Куды глядзіць Генпракуратура?

У інтэрвію францускай газеце "Le Figaro" Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў яго ёсць доказы пра, быццам бы, расійскія грошы ў кампаніях Уладзімера Някляева і Андрэя Саннікава. Замест таго, каб даваць паказанні следчым, абодва кандыдаты катаюцца па краіне і агітуюць за сябе электарат. Куды глядзіць Генпракуратура? Чаму Лідзія Ярмошына не здымае кандыдатаў з выбарчай гонкі? Чаму справай не займаецца суд?

Аляксандар Лукашэнка паставіў Цэнтарвыбаркам ў неадназначную сітуацыю. У інтэрвію францускай газеце "Le Figaro" кіраўнік краіны заявіў, што ў яго ёсць доказы пра, быццам бы, расійскія грошы ў кампаніях Уладзімера Някляева і Андрэя Саннікава. У любой прававой дзяржаве такой заявы было б дастаткова, каб распачаць крымінальную справу супраць парушальнікаў закону. Тым больш, што ў гэтым выпадку словы прагучалі з вуснаў не абы каго, а першай асобы дзяржавы і, да таго ж, сталі публічнымі. Тым часам, пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за выкарыстанне замежных сродкаў у прэзідэнцкай кампаніі пакуль не чуваць.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пагражала раніцай, што калі яна атрымае факты расійскага фінансавання двух кандыдатаў, то і Саннікаў і Някляеў павінны сыйсці з выбарчай дыстанцыі. Пасля абеду яна прызналася, што такія факты ёй невядомыя, а дакументаў на гэты конт яна не мае. Лідзія Міхайлаўна дапускае, што ў кіраўніка краіны ёсць нейкая неафіцыйная інфармацыя на гэты конт. Але Аляксандар Лукашэнка выразна заявіў: "Это так, и мы это знаем. У нас есть факты. Владимир Некляев, Андрей Санников – это люди, которые сегодня финансируются Россией".

Сітуацыя робіцца заблытанай, але адно можна сказаць з упэўненасцю: хтосьці тут яўна падманвае. Альбо Някляеў з Саннікавым, альбо Аляксандар Лукашэнка альбо Лідзія Ярмошына. Праверыць хто мае рацыю, а хто не, можна элементарна проста. Лідзіі Ярмошынай дастаткова звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай прадаставіць факты парушэння закону кандыдатамі Саннікавым і Някляевым. За фактамі да Лукашэнкі павінны звярнуцца Генпракуратура і іншыя кампетэнтныя ворганы. Павінна быць распачатае следства. Больш таго, доказы, якія мае Лукашэнка, павінны стаць публічнымі, пра іх павінна ведаць грамадзкасць.

Калі ж бліжэйшым часам мы не станем сведкамі зняцця з выбарчай гонкі Някляева і Саннікава, то справу трэба распачынаць супраць Аляксандра Лукашэнкі. Ён павінен адказваць за паклёп на кандыдатаў. А можа Аляксандар Рыгоравіч перадаў дакументы ў ЦВК, толькі Лідзія Міхайлаўна не збіраецца адстойваць законнасць і крые злачынцаў? Хтосьці ў гэтай справе ўсё ж такі павінен быць крайнім.

26.11.10 17:10
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч