From Poland with love

Пасольства Беларусі ў Варшаве сцвярджае, што атрымоўвае сотні лістоў ад палякаў са словамі падтрымкі Аляксандру Лукашэнку. Палякі, быццам бы, пішуць пра тое, што "беларускі народ зрабіў свой выбар і прагаласаваў за таго кандыдата, які падабаецца менавіта самім беларусам".



Навіна пра актыўных польскіх лукашыстаў, ды яшчэ і сотнях, стала для мяне адкрыццём. Я неаднаразова бачыў ля сцен амбасады сотні палякаў пад бел-чырвонамі-белымі сцягамі і з плакатамі "Свабоду палітвязням". Я ведаю пра сотні лістоў у пасольства з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і польскай меншасці ў Беларусі. Я асабіста ведаю людзей, якія пісалі гэтыя лісты. У мяне ёсць знаёмыя, якія тэлефануюць у амбасаду і выказваюць абурэнне ў сувязі з сумнымі навінамі з Мінска.

Але за 10 гадоў, якія я жыву ў Польшчы, мне ані разу не даводзілася быць сведкам акцыі салідарнасці палякаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Я не бачыў людзей з плакатамі "Рукі прэч ад Лукашэнкі". Я ніколі не чуў, каб палякі пікетавалі мясцовыя СМІ за "ціск на беларусаў".

У польскай публічнай палітыцы выказваць захапленне Лукашэнкам ўвогуле лічыцца праявай дурнога тону. Такую раскошу дазваляюць сабе літаральна некалькі чалавек. Самым вядомым польскім лукашыстам з'яўляецца экс-старшыня партыі "Самаабарона" Анджэй Лепер, якія нядаўна пакінуў палітыку з-за абвінавачанняў у згвалтаванні сваёй сакратаркі. Чарговы фанат Аляксандра Рыгоравіча – лібертарыянец Януш Корвін-Міке, які называе Польшчу "фашысцкай правінцыяй ЕС", а дэмакратыю – крыніцай зла. Аўтарытарнаму кіраўніку Беларусі спачувае фантомная арганізацыя – "Моладзь імя Фелікса Дзяржынскага".

Дарэчы, па версіі амбасады, Аляксандра Рыгоравіча ў Польшчы хваляць не толькі палякі, але і тутэйшыя беларусы. Асабліва вялікі працэнт прыхільнікаў Лукашэнкі сярод тых, хто на апошніх выбарах прагаласаваў датэрмінова – ажно 91%. У асноўны дзень галасавання іх было чамусці менш – каля 43%, але гэта дыпламатаў не бянтэжыць. Не бянтэжаць іх і вынікі экзіт-пулу, які праводзіўся каля ўваходу ў пасольства. Паводле альтэрнатыўнага галасавання, у Варшаве Лукашэнка набраў не больш за 10%.

19-га снежня назіральнікам не дазволілі знаходзіцца блізка ля стала, дзе праходзіў падлік галасоў, бо, паводле сябраў выбарчай камісіі, галовы назіральнікаў засланяюць камісіі асвятленне і яны не бачаць за каго грамадзяне аддалі свае галасы. У часе выбарчай кампаніі на сайце пасольства з'явілася праграма кандыдата А. Лукашэнкі. На мой запыт, калі я змагу пазнаёміцца з праграмамі іншых кандыдатаў, адказу не было. Праз некалькі дзён тэкст знік са старонкі пасольства, а праграмы альтэрнатыўных кандыдатаў так і не з'явіліся. За тое пасольства не палянавалася даслаць мне поштай займальную улётку пра "высокатэхналагічную і заможную Беларусь", пра поспехі нашай краіны ўа часы кіравання Лукашэнкі. Паперку, дарэчы, уклалі ў канверт разам з запрашэннем на выбары.

Але вернемся да сотняў лістоў. Пасольства дзякуе палякам за падтрымку і запэўнівае, што Беларусь – гэта адкрытая для ўсіх краіна і што яна будзе рабіць усё на карысць развіцця прыязных адносін з палякамі і Польшчай.

Скажыце гэта, шаноўныя дыпламаты, прэм'ер-міністру Дональду Туску, якому забаронены ўезд у Беларусь. Ён, нібыта, уяўляе пагрозу канстытуцыйнаму ладу Беларусі. Скажыце пра гэта польскім журналістам, грамадскім дзеячам і творцам, якія гадамі не могуць атрымаць візу ў Беларусі. Летась з Беларусі дэпартавалі студэнтку Варшаўскага ўніверсітэту за тое, што яна рабіла здымкі на мінскіх могілках. Дзяўчына пісала навуковую працу па этнаграфіі, захапляецца беларускай культурай, вывучае беларускую мову. Наступныя 5 год яна не мае права уязджаць у Беларусь.

Дарэчы, як гэта не дзіўна, але сотні віншавальных лістоў на імя Аляксандра Лукашэнкі атрымала толькі пасольства ў Польшчы. Іншыя амбасады пра такі факт маўчаць. Я звярнуўся да беларускіх дыпламатаў з просьбай звесці мяне з 5-8 аўтарамі лістоў, якія б не пасароміліся адказаць на пару пытанняў журналіста. Адказу пакуль няма, але я церпяліва чакаю.

14.01.11 19:13
загружаются комментарии