Не чапайце ахвяр – займіцеся катамі

Падкінуўшы нам штучную дыскусію пра мараль і каштоўнасці рэжым абудзіў самае нізкае, што ў нас ёсць. Разважаць пра высокія матэрыі мы можам гадамі, не шкадуючы пры гэтым часу і сіл. А што яшчэ патрэбна гэтай хунце? Ці годна павёў сябе Саннікаў, ці не здрадзіў выбарцам, чаму напісаў прашэнне? Гэтыя пытанні гучаць сёння ў адрас ахвяры, якую незаконна кінулі ў турму, разлучылі з блізкімі, на якую вылілі тоны бруду, над якой здзекваліся самым мярзотным чынам і пагражалі знішчыць фізічна. Так вось і жывем, ахвяры дыскутуюць з ахвярамі, а каты спяць спакойна, гойсаюць на лыжах і лётаюць па Парыжах Пакуль мы будзем спрачацца пра гонар і годнасць, ацэньваючы ўчынак ахвяры, а не ката, яны могуць не хвалявацца. Пачвары ведаюць, што над маральнасцю таго ці іншага ўчынку мы можам дыскутаваць гадамі. Мы сварымся пра мэтазгоднасць выязду Пазняка, пра тое, ці катавалі ў турме Міхалевіча, нават пра тое, ці прызнаваць анархістаў палітвязнямі. Ахвяры дыскутуюць з ахвярамі пра тое, хто з іх большая ахвяра. Галоўнае сёння не паперка выбітая з Саннікава. Галоўнае тое, што ён незаконна сядзіць у турме. А нашая задача сёння – не дыскутаваць, калі чалавек у бядзе, а дамагацца яго вызвалення. Крычаць не пра здраду ахвяр, а пра злачынствы катаў, якія атрымліваюць кайф ад прыніжэння іншых. Задаваць пытанні, як задала Марына Коктыш. Давайце даможамся вызвалення Саннікава, Статкевіча, Бандарэнкі і іншых, дамо ім сказаць, пасля будзем ацэньваць іх учынкі. "Гнуць таго, хто гнецца" – напісаў мне сёння адзін з юзэраў у Фэйсбуку. Другі ўзгадаў пра годнасць. Ведаеце, шэсць гадоў таму мяне затрымалі па дарозе з Плошчы. У аўтобусе мне і маім сябрам добра дасталося. Аднаму разбілі твар і выкінулі з аўтазака, хаця ён прыдумляў адгаворкі што, маўляў, сябра БРСМ і ні ў чым невінаваты. Дзяўчыну, якая клялася, што ёй няма чаго рабіць з адмарозкамі на Плошчы (а ў самой у торбе быў тэрмас і бутэрброды) пагражалі згвалціць і тыкалі тварам у падлогу. На Акрэсціна мяне прымусілі крычаць "Лукашенко – лучший президент в мире". Пару хвілін я рабіў з сябе смельчака і дэманстратыўна сціскаў вусны, пакуль не атрымаў дубінкай па нырках і каленам у жывот. Ведаеце, і я гэта крыкнуў. Мне было сорамна, цела балела ад удараў. Я ляжаў на падлозе і трымаўся за жывот. Але праз хвіліну я ўстаў і пайшоў. І пра таго "хлопца з БРСМ" і пра дзяўчыну, якая "грэбуе адмарозкамі", я час ад часу чытаю ў Інтэрнэце, чую ад знаёмых. Яны, як і хадзілі, так і ходзяць, на Плошчу, носяць зняволеным перадачы, дапамагаюць іх сем'ям. Ды я і ніколі за апошнія шэсць гадоў ані разу не паверыў у тое, што сказаў на Акрэсціна..
26.01.12 0:33
загружаются комментарии