Прэзідэнцкі картэж (фота)

Ці ёсць у сацыяльных сетках альбо на блогах здымак Аляксандра Лукашэнкі, альбо яго картэжу, зроблены не яго ўласным фатографам альбо прыдворнымі СМІ? Здымак зроблены не папараццы альбо акрэдытаваным на афіцыйную урачыстаць фатографам, а звычайным мінаком. Можа я штосьці прапусціў, але не магу прыгадаць такіх выпадкаў. Гэтае пытанне насунулася мне сёння ў галаву, калі я шпацыраваў па цэнтру Варшавы. Палякі святкуюць сёння свята Войска Польскага і на галоўнай плошчы Варшавы адбываліся ўрачыстасці з гэтай нагоды. Мне закарцела пабачыць парад і я арандаваў на гадзінку ровар. На плошчу Незалежнасці я прыехаў акурат перад прыбыццём афіцыйных дэлегацый. Ніякіх брамаў, металашукальнікаў, сотняў паліцэйскіх альбо "мінакоў з навушнікамі". Спачатку я абагнаў картэж прэм'ера Дональда Туска, які міла ўсміхаўся праз вакно і вітаў варшавянаў махаючы рукой. Праз пару хвілін дыктар абвесціла, што на пляц прыбывае картэж прэзідэнта Браніслава Камароўскага. Людзі пачалі даставаць фотаапараты і настаўляць іх у бок прэзідэнцкага аўто. Натоў мірна шчоўкаў фоткі і махаў прэзідэнту рукамі. Камароўскі як дзіця прыліп да шыбы і таксама ўсміхаючыся вітаўся з натоўпам. Ані целаахоўнікаў, азвярэлага АМАПу, "навушнікаў". Усё адбывалася так, як быццам бы па дарозе ехаў рэйсавы аўтобус, а людзі віталіся са сваім знаёмым. Дзясяткі цікаўных глядзелю на дзею з балконаў гатэляў альбо проста адчыніўшы вокны, папіваючы з прыемнасцю каву. Ніякіх зачыненых фрамуг! Відаць, да металашукальнікаў і зачыненых вокнаў Камароўскі не дарос. 53% гэта не 83% і нават не 79%. .
15.08.12 15:34
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч