Як рыхтавалі сілавікоў разганяць апазыцыю

Так атрымалася, што пасьля службы ў войску ў мяне шмат знаёмых у сілавых структурах. Гэтыя знаёмыя – таксама людзі, з усімі хібамі уласьцівымі чалавеку. Мне ўдалося высьветліць, як выглядае "кухня" ў тых, хто нас разганяе.



На Плошчу 19 сьнежня быў сьцягнуты асабісты склад спэцназу, Унутраных войскаў і нават некаторых падразьдзяленьняў сухапутных войскаў, якія звычайна ня ўдзельнічаюць у такога кшталту апэрацыях. Апошнія стаялі уздоўж праспэкту ў паўсядзённай карычневай форме. Усяго, па рознай інфармацыі, ад 5 да 8 тысячаў вайскоўцаў. Больш за палову – салдаты тэрміновай службы.

Да разгону акцыі салдатаў Унутраных войскаў рыхтавалі больш за год, а апошнія два месяцы – асабліва узмоцнена, кожны дзень. Іх дзялілі на дзьве групы – дэманстранты і міліцыянты, і загадвалі біць адно аднаго. Потым яны мяняліся месцамі. Часам на іх апраналі супрацьгазы. Амаль штовечар дэманстравалі апэратыўныя здымкі з папярэдніх разгонаў апазыцыі, відэакроніку з Сэрбіі і Кіргізіі, указвалі па памылкі і недахопы. Іх рыхтавалі да найгоршага.

- Вы можаце крычаць, плакаць, упасьці без прытомнасьці і нават загінуць. Галоўнае – не пераходзьце на іх бок, – гаварылі камандзіры.

Падчас ранейшых акцыяў здаралася, што некалькі салдатаў кідалі шчыты і дубінкі і зьбягалі. Такіх каралі асабліва жорстка. Нікому не хацелася паўтарыць іх лёс.

Напярэдадні акцыі у салдатаў быў падаўлены стан. Яны разьвітваліся, рукаліся, нібы апошні раз. Нават на пляцы, стоячы за шчытом, у поўным абмундзіраваньні, з дубінкай у руцэ насупраць мірных людзей, ім было страшна. Вельмі страшна.

Мой суразмоўца клянецца, што нікога ня біў. Падчас зьбіцьця Някляева ён сядзеў у аўтобусе наводдаль. Салдатаў да гэтай апэрацыі не дапусьцілі, але там быў яго камандзір. А падчас разгону ён стаяў у апошніх шэрагах. Праўда ці не, але хай гэта застанецца на яго сумленьні.

У першых шэрагах стаялі спэцназаўцы. Для іх разганяць акцыі і біць людзей – прафэсія. Кажуць, іх накачваюць крэатынам, анальгетыкамі і стымулятарамі – рэчывамі, якія падаўляюць балявы парог і пачуцьцё страху. Я бачыў іх на Плошчы – вочы пустыя, рухі рэзкія. Яны білі жанчын, старых, білі па галаве – без разбору. Толькі адзінкі зь іх робяць гэта сьвядома. У бальшыні – даведзена да аўтаматызму.



Салдатам тэрміновай службы (трэцяму пэрыяду) за разгон акцыі абяцалі дзембель да Новага году і па 600 тысячаў прэміі. Кантрактнікам – ад 1 да 3 млн і пуцёўкі ў Егіпет. Ня ведаю, як кантрактнікі зь іх Эгіптам (улічваючы апошнія падзеі), але "срочнікі" не пабачылі ані дзембелю, ані прэміі.

Спэцназаўцам, якія засьвяціліся "Ў Кантакце", загадалі выдаліць свае старонкі.
08.02.11 15:10
загружаются комментарии

Вячорка Франак