Дзень Волі у няволі. У чарговы раз.

Лукашэнкаўскі рэжым сёньня перажыў чарговы мікраінсульт. Улады, панічна баючыся паўтарэньня Плошчы 19 сьнежня, брутальна разагналі мірную акцыю апазыцыі з нагоды Дня Волі. Пры гэтым асноўная праца была зробленая загадзя: не далі дазволу на шэсьце, не дапусьцілі адзінага месца збору, прэвэнтыўна затрымалі лідэраў. Акцыі не атрымалася. Толькі што гэта дало ўладам? Чарговы цьвік ва ўласную труну.



А 7 раніцы у дзьверы маёй кватэры (дома мяне не было) пачалі ламіцца невядомыя, прадставіліся крымінальным вышукам. Шукалі мяне. Дэманстравалі праз "вочка" нейкія дакумэнты, маўляў, "у нас ордэр на вобшук!", "Давайце па-добраму! Вы ўсё адно нас пусьціце!". 40 хвілінаў бесьперапыннага груканьня у дзьверы, суняліся. Мая 13-гадовая сястра Ружана выйшла ў школу, гэтыя людзі схапілі яе ў пад'езьдзе і зладзілі допыт: "А хто дома?", "А дзе ты вучышся?", "Дзе твой брат?" Адпусьцілі. Заплаканая Ружана, у істэрыцы, званіла тату. Дагэтуль ня можа супакоіцца.

Спадзяваўся датрымацца да вечара, цэлы дзень мяняў месцы дысьлякацыі. Ужо ведаю, што вызначылі маё месцазнаходжаньне па сыгнале мабільнага тэлефону. У 14 гадзінаў мы з Паўлам Прывалавым і Алегам Шаўчэнкам, актывістамі "Беларускага руху" з Гомля, пілі гарбату на першым паверсе унівэрсаму "Цэнтральны". Спачатку да нас падышоў міліцыянт Уладзімір Дзем'янкоў. Ён быў разгублены і нясьмелы. Папрасіў прад'явіць дакумэнты. Паміж намі завязаўся дурацкі дыялёг у стылі "но вы жэ самі ўсё панімаеце".

- А што ўласна адбылося? – пытаемся

- А вы похожи на преступника?

- А што за злачынства адбылося: дзе і калі?

- Да не волнуйтесь. Ничего серьёзного. Мы вас просто задерживаем.

І толькі тады я заўважыў, што за шырмай кавярні – цэлы ўзвод – 20 спэцназаўцаў (зь іх шэсьць у форме). Яны заблякавалі выйсьце. Супраціўляцца, бегчы было бессэнсоўна. Наведнікі, афіцыянткі і нават пастаяльцы-алкашы – у шоку. Нас затрымлівалі, як важных злачынцаў, хаця злачынцаў больш нагадвалі спэцназаўцы – усе на адзін твар, шнары на лбе і шчаках, у аднолькавых чорных шапачках і куртках-ватоўках. Сапраўдная банда.

Нас прывезьлі у Першаймайскі РУУС якраз тады, калі міліцыянты загружаліся ў адмысловыя аўтобусы. Кожны трымаў у руках шчыт і каску. На адным з тых аўтобусаў быў надпіс "Беларуская дзяржаўная філярмонія" і завешаныя цёмнай тканінай шыбы. Увесь РУУС мітусіўся, здавалася, увесь асабісты склад задзейнічаны ў разгоне акцыі. Частка ехала на Бангалёр, частка – на Якуба Коласа.

Мяне завезьлі ў Савецкі РУУС, тут таксама мітусьня. Усе пакоі завалены амуніцыяй. Міліцыянты цягаюць туды-сюды каскі, шчыты, мэгафоны. Тады Якжык і Высакоўскі, супрацоўнікі крымінальнага вышуку, завезьлі мяне ў ГАМ Савецкага раёна. Над дзьвярыма кабінэту – партрэт Фэлікса Дзяржынскага. Цела спарахнела, а справа яго жыве. Допыт цягнуўся 6 гадзінаў. Пыталі пра ўсё і ні пра што адначасова. Пра вучобу, сяброў, участковага міліцыянта, эканамічныя рэформы й чэрапна-мазгавыя траўмы. Частавалі гарбатай, прапаноўвалі чакалядку. Жартавалі. Нас трымалі да 20:40, тады, калі акцыя на Плошчы Якуба Коласа закончылася. Хуценька падпісвалі пратакол допыту і адпусьцілі.

Адкуль такое прыязнае стаўленьне? Высьветлілася, ва ўсіх РУУСах быў аднолькавы інструктаж: быць карэктнымі, гасьціннымі, частаваць кавай-гарбатай і напрыканцы папрасіць, каб не пісалі, што міліцыя кагосьці там катуе. Наіўна спадзяюцца ўратаваць яе рэпутацыю.

Упершыню за 3 гады я сустракаю Дзень Волі і свой Дзень нараджэньня на волі. Аднак шмат людзей арыштавана і іх лёс невядомы. Івашкевіч і Дземідзенка – на Акрэсьціна. Хочацца верыць, што ўсё гэта – канвульсіі рэжыму.

Наступная важная дата, да якой мы мусім быць дасканала падрыхтаваныя – Чарнобыльскі шлях. Трэба зьвязаць у адно 25-годзьдзе катастрофы на ЧАЭС, будаваньне новай расейскай АЭС і катастрофа на станцыі ў Японіі. Няварта спрачацца пра месца збору. Мусім сабраць як найбольш людзей.
26.03.11 1:25
загружаются комментарии

Вячорка Франак