Памяці 128-мі

Гэта гісторыя пра тое, як адным травеньскім ранкам савецкія партызаны расстралялі 128 мірных жыхароў заходнебеларускай вёскі Налібокі. Першы раз я пачуў гэты аповяд, калі мне было 10 год, ад сваёй бабулі. Яе гісторыя гучала для мяне тады як фантыстыка. На мітынгах у Дзень Перамогі я чуў іншае, у школе мне казалі зусім другое, у кніжках пра гэта не было ані слова. Сваёй бабулі я доўгі час не верыў. Лічыў, што 80-гадовая жанчына нешта наблытала альбо наўмысна выдумляе. Адной пагоднай раніцай у жніўні 1942 года жыхароў Налібокаў сустрэлі расклееныя на слупах па ўсім мястэчку абвесткі мясцовага аддзялення СС:
Цитата
«Па загадзе каменданта жандармерыі, а таксама кіраўніцтва CC і паліцыі ў Налібоках ствараецца самаахова мястэчка і навакольных вёсак ад рабункаў і тэрору бандытаў з лесу. Усе мужчыны ад 18 да 40 год абавязаныя з’явіцца ў сядзібе гміны на службу. За невыканнне загаду – смерць”.
Немцы “ўзбройваюць” 144 мясцовых мужчын 28 старымі вінтоўкамі і пакідаюць мястэчка. За парадак, спраўнасць тэлефоннай лініі, абарону ад партызанаў і своечасовыя пастаўкі акупантам харчавання налібачане адказваюць уласнай галавой. Налібокі апынаюцца паміж савецкім молатам і нямецкім кавадлам. Пра служэнне немцам няма і мовы. “Абараніцца” ад 10 тысяч партызан у пушчы пры дапамозе 28 вінтовак – немагчыма. Большасць мясцовых спачувае польскім легіёнам, у шэрагах якіх ёсць і налібачане. Увесну 1943 году бальшавікі ўжо цалкам кантралююць лясныя групы ў Налібоцкай пушчы. Працягваюцца напады на навакольныя вёскі. Невядомыя рабуюць сялян і гвалцяць жанчын. Тэрор і страх паглынае ўсё болей ахвяр. Страляць у партызан налібачане баяцца, бо ўначы з лесу можа прыйсці помста і адказваць за аднаго ляснога прышэльца давядзецца цэлым сем'ям, як гэта ўжо не раз бывала. Глядзець склаўшы рукі на тое, як партызаны рабуюць мясцовае насельніцтва - «самаахова» не можа. За бяздзеянне СС-аўцы не раз пагражалі спаліць вёску. Кіраўнік налібоцкай самааховы Яўген Клімовіч вырашае ехаць у лес на перамовы з бальшавікамі. Партызаны прапанаюць правесці імітацыю нападу на “самаахову”, каб пазбегчы нямецкай помсты на вёску. Чальцы “самааховы” павінны паддацца і са зброяй перайсці да партызан. Налібачане меліся патлумачыць пазней немцам, што бальшавікі напалі на вёску і арыштавалі ўсіх “самаахоўцаў”. Савецкія камандзіры ставяць умовы: пасля аперацыі налібоцкія мужчыны павінны прыняць прысягу на вернасць Сталіну і ўвайсці ў шэрагі партызанскага атраду. Клімовіч пагаджаецца на імітацыю нападу, але просіць даць яму час, каб абдумаць прапанову аб пераходзе ў партызанку. Бакі дамаўляюцца перад “нападам” сустрэцца яшчэ раз і да “захопу” пазбягаць узаемных сутыкненняў. Партызаны не стрымалі сваё слова. 8 траўня а 5 раніцы атрады бальшавікоў акружылі мястэчка. Вось як узгадвае першыя стрэлы партызанаў былы налібачанін Вацлаў Навіцкі.
Цитата
“Доўгая серыя з кулямёту разарвала пярэднюю сценку пад вокнамі нашага дома і канапу ў іншым канцы пакоя. Кулі затрымаліся на процілеглай сцяне, некалькі сантыметраў над нашымі галовамі. (...) З- за вокнаў даходзіў крык: “Давай, давай, вперёд!”. Мама падбегла да вакна і загаласіла: “Вёска гарыць!”. Я выбег у бялізне на падворак. Над вёскай і мястэчкам дым. Лямант у нашых суседзяў Лукашэвічаў. Два ўзброеныя чалавекі выводзяць з хаты Караля. За мужам бяжыць жонка Поля, за ёй бацькі. Людзі даводзяць Караля да гумна. Гучаць два сухія стрэлы з пісталету”.
Партызаны, мужчыны і жанчыны, забягалі ў хату, стралялі ў гаспадароў, а часам і ў цэлыя сем’і, і з крыкам “ура” ішлі забіваць далей. Спалоханыя чальцы “самааховы” самі выбягалі на падворак, мяркуючы, што адбываецца дамоўленая з партызанамі аперацыя. Яны стралялі ўгару, а партызаны адказвалі ім серыямі з аўтаматаў, забіралі ў хатах каштоўныя прадметы і падпальвалі будынкі. Яніна Стасюкевіч запомніла, як яна з маці і малым братам хавалася ў склепе. Партызан загадаў ім выйсці. Калі маці выходзіла з малым сынам на руках, партызан стрэліў ёй у нагу. Вераніку Стасюкевіч выратаваў іншы партызан, які загадаў спыніць агонь і прыгразіў застрэліць свайго паплечніка. Яніна бачыла, як партызаны застрэлілі двух маладых налібоцкіх настаўнікаў. 22 і 22-гадовыя хлопцы ляжалі мёртвыя ў садзе, а партызаны дзяўблі ім штыкамі вочы і загадалі 6-гадовай Яніне і яшчэ чацьвярым дзецям глядзець на гэтую жахлівую сцэну. У дом Стэфана Стасюкевіча ў пошуках ежы ўварваліся жанчына і двое мужчын. Яны пераламалі мэблю, пабілі посуд і, не знайшоўшы ежы, сышлі. Тады на кані пад дом пад’ехаў партызан. Ён папрасіў у Стэфана запалкі, а потым застрэліў гаспадара і падпаліў яго дом. Мечыслаў Клімовіч, які быў тады падлеткам, памятае, як партызаны выводзілі на вуліцу налібоцкіх мужчын і загадвалі станавіцца ў шэраг. Да іх на кані пад’ехала жанчына, прывязала каня да плота і са спакойным тварам пачала страляць па мясцовых. 17-гадовую Марысю Грыгарцэвіч будзяць стрэлы з аўтамата. Дзяўчына выглядае ў вакно і бачыць, як незнаёмы падвальвае іх гумно. У дом забягае іншы партызан. У сенях стаіць муляр Альберт Фарботка, які жыве ў Грыгарцэвічаў на кватэры. Партызан страляе яму наўпрост у твар і пахіляючыся над ім крычыць: - Ёб тваю маць, сволач... Пахіляецца, хапае за руку і шукае гадзіннік. Няма .... “пракляты піздзец”. Партызан сцягвае з Альберта штаны і выбягае на двор. Марыся бачыць, як гараць дамы Карневічаў, Лойкаў, Хмараў... 15-гадовы Болесь Хмара хаваецца ў хаце. Праз сцены ён чуе, як партызаны выводзяць на двор яго старэйшага брата. Жанчына страляе яму ў грудзі. Куля трапляе ў ключыцу і разрывае костку. У сям’і Каржэнькаў партызаны таксама забіваюць старэйшага сына. Малодшы Толік назірае за гэтым з хлява. Калі саветы выходзяць на вуліцу, ён сядае на каня і ўцякае ў бок лесу. Бацька, мяркуючы, што гэта адзін з партызанаў, хапаецца за вінтоўку і страляе. Толік падае на зямлю. Перад тым, як падвальваць дамы, партызаны іх дашчэнту рабуюць. З сабой у лес яны забіраюць 100 кароў і 70 коней. За 2 гадзіны ад рук лясных бандытаў гіне 128 налібачан. Ахвяры – пераважна мужчыны, але сярод забітых ёсць тры жанчыны, падлеткі й дзесяцігадовае дзіця. Некаторыя сем’і страцілі 7-8 чалавек. Пахаванне забітых працягвалася некалькі дзён. У многіх трумнах былі толькі рэшткі спаленых цел, у некаторых – толькі попел. Так трагедыю памятаюць жыхары Налібокаў і сем’і ахвяр. Але такога апісання тагедыі 8 траўня 1943 году дарэмна шукаць у савецкіх крыніцах. Сярод дакументаў тых часоў ёсць затое службовая нататка кіраўніка савецкай партызанкі на Наваградчыне, маскоўскага стаўленніка генерала Васілія Чарнышова “Платона”:
Цитата
“Уначы 8 мая 1943 году партызанцкія атрады пад кіраўніцтвам тав. Гулевіча і камісара тав. Муратава знянацку разграмілі нямецкі гарнізон самааховы мястэчка Налібокі. У выніку двухгадзіннай барацьбы загінулі 250 самаахоўцаў”.
У навагрудскім музеі можна пабачыць дакладнае апісанне “перамогі над нямецкім гарнізонам” (варта дадаць, што ў той дзень у вёсцы не было аніводнага немца).
Цитата
“У дзень аперацыі ў густым лесе 3 км. ад вёскі Новы Двор сабралося пяць груп, агулам больш за 1110 партызан абодвух полаў. Кіраваў камандзір Гулевіч. У іх былі аўтаматы ды вінтоўкі. Тры аддзелы партызанаў у складзе 730 чалавек атакавалі Налібокі. Брыгады ў таямніцы наблізіліся да мястэчка а 4 раніцы, адкрываючы дарогу пяхоце, быў адкрыты агонь з вінтовак. Гарнізон быў здабыты. Вынік сутычкі: 250 чальцоў самааховы былі забітыя падчас двухгадзіннай барацьбы, было спалена шмат дамоў, здабытая зброя, кулямёты і стрэльбы. Падчас знішчэння гарнізону ў Налібоках загінулі пяцёра партызанаў, шасцёра былі параненыя. Чатырох нямецкіх халуёў застрэліў асабіста камандзір Павел Гулевіч”.
У гэтым дакуменце завышаная ня толькі колькасць ахвяр (амаль у два разы), але і колькасць партызан. Паводле сведкаў, бальшавікоў было ня больш за 150 чалавек. За напад на Налібокі адказвае брыгада імя Сталіна. Згаданы вышэй загад генерала “Платона” ад 10 мая 1943 г. пералічвае аддзелы, якія ўзялі ўдзел у нападзе на Налібокі: атрад Дзяржынскага, Бальшавіка, Суворава і іх камандзіры – тав. Канстанцін Шашкін, тав. Макаеў, тав. Фёдар Суркоў. Сярод нападнікаў былі й партызаны з так званага габрэйскага сямейнага атраду Шлёмы Зорына. У яго шэрагах былі і налібоцкія габрэі, якія ўцяклі ў лес пасля прыходу немцаў. Напад на Налібокі быў карай мясцовым жыхарам за нелаяльнасць партызанам і сумневы ў супрацоўніцтве з бальшавіцкай уладай. Партызнаскі рэйд стаў таксама выдатнай нагодай да нажывы: вёска была да шчэнту абрабаваная. Ці адказалі забойцы 128 налібачан за свае забойствы? Не. Гэтага і не магло адбыцца, бо дазвол ці хутчэй загад на забойства выдаў начальнік НКВД у Івянцы Грыгорый Сідарок “Дубаў”. Ён быў кімсці накшталт куратара партызанаў у Налібоцкай пушчы. Яго разам са згаданым вышэй “Платонам” на пачатку 1943 году перакінулі з Масквы для ўмацавання кіаўніцтва партызанскім рухам. Сваю справу, трэба сказаць, яны выканалі на ўсе пяць. Старшыня Цэнтральнага штаба партызанцкага руху Панцеляймон Панамарэнка ўзнагародзіў кіраўнікоў аперацыі ў Налібоках. Сярод іх быў і камандзір атрада імя Сталіна Павел Гулевіч, які, фактычна, кіраваў забойствамі налібачан. Сам ён хваліўся чатырма забітымі. Пасля вайны многія ўдзельнікі налібоцкай аперацыі атрымалі высокія партыйныя пасады ў Беларусі, частка вярнулася ў Расею. Ва ўспамінах некаторых з іх яны хваляцца, як 8 мая 1943 году забілі ў Налібоках больш двух сотняў немцаў і паліцаяў. Распачатую партызанамі справу праз тры месяцы завершылі немцы. Напрыканцы ліпеня ў рамках антыпартызанцкай аперацыі Hermann у вёску ўвайшла Зондэркаманда СС “Dirlewanger” і ўкраінскі батальён “Nachtigal”. 6 жніўня немцы даюць вяскоўцам паўгадзіны на зборы і загадваюць збірацца на цэнтральнай плошчы. Кажуць, што вывозяць у Нямеччыну. Хворых, старых і нямоглых налібачан расстрэльваюць на месцы. Кулю атрымлівалі і тыя, хто адмаўляўся выконваць загад і не хацеў пакідаць свой дом. Немцы падпальваюць вёску. Да вечара з 500-гадовага мястэчка застаецца попел і высокія цагляныя коміны. Пасля вайны ў Налібокі вярнуліся многія вывезеныя ў 1943 годзе вясцоўцы. Яны адбудавалі мястэчка, а новая ўлада паставіла ў яго цэнтры помнік партызанам і загінуўшым ад рук немцаў мясцовым жыхарам. Калі я вучыўся ў школе, то мы штогод праводзілі там урачыстасці з нагоды Дня Перамогі. З часам я адкрыў, што на помніку пералічваюцца імёны некаторых забітых партызанамі аднавяскоўцаў у трагічны 8 траўня 1943 году. Рэшта імёнаў – гэта чужыя мясцоваму вуху прозвішчы. Магчыма, гэта імёны партызанаў, якія забівалі налібачан і самі загінулі падчас аперацыі. Іронія лёсу. І забойцы, і іх ахвяры на адной пліце помніка! Я ня раз казаў пра сваё адкрыццё настаўнікам, дырэктару школы, старшыні сельсавету, пісаў артыкулы ў раённую газету. Праз пару год стары помнік знеслі і ў больш пачэсным месцы паставілі новы. Але прозвішчы на ім засталіся тыя самыя. Грыгорый Сідарок "Дубаў" аддаў загад забіваць жыхароў Налібокаў. Маёр Павел Гулевіч непасрэдна кіраваў аперацыяй у Налібоках. Забіў чатырох чалавек. Васілій Чарнышоў "Платон" - аўтар легенды пра "разгром нямецкага гарнізону ў Налібоках". Панцеляймон Панамэрнка ўзнагародзіў удзельнікаў налібоцкага пагрому..
07.05.12 21:10
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч