Пра сіндром “Д’Артаньяна в белой шубке”

Лаяць апазіцыю і рабіць выгляд назіральніка “ў белым кажушку” стала ледзь не нормай у Беларусі. Справядлівая крытыка карысная і патрэбная, гэта бясспрэчна. Але пастава Д’Артаньяна, які высоўвае да ўсіх прэтэнзіі і бэсціць без разбору, ну ніяк не пойдзе на карысць перамен у Беларусі. Былы супрацоўнік беларускай пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч праехаўся на днях катком па беларускай апазіцыі, якую нават пасаромеўся назваць апазіцыяй і прыдумаў уласны выраз - Зачыненае акцыянернае таварыства “Беларуская апазіцыя”. Бо, маўляў, яна мірна суіснуе з рэжымам, “разводзіць заходніх лахоў на бабкі” і толькі дае адзін аднаму падсрачнікі. Дзмітры Петрушкевіч не называе прозвішчаў, таму невядома каго ён мае на ўвазе. Можа гэта Павел Севярынец ці Дзмітры Дашкевіч, Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, альбо Мікола Аўтуховіч мірна суіснуюць з рэжымам? Ці не Сяргей Каваленка “разводзіць заходніх лахоў на бабкі” і ці не актывісты БНФ з рэгіёнаў даюць адзін аднаму падсрачнікі? А хто такія прафесійныя ныцікі? Можа маладафронтаўцы? Ну а звольненая з працы “за палітыку” настаўніца Ілініч, выкінутыя з ВНУ студэнты і былыя дэпутаты, якія вымушаныя працаваць на будовах, каб выжыць, гэта, відаць, тыя каго спадар Петрушкевіч назваў “безбедно существовующими”. На ролю таго, хто «плодит бессмысленные и бесполезные ячейки и филиалы своего ЗАО, дабы оправдать непомерные финансовые расходы» як ніхто пасуе Віктар Івашкевіч. Ага. Як былы супрацоўнік пракуратуры і амерыканскі падаткаплатнік, сп. Петрушкевіч цікавіцца, куды ж падзеліся 122 мільёны даляраў, якія з 2000 па 2010 гады вылучулі ЗША на беларускую дэмакратыю. А вось там, у ЗША, ільвіная доля гэтых сродкаў і засталася. На арганізацыю розных семінараў, сустрэч, канферэнцый, сімпозіумаў, сходаў і з’ездаў, якія Петрушкевіч справядліва крытыкуе. Калі падлічыць колькасць замежных ваяжаў прадстаўнікоў апазіцыі за апошнія 10 гадоў, а потым дадаць да гэтага гатэлі, пераезды, розныя дыеты і ганарары, заробкі арганізатарам семінараў, дзесяткам іх памочнікам, то збярэцца дастаткова ўнушальная сума. Той факт, што беспрацоўныя апазіцыянеры не памерлі з голаду і не замарылі свае сем’і, сведчыць аб тым, што і ім перападае капейчына. І я ведаю такіх, хто мае кватэры, даволі някепскія аўтамабілі і можа сабе дазволіць адпачынак у Тунісе. Але давайце будзем цьвяроза глядзець на рэчы, у такой сітуацыі адзінкі альбо, хай сабе нават, дзясяткі людзей. Давайце не мяшаць боб з гарохам. Пасля карціны, якую намаляваў Петрушкевіч, хочаца пайсці і намыліць вяроўку. Апагеем прэтэнзій у бок “лузераў, ныцікаў і камерсантаў ад палітыкі” сталі словы: “Знаете, спадары, ничего личного, просто домой хочется съездить хотя бы перед смертью, а с вами на это надеяться не приходится». А можа ў гэтым і ёсць прычына лузерства беларускай апазіцыі? У тым, што большасць не проста хоча назіраць за ўсім з боку, але і час ад часу жадае харкнуць камусці ў твар, а потым яшчэ на дакладку паздзеквацца: “Эй ты, змагар, слабавата ты за мяне змагаешся”. Стоячы ў белым кажушку даць падсрачніка і пакрыкваць: “Эй, ты, оппозиция, ты мне рубль должен”. Былы старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі, адказваючы калісьці на закід у бяздзеянні апазіцыі, справядліва адказаў: “Грамадства мае ад апазіцыі роўна столькі, колькі ў яе ўкладвае”. У беларускай апазіцыі няма спонсараў унутры краіны. Кожны патэнцыйны дабрадзей разумее, што станецца з яго бізнэсам, калі ён захоча даць капейчыну змагарам і лузерам. Быць у шэрагах апазіцыі – азначае мець бясконцыя клопаты, штрафы, суткі, звальненне з працы, адлічэнне з універсітэта, пагрозы. Можа гэта беларускія алігархі пакрываюць штрафы апазіцыянерам і аплочваюць адвакатаў на палітычных працэсах? Альбо мільённая беларуская эміграцыя, прадстаўнікамі якой і я, і Петрушэнка, з’яўляемся? Калі не ведаеце, хто і з чыіх падаткаў іх аплочвае, то пачытайце пра справу Бяляцкага альбо спытайцеся ў самога Алеся, калі ён выйдзе на волю. Каб перамагчы камунізм, а нават стварыць уласную дзяржаву, палякам і габрэям непатрэбныя былі замежныя гранты, бо яны як адзін ведалі чаго хочуць, былі салідарнымі і не шкадавалі капейчыну на сваю справу. Думаеце сярод іх не было такіх, хто выкарыстоўваў высокія словы для ўласнай нажывы? Былі, ёсць і будуць у любой дзяржаве і ў любым народзе. А ў сістэмах, такіх як Беларусь, атмасфера для злоўжыванняў проста ідэальная. Але ж не трэба грэбці ўсё ў адну кучу і ледзь не ставіць у адзін шэраг катаў і ахвяр. Крытыка Дзмітрыя Петрушкевіча дзе-нідзе слушная. І пра частыя ваяжы за мяжу і пра адсутнасць перамог. Але колькасць такіх крытыкаў дайшла да мяжы, за якой ужо амаль не бачна апазіцыі, бо кожны саромецца атрымаць ярлык “змагара” і аддае перавагу ролі назіральніка з прэтэнзіямі. Думаю, што 150 гадоў таму многія беларусы лічылі дзіваком Кастуся Каліноўскага, які з касой пайшоў на царскае войска. Многія нават здавалі паўстанцаў, якія за іх жа і змагаліся. А ці не ідыётамі былі кіраўнікі войска Вялікага княства, якія ў разы з меншай за маскоўскую арміяй, вырашылі перамагчы іх пад Воршай. Калі на пачатку мінулага стагоддзя Купала, Колас, Багдановіч і Гарэцкі пачалі пісаць па-беларуску, многія лічылі іх дзівакамі, бо ж ёсць руская альбо польская мовы, якія гарантуюць поспех і грошы. Гарадскімі вар’ятамі на паслугах Кайзера пэўна шмат хто называў айцоў-заснавальнікаў БНР (то жа мне, іш ты, прыдумалі, яціт іх маць страну). Контррэвалюцыяй і агентамі былі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ў савецкія часы, а пазней розныя “талакоўцы” і “майстроўцы”. Такімі ж на пачатку 90-ых лічылі і дэпутатаў БНФ, якія бегалі са сваёй “незалежнасцю, талерамі, мовамі і сцягамі”. Але без гэтых дзівакоў і гарадскіх вар’ятаў сёння не было б таго, што мы яшчэ, дзякуй Богу і ім, называем Беларуссю і беларускім народам. Таксама і без гэтых лузераў, ныцікаў і паліткамерсантаў, якія ўсе 18 апошніх год, нягледзячы на рэпрэсіі, абразы і фізічны гвалт, працягваюць разносіць “мифические листовки” і бегаць па сімпозіумах, не будзе ў Беларусі ніякай дэмакратыі. Так, яны пакуль не моцныя і за імі не хочуць ісці “люди в погонах”. Але гісторыя паказвае, што людзі ў пагонах нідзе яшчэ не збудавалі дэмакратыі і не дабіліся высокага дабрабыту для сваіх грамадзян. А гісторыю, як раз, твораць розныя змагары і спадары. Авангард, які не ные, што ён малы, а кожны дзень штосьці робіць. А калі ёсць ідэі і прапановы – што рабіць змагарам і лузерам – падзяліцеся імі. Але для таго, каб Вас пачулі – неабавязкова крычаць..
26.04.12 1:34
загружаются комментарии