Калі перамагаць – то пад бел-чырвона-белым сьцягам

Беларускія хакеісты ў чырвона-зялёнай форме праваліліся на Чэмпіянаце сьвету па хакеі. З трэскам. На Дзень перамогі ў Менску не прагучала ніводнага беларускага слова, Менск упрыгожаны чырвона-зялёнымі сьцяжкамі. І ніякага адчуваньня сьвята. Яшчэ раз пераконваюся, што калі мы і будзем перамагаць, то пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.


Памятаю гэтыя натхняльныя імгненьні. 2001 год і адборачны чэмпіянату сьвету па футболе. Паўнюткі стадыён "Дынама"... Беларусь забівае гол Польшчы. Раптам над трыбунай заўзятараў уздымаецца вялізны бел-чырвона-белы сьцяг!... Мы забіваем яшчэ і яшчэ. 4:1!

Акцыю прыдумаў Юрэк Юрэцкі, журналіст і ўласьнік газэты "Tygodnik Podhalanski". Усё рыхтавалася ў паўнюткай кансьпірацыі. За некалькі дзён быў сшыты вялікі бел-чырвона-белы сьцяг 6х3 мэтры. Юрэк яго склаў у некалькі разоў, так, што атрымаўся невялікага памеру трыкутнік. Ахоўнікі стадыёну "Дынама" прынялі яго за польскі сьцяг. Як жа яны памыліліся!

Прыкладна пасярод матчу польскі сэктар заварушыўся. Сьцяг незаўважна дасталі і расьцягнулі пад крэсламі. Пра акцыю ведалі літаральна некалькі чалавек, а польскія заўзятары, якія выпадкова паўдзельнічалі, думалі, што трымаюць сьцяг польскі! На здымку бачна, як міліцыянты спрабуюць гвалтам забраць. Але палякі далі рашучы адпор, баронячы наш (sic!) БЕЛАРУСКІ, сьцяг. Тэатар абсурду. Сьцяг лунаў над трыбунай да канца матчу і натхняў нашых футбалістаў на перамогу.




Нацыянальныя сьцягі ўздымалі і на іншых матчах, у Менску, і ў Канадзе, і Чэхіі. Там, дзе былі сьцягі – мы, як правіла, перамагалі. Улада ж на дух гэты сьцяг не пераносіць. Нават калі ідзе трансьляцыя па "Эўраспорце", вядоўцы сьвядома наш сьцяг ігнаруюць. Міліцыя рэагуе на б-ч-б, як бык – на чырвонае палотнішча. Чаму? Таму што бел-чырвона-белы сьцяг атаясамляе ўсё тое, з чым лукашэнкаўская ўлада цягам 17 год змагаецца – гісторыя, культура, мова, свабода і незалежнасьць.









Пішу гэта ў адказ тым прыхільнікам "дыялёгу" з рэжымам, якія сьцьвярджаюць, што сьцяг – другаснае, няважнае. Пад сьцягамі ідуць у бок, пад сьцягамі перамагаюць. Калі я гляджу на бел-чырвона-белыя сьцягі, ад захапленьня замірае сэрца. Ня толькі таму, што бел-чырвона-белы сьцяг – наш нацыянальны, ён проста прыгожы.

А пакуль нашыя спартоўцы і артысты на "Эўрабачаньні" будуць выступаць пад чырвона-зялёнымі сьцягамі, якія ў народзе называюць "захад над балотам", – нічога нам ня сьвеціць.

Проста ўявіце такі сьцяг на стадыёне "Дынама"!... Ну як тут можна расчараваць заўзятараў?!



Вядома, спартовая і мастацкія перамогі залежаць ад розных фактараў, ад фінансаваньня, ад адпаведнай падрыхтоўкі, але хочацца верыць у сымбалізм. Гэтаксама хочацца верыць, што эпоха лукашызму хутка закончыцца. Тады ў нас зьявіцца шанец зрабіць Беларусь лепшай.
10.05.11 19:34
загружаются комментарии

Вячорка Франак