Адказ Петрушкевічу

Часта так атрымліваецца, што нават вельмі добрая і своечасовая, на першы погляд, ініцыятыва пачынаецца з таго, што яе ініцыятары і аўтары абражаюць іншых. І пры гэтым яшчэ ўмудраюцца даводзіць важнасць і неабходнасць аб'яднання. Дзмітры Петрушкевіч, з якім у мяне ўжо адбылася дыскусія, у чарговым допісе не толькі намякнуў пра маю “подконтрольность режиму”, але і паставіў пад сумнеў існаванне беларускай дыяспары ў ЗША, з якой бы ён, здаецца, і хацеў звязацца, але ва ўпор не бачыць. Сп. Петрушкевіч, Вы здзіўляецеся, пра якую такую дыяспару я кажу. Маўляў, няма такой у ЗША. Шукалі і не знайшлі. Я бываў некалькі разоў у Амерыцы і каб знайсці беларускія асяродкі за акіянам мне спатрэбілася не больш за 5 хвілін. Магчыма я адкрыю Вам таямніцу, але беларусы ў Амерыцы з'явіліся больш за 100 год таму. У іх там ёсць свае арганізацыі, дамы, цэрквы, навуковыя ўстановы, выданні, музеі, нават могілкі. А прозвішчы Кіпель, Шукелойць, Орса-Рамано, Запруднік, Станкевіч ведаюць нават многія беларускія школьнікі. Каб іх знайсці, неабавязкова хадзіць па вуліцах са свечкай. Дастаткова пагугліць і праз пару хвілін вы знойдзіце землякоў у любой кропцы свету. (На ўсялякі выпадак далучаю спіс асноўных беларускіх устаноў у Амерыцы). Працы, як кажа Ўладзімер Барадач, хопіць усім, абы было каму працаваць. Найбольш Вас, сп. Петрушкевіч, закранула маё меркаванне, што я пазбаўляю Вас права паліваць з-за мяжы брудам і без разбору апанентаў Лукашэнкі, а сам тым часам, як журналіст з замежжа, каментую падзеі ў Беларусі. Сумняюся, што мае допісы здолеюць адарваць Вас ад кампутара і, шчыра кажучы, да гэтага не імкнуся. Дзіўна аднак, што былы супрацоўнік пракуратуры не бачыць розніцы паміж паліваннем брудам ці паклёпам і каментаваннем падзей. Слушна кажа Павел Шарамет: «Не нужно нервничать, обсуждая различные варианты взаимодействия в рамках борьбы за политические перемены в Беларуси». Калі лічыце апазіцыю слабой, дык памажыце тым, каго Вы лічыце сумленнымі і незаплямленымі. Лічыце «змагароў» марыянеткамі Лукашэнкі, то давайце доказы альбо паспрабуйце сур'ёзна аргументаваць свае ацэнкі, каб яны не гучалі як звычайныя плёткі. Слабая дыяспара ў ЗША? Дык дапамажыце далярам ці проста сустрэньцеся з землякамі. Можа хтосці, як і Вы, сп. Петрушкевіч у свой час, шукае дапамогі, але не можа яе знайсці, бо Вы яму не патэлефанавалі, не падышлі не канферэнцыі і не прапанавалі жытло ці помач у пошуку працы. Лічыце Гурневіча «подконтрольным режиму»? Ваша права. Усеагульная абавязковая люстрацыя, гарачым прыхільнікам якой я з'яўляюся, расставіць у дэмакратычнай Беларусі ўсе кропкі на і. Склалася ўжо заканамернасць, што палітычныя эмігранты новай хвалі пачынаюць ганіць апазіцыю ў Беларусі пасля таго, як становіццца ясна, што эміграцыя гэта не смачны хлеб. Што яны ў эміграцыі ўжо не патрэбныя тым заходнім палітыкам, экспертам, якія іх уважліва слухалі ў Беларусі ці ў першыя дні пасля ад'езду. Але прычым тут беларуская апазіцыя? P.S. Дарэчы, пра выданне кніг. Далучайцеся да шляхетнай справы. Карысныя спасылкі: http://www.baza-belarus.org/Беларуска-амерыканскае згуртаванне "Пагоня". Беларускі маладзёвы рух Амерыкі. Згуртаванне беларускай моладзі ў Амерыцы. Беларуска-амерыканскі грамадкі цэнтар "Полацак". Беларускі музей. Беларуская праваслаўная Аўтакефальная царква. Цэнтр беларускіх даследаванняў. Спіс беларускіх арганізацый ў ЗША..
25.05.12 21:22
загружаются комментарии