаў у яго вухе не было, гэта была звычайная завушніца, якую яму падаравала каханая дзяўчына, з якой у хуткім часе павінна было адбыцца вясельле. Ён са сваімі сябрамі быў на хвалі эйфарыі і, як засьведчыў на судзе сам Мацукевіч, прыйшоў, каб проста падтрымаць кандыдатаў. Сваімі паказаньнямі ён нікога не агаварыў.

Далейшы лёс гэтага хлопца быў вельмі сумны. Калі ён нічога не падазраваў, яго назвалі супрацоўнікам КДБ, а потым затрымалі. Такім чынам Мацукевіч аказаўся чужым для ўсіх. Невядома, ці затрымалі б яго, калі б не з'яўленьне інфармацыі, у якой сьцвярджалася, што ён правакатар.




(Віталь Мацукевіч за кратамі. Фота Уладзя Грыдзіна)

На судовым працэсе супраць Віталя Мацукевіча не было ніякай даказальнай базы. Фраза "Беларусы сюда!" не з'яўлялася крымінальнай, тым больш, што ёй ніхто не падпарадкаваўся. Гэта адзінае, што было зафіксавана на ўсіх відэаматэрыялах. У яго сям'і з'явілася надзея на тое, што прысуд будзе апраўдальным. Спадзяваньні развеяліся, калі пачаўся допыт сьведкаў абвінавачаньня. Звычайна на такіх працэсах у іх ролі выступаюць міліцыянты альбо супрацоўнікі АМАПу, у справе Мацукевіча склалася іншая сітуацыя. Хрысціна Шацікава (магілёўская актывістка) дала агаворваючыя паказаньні супраць Мацукевіча, угледзеўшы ў ім правакатара. Варта было бачыць у той момант, твар пракурора, кожнае слова Шацікавай было вельмі важным, каб асудзіць Мацукевіча. Уся абвінаваўчая база гэтага фігуранта была пабудаваная выключна на паказаньнях Шацікавай. Пасля паказаньні, як звычайныя сьведкі, давалі сябры дзяцінства Мацукевіча. Іх словы цяжка ўспрымаць, як аб'ектыўныя, паколькі менавіта гэтыя два хлопцы былі затрыманыя разам з Віталём. Папярэднія паказаньні яны давалі сьледству пры яўцы з павіннай. Яны не змаглі абараніць свайго сябра, бо бачна было, што іх запалохалі. І калі б яны сказалі нешта не тое, то апынуліся б у суседняй камеры з Віталём.

12-га траўня Віталю Мацукевічу быў вынесены прысуд – 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Наперадзе яго чакала дыпломная праца і вясельле з каханай. У залі суда Віталя падтрымоўвалі бацькі, родныя, дзяўчына і сябры. Іх рэакцыя пасля прысуду была вельмі горкай. Менавіта яго бацькі распавялі падрабязнасьці гэтай гісторыі. У такі момант цяжка нешта тлумачыць людзям. Ім не патрэбна ні дапамога, ні падтрымка, яны папрасілі толькі аднаго – аправяржэння ў СМІ інфармацыі аб супрацоўніцтве іх сына Віталя з КДБ, і прабачэньня ад асобных прадстаўнікоў апазіцыі за паклёп.

Гэтыя людзі ня ведаюць каго ім зараз падтрымоўваць: уладу, якая пасадзіла іх сына, альбо апазіцыю, якая назвала яго супрацоўнікам КДБ і прадстаўнікі якой агаварылі іх сына на 3 гады калоніі.

Сёньня застаецца толькі папрасіць прабачэньня ў Віталя Мацукевіча і яго блізкіх і падтрымаць яго лістамі...

13.05.11 22:15
загружаются комментарии

Артур Финькевич