За Анджэем мільёны, а хто за вамі, ''таварышы-патрыёты''?

Невядомыя ідыёты даслалі ліст жонцы Анджэя Пачобута Аксане. У сваёй жаласнай ананімцы нейкія "беларускія патрыёты" здзекліва віншуюць Аксану з Днём незалежнасці і пасмейваюцца з Анджэя.

Думаю, што не цяжка здагадацца адкуль растуць рукі ў гэтага ліста і што за "патрыёты" яго напісалі. Нармальнаму чалавеку ў галаву не прыйдзе пісаць з'едлівыя ананімкі жанчыне, якая засталася з двумя дзецьмі і разрываецца паміж будынкам суда і калыскай сына.

Ды і сам тэкст, як бачна, напісаны ня простым рабочым з "Азоту" ці дзядзям Васям з-пад піўнухі.

"Выражаем вам слова поддержки в это трудное время, ваш муж является для нас несравненным примером борца за идею, которые, невзирая на жену и малолетних детей, сознательно шел до конца за эфемерное "счастье" стать символом и вознестись в глазах узкого круга польских политических дилетантов."

У абмежаваных аўтараў гэтага ліста ў галаве не ўкладваецца, як гэта бацька дваіх дзяцей і кармілец сям'і свядома пайшоў супраць сістэмы, не баючыся трапіць за краты. А як жа? Лепш усё жыццё быць пацуком пад венікам, выконваць антызаконныя загады, ламаць чалавечыя лёсы і не дурыць сабе галаву эфімернымі паняццямі: "сумленне" і "гонар".

Там, адкуль гэтыя ананімныя "патрыёты", думаюць іншымі катэгорыямі. За тое, каб узнесціся ў вачах вузкага кола палітычных дылетантаў, там здольныя выкрасці ў дзяцей бацьку, а ў жонкі мужа.

Якія яшчэ ідэі, пра што Вы? Гэтыя "патрыёты" перакананыя, што калі чалавек здольны на мужны ўчынак, то ён абавязкова альбо шпіён польскай разведкі, альбо агент сусветнага імперыялізму. Альбо, як мінімум, п'янтос, наркаман, адурманены інтэрнэтам і праплачанай захадам апазіцыі. Яны ніколі не зразумеюць Анджэя, бо гэта людзі з іншай планеты. Прынцыпы Анджэя для іх – пустыя словы.

Але Анджэй мацнейшы за ўсіх іх разам узятых. І не толькі таму, што як асоба ён на галаву вышэй за любога з іх. За Анджэем стаяць тысячы і тысячы беларускіх палякаў і беларусаў. За ім мільёны палякаў у Польшчы. За той час, калі Анджэй знаходзіцца ў турме, не было дня, каб польскія газеты, радыё ці тэлебачанне не ўзгадалі свайго калегу. А ўзгадваюць не таму, што так загадаў нейкі дзядзка ў мундзіры альбо чыноўнік з вялікага кабінету. (Хаця тым, хто кінуў Анджэя ў турму, вельмі цяжка сабе такое ўявіць).

"Патрыёты" любяць пафасныя словы, але мала разумеюць іх значэнне. За Анджэем мільёны тых, хто ведае сапраўднае значэнне слова "салідарнасць". А хто сёння за Вамі, "таварышы-патрыёты"?

Калі Анджэй выйдзе на волю (а гэта здарыцца нашмат раней, чым марыцца некаторым "патрыётам"), то яму не трэба будзе хаваць вачэй ад сваіх дзяцей за тое, што ён напісаў. А што скажаце вашым дзецям вы, "таварышы-патрыёты", за сваю мярзотную пісаніну?

02.07.11 22:10
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч