Фаервэрк у гонар герояў Плошчы

Дзякуй усім, хто прыйшоў падтрымаць арыштаваных да Акрэсьціна. Нас было ня так шмат, як хацелася, але мы гучна сьпявалі і гучна крычалі, і тыя, што за кратамі, наша "Жыве Беларусь" пачулі.

Выступаў Кастусёў. У КДБ зь ім як сьлед папрацавалі. Паводле экс-кандыдата ў прэзыдэнта, у разгоне акцыі 19-га сьнежня не вінаваты Лукашэнка, а сілавыя структуры, кіраваныя з Масквы. Вось навошта так, каля турмы, дзе мерзнуць 200 тваіх паплечнікаў, апраўдваць таго, хто іх туды засадзіў?!

Ля Акрэсьціна стаяла паўтузіна аўтазакаў, дзясяткі мікрабусаў з жаўнерамі спэцназу. Іх было ў разоў 10 больш, чым тых, хто сабраўся ля турмы. У Лукашэнкі працягваецца поствыбарчы псіхоз. Было, было адчуваньне, што вось-вось пачнуць хапаць. Намесьнік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў (той самы, які напярэдадні асабіста зьбіў фотажурналіста Уладзю Грыдзіна) папярэдзіў, што празь 5 хвілін будзе ўжыта сіла супраць удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі. З тапой сілай не паспрачаешся. Некалькі разоў мы гукнулі "Жыве Беларусь!" і пачалі разыходзіцца. На шчасьце, акцыя прайшла без затрыманьняў і правакацыяў. Напрыканцы я запусьціў 20-залпавы фаервэрк у гонар герояў Плошчы 2010 (Раю глядзець: http://udf.by/news/politic/36830-solidarny-s-osuzhdennymi-i-zaderzhannymi-kandidatami.html)

Па заканчэньні акцыі мяне суправаджалі трое ці чацьвёра гэбістаў. Пераправерыў, спыніўся – яны таксама. Гаварылі нешта ў рукаў, як тыя правакатары 19 сьнежня ля Дома Ўраду. Разам са мной былі паплечнікі і сябры, а таксама карэспандэнты тэлеканала "Аль Джазіра" (не Аль Каеда) зь вялізнай камэрай. Гэта мела эфэкт, гэбэшныя марадзёры мяне не чапалі, відаць, баяліся камэры. Зь Мілінкевічам, Лагвінцом і Губарэвічам мы селі ў 36 тралейбус і даехалі да вакзала. Там хутка пераселі ў машыну. Невядома адкуль зьявіўся ЎАЗік без нумароў і паехаў за намі. Аль Джазіра – сьледам. Так мы даехалі да самага дома, Мілінкевіч правёў да кватэры. Можна сказаць, сёньня мне зноў пашанцавала.

21.12.10 22:00
загружаются комментарии

Вячорка Франак