На каго ''павесяць'' тэракт у мінскім метро?

Пасля падзей 19-га снежня мне здавалася, што ўявіць горшага сцэнару для Беларусі немагчыма. Усіх, хто не пагаджаецца з палітыкай рэжыму Лукашэнкі, агарнуў страх. Пасля жахлівай трагедыі ў мінскім метро пачуццё бяспекі страцілі нават тыя, хто апошнія 16 гадоў не меў прэтэнзій да ўлады.



Не паспелі ад месца трагедыі ад'ехаць пажарныя і карэты "хуткай дапамогі", а следчыя дакладна агледзець месца выбуху, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за яго адказныя тыя, "каму не падабалася беларуская стабільнасць".

"Я вас папярэджваў, што нам спакойнага жыцця не дадуць. Хто яны? І з адказам на гэтае пытанне прашу паспяшацца", – заявіў кіраўнік краіны.

Каму не падабаецца беларуская стабільнасць і хто не дае Лукашэнку спакойнага жыцця? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці і без следства. Дастаткова паслухаць самога Лукашэнку, уключыць афіцыйныя тэлеканалы і пагартаць дзяржаўныя газеты. Усю "маліну" псуюць "ворагі народу" – апазіцыя. Гэта яны вінаватыя ў тым, што ў краіне няма валюты, гэта яны разабралі з паліц тавары першай неабходнасці, гэта яны сапсавалі "далікатны" дыялог з Захадам за грошы самога ж Захаду. Апошнія заявы Лукашэнкі сведчаць аб тым, што апазіцыя адкажа і за тэракт у цэнтры сталіцы.

"Не хачу нагадваць, хто яны" – звярнуўся да сілавікоў Лукашэнка. Ён ужо ўсё ведае, яму не трэба следства, яму проста трэба паперка, якую можна будзе потым праз сваіх папагандыстаў паказаць "пераканаўчай большасці".

Ды і пра якое рэальнае следства можа весціся гаворка ў Беларусі? Хто яго будзе праводзіць? Тыя следчыя, якія даследавалі "факты" пра "масавыя беспарадкі"і "спробу дзяржаўнага перавароту"? А судзіць вінаватых будуць тыя суддзі, якія давалі па некалькі гадоў турмы за прысутнасць на плошчы ў цэнтры Мінску?

Яшчэ ніводзін замах ці выбух у Беларусі так і не быў раскрыты. У краіне, дзе ўсе сілы кінутыя на тое, каб змагацца з "кучкай адшчапенцаў" няма часу на тое, каб паклапаціцца пра сапраўдную бяспеку грамадзян. У галаве не ўкладваецца, як мачыма здзейсніць тэрарыстычны замах у 200-ах метрах ад Адміністрацыі прэзидэнта, у самым цэнтры сталіцы, у гадзіну пік у краіне, дзе нават фрамугі трэба зачыняць у вокнах, калі прэзідэнт шпацыруе па вуліцы. А гэта ж проста насупраць вакна кіраўніка краіны!

Большасць лідараў апазіцыі ў нашай краіне ізаляваныя, ці то ў турме, ці пад хатнім арыштам, ці за мяжой. Актывісты запалоханыя альбо таксама за кратамі. Не сакрэт, што тэлефоны многіх праслухоўваюцца, у іх кватэрах адбываюцца пастаянныя ператрусы, за часткай вядзецца сачэнне. Толькі ідыёт пачне сцвярджаць, што за выбухамі стаіць апазіцыя. Апаненты сённяшняй ўлады нават не апошнія, хто ў гэтым зацікаўлены, для іх – гэта проста смерць. Не падабалася ім стабільнасць? Хто як не ўлады зрабілі за апошнія месяцы найбольш, каб гэтая славутая стабільнасць стала словам-мітам?

У Беларусі, фактычна, абвешчана надзвычайнае становішча. Сілавікам загадана ўзмацніць меры бяспекі, як сказаў Лукашэнка: "вывярнуць усё навонкі". Да гэтага нас рыхтавалі доўгі час. Ролі раздадзеныя загаддзя. Знешні вораг – увесь заходні свет, а ў якасці "габрэяў" выступяць нязгодныя з уладаю грамадзяне. Усё класічна. Жоўтымі зоркамі "габрэі" ўжо пазначаныя, наступны этап – абмежаванне ў правах.

У краіне ўсталёўваецца татальны страх. Пачынаецца паляванне на ведзьмаў. Перад намі сапраўдная смута, якую мы не маглі сабе ўявіць нават пасля 19-га снежня. Наша краіна апынулася ў чорным тунэлі, выхаду з якога не бачна. Я жыву за мяжой і не магу адчуваць таго, што сёння адчуваюць мае землякі. Але я магу шчыра і без пафасу сказаць, паклаўшы руку на сэрца, што мне вельмі страшна.

12.04.11 1:03
загружаются комментарии