Пра вызваленых палітвязьняў.

Сёньня нешта ўзгадалася адна тэма. Можа крыху запозна, але я ўспомніў, як некаторыя "закідвалі камянямі" тых палітвязьняў, што былі вызваленыя праз напісаньне памілаваньня. Розныя лёсы ў кожнага чалавека і мы ня можам судзіць аб учынках. Гэтыя людзі не з'яўляюцца кандыдатамі, кіраўнікамі штабоў і палітыкамі, у кожнага свая спецыфіка ўзаемаадносінаў са сваёй сям'ёю. Безумоўна напісаньне такога ліста лідэрам апазіцыі непрымальна, але што калі браць звычайных людзей? Перш чым судзіць, трэба было б разгледзець сітуацыю з усіх бакоў. Адзін з гэтых хлопцаў трапіў у турму па чужых абвінавачаньнях, другому – за 2 месяцы знаходжаньня на Валадарцы нават шкарпэтак не перадалі, а трэцяга – ніхто не прыйшоў сустрэць з тых людзей, якія працавалі побач падчас прэзідэнскай кампаніі. Ды і ўмовы прашэньня могуць быць вельмі розныя. Некалькі дзесяткаў людзей сабралася суботнім вечарам на вакзале, каб сустрэць іх. Я бачыў вочы гэтых людзей, ніхто з іх не зламаўся і не здрадзіў. Сяргей Казакоў, Яўген Сакрэт, Васіль Парфянкоў, Арцём Грыбко, Віталь Мацукевіч, Зьміцер Дрозд, Уладзь Яроменак, Аляксандар Квяткевіч - яны ўжо на волі, і я шчыра рады за іх. Вельмі важна бараніць сваіх людзей да канца. І перш чым судзіць, варта шчыра адказаць сабе на пытаньне: "А ці быў я ў іх на судах? Ці напісаў ім хоць адзін ліст? Ды і ўвогуле, ці задумваўся я пра кожнага з вызваленых вязьняў за восем месяцаў іх знаходжаньня за кратамі хоць на хвіліну?" Магчыма пасля гэтага ня ўзнікне жаданьня выстаўляць людзям "дыягназы". Шчыра зычу хутчэйшага вызваленьня іншым палітвязьням. Спадзяюся што, Зьміцер Новік, Алесь Атрошчанкаў, Аляксандар Малчанаў, Павал Вінаградаў, Алег Гнедчык, Зьміцер Даронін, Алесь Кіркевіч, Мікіта Ліхавід, Уладзімір Лобан, Фёдар Мірзаянаў, Андрэй Пратасеня, Андрэй Саньнікаў, Алег Федаркевіч, Зьміцер Ус, Эдуард Лобаў, Зьміцер Буланаў, Ільля Васілевіч, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Класкоўскі, Мікалай Статкевіч, Зьміцер Бандарэнка, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Аўтуховіч у хуткім часе будуць побач з намі. І ня варта судзіць, бо моцны той, хто не адзін, трэба падтрымліваць тых, хто побач і імкнецца разам да перамогі! .
29.08.11 23:22
загружаются комментарии

Артур Финькевич