Адказнасць за крызіс павінна быць запісаная ў Крымінальны кодэкс

За біццё шкла ў Беларусі можна атрымаць 5 гадоў турмы, за абразу кіраўніка краіны – 3. Нават за апладысменты без дазволу можна правесці два тыдні ў ізалятары. Чаму тады ў Канстытуцыі і Крымінальным кодэксе да гэтага часу няма артыкулу пра адказнасць за эканамічны крызіс? Незразумела, чаму ніхто не адказвае ў судовым парадку за збядненне народу?

Два гады таму СМІ паведамілі пра беспрэцэндэнтны судовы працэс. Ісландскі парламент выдаў дазвол на судовы пераслед экс-прэм'ера краіны Гейра Хордэ. Яго абвінавацілі ў халатнасці, якая прывяла да фінансавага калапсу багатай выспы. Падобных выпадкаў у гісторыі пакуль не было.

Да крызісу ісландцы былі адной з найбольш заможных нацый свету. Краіна займала пятае месца на планеце па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва. У 2009 годзе курс кроны абваліўся на 80%, а ўрад быў вымушаны звярнуцца ў МФВ. Да болю знаёмая сітуацыя.

У разгар крызісу былі спыненыя валютныя аперацыі. Але і гэта не дапамагло. Каб паспяваць за інфляцыяй, у крамах штодзённа змяняліся цэны. На запраўках пачало знікаць паліва, у крамах – імпартныя тавары. Вам гэта нічога не нагадвае?

Паводле адмысловай камісіі, якая вядзе следства, Хордэ ведаў пра пагрозу падзення ісландскіх банкаў, але нічога не зрабіў, каб перасцерагчы краіну ад крызісу.

На першы погляд, судовы працэс над ісландскім экс-прэм'ерам выдаецца абсурдам. Фінансавы крызіс быў выкліканы не толькі бяздзеяннем, а і моцнымі вонкавымі фактарамі. Але тады лагічна было б прыбраць з Крымінальнага кодэксу артыкулы пра халатнасць. Варта тады ўвогуле перастаць судзіць дырэктароў заводаў і фабрык, якія даводзяць свае прадпрыемствы да банкруцтва і пазбаўляюць людзей працы. Нельга таксама судзіць чыноўнікаў і за службовы падлог. Заведама ілжывыя звесткі ў афіцыйных дакументах, напрыклад аб разліках калгасу з дзяржавай, заўсёды можна матываваць клопатам пра рабочых.

Але рэальнасць больш жорсткая. Дырэктароў прадпрыемстваў судзяць, часам умоўна, а часта і на рэальныя тэрміны. Хтосьці, напрыклад, абавязаны кампенсаваць страты. Некаторым шанцуе больш – іх проста звальняюць.

Дзяржава – гэта таксама прадпрыемства (у выпадку Беларусі – вялікі калгас). І калі рабочы гэтага прадпрыемства ў адно імгненне страчвае палову свайго заробку, калі ён можа купіць за яго ў краме на палову менш, чым яшчэ ўчора, то ўзнікае рацыянальнае пытанне – хто за гэта адказвае і чаму ён яшчэ на свабодзе?

Рабочы, здаецца, працаваў як і працуе. Штодзённа робіць тую саму справу, але нечакана яму кажуць, што сёння яго праца вартая менш, чым учора. Брыгадзір кажа, што невінаваты і раіць звяртацца да старшыні калгасу. Той нават слухаць не хоча і кажа, што калгаснік жыў не па сродках. Калгаснік у шоку. Як не па сродках? А хто павысіў два месяцы таму заробак і абяцаў праз пару месяцаў яшчэ больш?

Сёння ўжо відавочна, што кіраўніцтва краіны ведала пра збліжэнне крызісу задоўга да знікнення даляраў у абменніках. А што было зроблена? Па вялікім рахунку – нічога. Крэдыты МВФ былі праедзеныя, апрача касметычных дэкрэтаў ніякіх рэформаў так і не было праведзена. Абяцаючы перад выбарамі чарговае павышэнне заробкаў, урад звярнуўся па дапамогу ў ЕўрАзЭС. Чыноўнікі ведалі, што пускаюць пыл у вочы, але працягвалі сваё. Невыкананае абяцання гэта, канешне, не злачынства. Хай гэта застаецца на сумленні тых, хто іх раздаваў. А вось бяздзеянне улады перад абліччам эканамічных праблем – сур'ёзнае злачынства.

Але вінаватых няма. Нікога не судзяць за халатнасць. Ніхто нават не падаў у адстаўку і нікога не знялі з пасады. Як быццам бы нічога і не здарылася.

Судовы працэс над ісландскім экс-прэм'ерам таксама яшчэ не скончыўся. Яму пагражае да двух гадоў турмы. Пра прысуд мы даведаемся ўжо неўзабаве. Аднак прыклад ісландцаў, якія яшчэ ў 1905 годзе стварылі крымінальны суд для разгляду абвінавачанняў над дзяржчыноўнікамі, у любым выпадку варты таго, каб стаць узорам для іншых. І не толькі для Беларусі.

Гэта народ наймае чыноўніка на працу, а не наадварот. І ў грамадства павінны быць інструменты кантролю над уладай. У ідэале вінаватыя павінны былі б падаць у адстаўку, але нават у старых дэмакратыях гэта не заўсёды спрацоўвае. Адказнасць за эканамічны крызіс павінна быць запісаная ў Крымінальны кодэкс. За халатнасць на высокім дзяржаўным узроўні чыноўнікі павінны адказваць напоўніцу.

Калі звычайнага дырэктара прадпрыемства можна пасадзіць на пару гадоў турмы за халатнасць, якая прывяла да страт невялікую фірму, то чаму вышэйшыя дзяржаўныя чыны не адказваюць за тое, што ў выніку іх халатнасці на палову бяднейшай стала цэлая краіна?

18.07.11 9:52
загружаются комментарии