Крывавая нядзеля.

Вы калі-небудзь бачылі, як АМОНавец б'е дубінкай дзяўчыну? А я бачыў. На выгляд ёй 19-20 гадоў, зусім маладая, відаць, студэнтка. Пакуль што студэнтка. Увесь яе твар у крыві і ацёках. Кроў на шчаках, вуснах, вопратцы – паўсюль!

Цяжка патлумачыць, што я адчуваў, калі бачыў, як па маёй маці топчыцца зграя АМАПаўцаў, у шчытах і з дубінкамі. Некаторыя пераскокваюць, а некаторыя пруць наўпрост па жывым чалавеку. І самае страшнае, што я ня мог нічога зрабіць, толькі назіраць, заціснуты паміж двума кардонамі жаўнераў. У гэты момант мне сапраўды стала страшна: за сябе, з краіну і за народ.




Спэцназ расьсек натоўп на дзьве часткі. Я апынуўся ў эпіцэнтры, непадалёк помніка Леніна. Пад'ехалі зялёныя аўтазакі, зь іх пасыпаліся людзі ў форме. Яны паводзілі сябе жорстка, неадэкватна, нібыта накачаныя наркотыкамі. Некаторыя замест дубінак трымалі электрашокеры, і пэрыядычна іх ўключалі, пускаючы застрашальны гук. Бліжэй да праспэкту стаялі простыя салдаты тэрміновай службы ў звычайнай будзённай форме, некаторыя з жоўтымі сяржанцкімі лычкамі. Нас пачалі адцясьняць. АМАПаўцы білі шчытом аб шчыт, ствараючы ў натоўпе паніку. Людзі не разгубіліся, і пачалі скандаваць у такт: "Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!".

Нехта ўдарыў мяне па галаве, пасьля па сьпіне. Я паваліўся і некаторы час ня мог зварухнуцца. Мэгафон выпаў з рук. Людзі ўзялі мяне пад пахі і пацягнулі да Чырвонага касьцёла. Там мы змаглі назіраць, што адбывалася зь іншага боку Плошчы. Не было ніякага гукаўзмацненьня, твітэр, фэйсбук не працаваў, мы проста не маглі скаардынаваць дзеяньні. А дэманстрантаў папросту расьсеклі на чатыры, пасьля на шэсьць частак, а потым і ўвогуле расеялі па дробных вулачках. І білі. Білі, білі і яшчэ раз білі. У дзядулі, які стаяў побач, быў расьсечаны лоб, але ён, здавалася, гэтага нават не заўважыў. Моўчкі глядзеў на гэтых спэцназаўцаў і нешта сам сабе наракаў.

Пазваніў тата. Аказваецца, недзе на Плошчы яшчэ і мая 74-гадовая бабуля. Яна нікому не сказала, што зьбіраецца. Мабільны і хатні не адказвае. Дай Божа, каб у гэты мамонт яна не апынулася па той бок Плошчы.

Неўзабаве Чырвоны касьцёл атачылі спэцназаўцы. Сярод іх быў адзін жвавы, які зьдзекваючыся, размахваў дубінкай перад 40-гадовым мужчынам. Мы, чалавек 50, сталі на прыступках галоўнага ўваходу ў касьцёл. Яны ж, у поўнай амуніцыі, ляпаючы дубінкамі па шчытах, – стаялі насупраць, у 7 мэтрах ад нас. Спэцназаўцаў было ў паўтара, ато і два разы больш, чым пратэстоўцаў. Мы засьпявалі "Магутны Божа". Дэжавю. Амапаўцы не асьмеліліся наступаць, пакуль мы сьпявалі, але як толькі сьпеў закончыўся, яны кінуліся на нас. Пасьля яшчэ некалькі разоў, ужо за гатэлем "Менск" мы спрабавалі сабраць моладзь, сьпявалі беларускія песьні, але адразу зьяўляўся АМАП, і нас проста выціскалі па-за праспэкт.

Я прачнуўся з раніцы ад болю ў сьпіне. Цела ные, балюча паварухнуцца. Звоняць сябры са шпіталяў. У бальшыні – ЧМТ. Відаць, спэцназаўцы мэтанакіравана білі па галаве (самай небясьпечнай для іх зброі). Але ж бальшыня тэлефонаў знаёмых проста не адказвае. Відаць, яны чакаюць судоў, а можа, ужо на Акрэсьціна. Спрабую пераварыць падзеі ўчорашняга вечару. Спрабую знайсьці лёгіку ў дзеяньнях улады. Безвынікова. Не дае мне спакою акрываўлены твар гэтай беднай дзяўчыны.

* * *

Але ж. Лукашэнка за адзін дзень перакрэсьліў усё, што было зроблена цягам некалькіх гадоў для пацяпленьня стасункаў з Захадам. Магчыма, яму проста далажылі рэальныя вынікі галасаваньня, паводле якіх ён ані каліва не перамог. Яго апанаваў псіхоз, і ён паступіў тупа, па-калхознаму. Даў загад на жорсткую зачыстку. Аднойчы ён адкажа за кожнага пабітага беларуса.

20.12.10 16:06
загружаются комментарии

Вячорка Франак