Ленін даў нам дзяржаўнасць. Дагнаў і яшчэ раз даў.

Калі беларусамі ўшаноўваецца памяць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, то варта таксама з размахам адзначаць "Свята рыжскай дамовы" і "Гадавіну пакту Молатава-Рыбентропа". У 1917 годзе беларусы дапамаглі Леніну зрабіць у Расійскай імперыі рэвалюцыю. Ленін пахваліў нашых суродзічаў і падарыў БССР. “Бярыце хлопцы, даю я вам сваю краіну. Будуйце дзяржаўнасць, а я буду ўсяляк падтрымліваць вашыя памкненні”. Беларусы ўзялі. Потым нешта там у іх не атрымлівалася, пачалі яны круціць носам, ну дык Ленін кажа: “наце вам ЛітБел ССР”. Ізноў не ўгадзіў. Потым даў ізноў БССР. Далей было нешта незразумелае, але вядома, што палякі і нехта там яшчэ, карацей нейкія кепскія бальшавікі ці што, у 1921 годзе ў Рызе падзялілі Беларусь на два кавалкі. Праз 18 год нашчадкі Леніна адумаліся, маўляў, а што ж мы нарабілі, і пайшлі з вінтоўкамі вызваляць Беларусь з-пад польскага панскага ярма ў якое самі ж аддалі ў згаданай Рызе. І ізноў стала Беларусь. Прыкладна такое ўяўленне пра адраджэнне беларускай дзяржаўнасці ў 20 ст. я вынес са школы. Гэтую байку беларусам баілі больш за паўстагоддзя і прымусілі многіх паверыць, што дзяржаўнасць – гэта дар камуністаў, а ўдзел саміх беларусаў у гэтай падзеі быў ускосны. І сёння я чытаю словы чалавека, які быццам бы мае дыплом гісторыка і называе сябе прэзідэнтам Беларусі: “Наш народ никогда не забудет о том, что Великий Октябрь предоставил ему право на самоопределение и обретение государственности, став тем фундаментом, на котором мы построили суверенную Республику Беларусь”. Хацелася б запытацца ў гэтага гісторыка, а як гэта так атрымалася, што рэвалюцыя адбылася ў 1917 г., а савецкая Беларусь была абвешчана амаль праз два гады пасля гэтага. Калі ўдалося абвесціць у 1918 годзе БНР, то што перашкаджала раней бальшавікам, якія валодалі сілай, абвесціць савецкую Беларусь? Адказ просты: яны гэтага не толькі не хацелі, не толькі не дапускалі такой думкі, яны ўсяляк супраціўляліся любым крокам беларусаў на самавызначэнне. Украінская ССР, напрыклад, была абвешчана праз месяц пасля рэвалюцыі. Літоўскую савецкую рэспубліку бальшавікі прызналі ў лістападзе 1918 г. Ніякай Беларусі, у любой форме, бальшавікі не хацелі і бачыць, яны лічылі яе выдумкай, ілюзіяй, непаразуменнем. У першыя бальшавіцкія рады беларусаў увогуле не дапускалі. У першых рэзалюцыях Фрунзэ, старшыні мінскага савета, не было ані слова не тое, што пра савецкую Беларусь, нават пра аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі не было гаворкі. Пра сваю краіну марылі за тое тысячы беларусаў. Тыя, якія з пачатку стагоддзя арганізоўваліся ў гурткі па інтарэсах альбо, як цяпер модна казаць, гета. Але і яны абмяжоўваліся выключна аўтаноміяй у складзе Расіі. Думка пра сваю дзяржаўнасць была марай, у якую пакуль верылі адзінкі. Нават на І Усебеларускім з'едзе 25 сакавіка 1917 году беларускія дзеячы казалі выключна пра аўтаноміі ў складзе Расіі. Але нават сцэнар аўтаноміі бальшавікам быў недаспадобы. Зьезд яны разагналі, а многіх яго ўдзельнікаў арыштавалі. Расстраляць не паспелі, бо ў Менск прыйшлі немцы. Бальшавікі падчысцілі дзяржаўныя сейфы, нашкрэблі 200 чалавек аховы і ў класных вагонах (як і належыць пралетарыям) намеціліся ўцякаць у Смаленск. Мінскія дэпоўцы запатрабавалі, каб тыя аддалі нарабаванае беларускае дабро і зброю ды адмовіліся даваць бальшавікам паравоз. У адказ тыя расстралялі начальніка станцыі й некалькі дэпоўцаў і паставалі ўмову Народнаму беларускаму сакратарыяту: не выпусціце - бабахнем з усіх гармат і кулямётаў па Мінску. Беларусы, натуральна, пашкадавалі сталіцу і паравоз далі. Падчас адсутнасці бальшавікоў беларусы часу не гублялі. Яны стварылі свае камітэты і арганізацыі. Пачалі выдаваць газету. Беларускіх рух мацнеў і да канца лета налічваў некалькі дзясяткаў тысяч прыхільнікаў. Не заўважыць гэтага бальшавікі не маглі. Калі раней яны ўспрымалі беларусаў, як кагосці, хто боўтаецца ў іх пад нагамі, то цяпер яны пачынаюць цягнуць час і абяцаюць аддзяленне. Ім верыць некалькі нацыянал-камуністаў. Яны едуць ў Петраград і ствараюць Белнацкам пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў на чале якога стаіць Сталін. Ані Сталін, ані мясніцоўцы, які прадстаўлялі ў той час уладу бальшавікоў у Беларусі (у Смаленску), нават чуць не хочуць пра нейкі там савецкі беларускі ўрад і Беларусь. Яны бачаць Беларусь выключна як Заходнюю камуну ў складзе Расіі. Немцы ў Мінску таксама не хочуць слухаць пра Беларусь. Але скарыўстаўшыся адсутнасцю бальшавікоў беларусы абвяшчаюць БНР. Запрацавалі некалькі соцень беларускіх школ і гімназій, музычная школа, педагагічны інстытут. З'явіліся свае выдавецтвы, газеты. У Літве і Ўкраіне запрацавалі прадстаўніцтвы. Бальшавікі называюць ўсё гэта контррэвалюцыяй і буржуазнымі інтрыгамі. Натуральна, ніхто ў Петраградзе прызнаваць БНР не збіраецца. Старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч едзе ў Маскву да прадстаўніка Белнацкаму Жылуновіча і хоча прасіць сустэчу ў Леніна. Мы, маўляў, прызнаем уладу саветаў, а вы прызнайце БНР і мы разам створым кааліцыйны ўрад. Ленін не захацеў сустракацца. "Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты. Коммунисты не могут в каком бы то ни было случае принимать участие в этом движении" – піша ў той час будучы бальшавіцкі чыноўнік у Беларусі Кнорын (ягоным імем названая адна са сталічных вуліц). Жылуновіч піша ў друкаваным органе Белнацкаму “Дзянніцы”, што Сталін і чуць не хочуць па Беларусь, бальшавікі настойваюць на Заходняй камуне. Так і адбываецца. Беларусь зацьвярджаюць Заходняй вобласцю. Жылуновіч заклікае беларусаў вяртацца дадому і самім ствараць урад. Пра гэта даведваецца Ленін. 25 снежня 1918 году Белнацкам запрашаюць да Сталіна й абяцаюць, што будзе вам Беларусь, пачакайце трошкі. Калі на сходзе ў Смаленску абвяшчалі, што неўзабае будзе створана БССР, то камуністы зь Віцебску працівіліся, сьвісталі, яны не хацелі і чуць і пра Беларусь. Абвяшчаюць склад вышэйшага партыйнага органа краіны – з 15 чалавек толькі два былі беларусамі. Ключавыя пасады ва ўрадзе атрымалі людзі Мяснікова, у тым ліку й Кнорын, аўтар незабыўных радкоў пра беларусаў. 1 студзеня абвяшчаецца пра стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Але савецкай Беларуссю давялося цешыцца нядоўга. Праз два тыдні, 16 студзеня 1919, бальшавікі пачалі яе ліквідацыю. Саветы стварылі дзяржаву, каб легалізаваць свае пагромы і знішчэнне мовы і культуры, каб ад імя народу арыштоўваць непажаданых палітыкаў. Кур’ёзам стаў першы Ўсебеларускі з'езд саветаў. Ён, як вярхоўная рада рэспублікі, прыняў канстытуцыю і ў той жа момант прызнаў неабходнай ліквідацыю дзяржаўнасці. З'езд прагаласаваў за перадачу беларускіх абласцей Расіі. Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні перадалі РСФСР. 27 лютага абрэзкі Беларусі зьлілі зь Літвой у ЛітБел ССР (ва ўрадзе якой, дарэчы, не было аніводнага беларуса). Другі раз БССР абвесцілі 31 ліпеня 1920 году. Новая БССР складалася з шасьці паветаў Мінскай губерні. Гэта была мікраскапічная рэспубліка. Неўзабаве яе займаюць палякі. У 1921 годзе на Рыжскай канферэнцыі палякі і бальшавікі пачынаюць без удзелу беларусаў дзяліць нашу краіну. Савецкая дэлегацыя прапануе палякам усю Беларусь, а ўзамен палякі павінны былі б прызнаць Савецкую Ўкраіну. Пілсудзкі на гэта не ідзе. Ён хоча мець буфер паміж Расіяй і Польшчай. БССР застаецца існаваць у невялікай частцы сваіх этнічных тэрыторый. Без гэтай заблытанай храналогіі цяжка зразумець рэальную ролю бальшавікоў у беларускай дзяржаўнасці. 1917 год, бясспрэчна, быў нагодай для ўзнікненьня Беларусі. Але праблема ў тым, што ніхто даваць беларусам сваю краіну не збіраўся. Супраць гэтага працавала ўся вялізарная чырвоная сыстэма. Толькі самаарганізацыя беларусаў, адважныя палітычныя канцэпцыі і рэальнае іх вырашэнне стала зарукай узнікнення Беларусі. Спачатку БНР, а потым і БССР. Гэта каштавала неверагодных высілкаў, нерваў, сілы волі, духу, а пазней слёз і крыві. Ці ўдалося б беларусам мець сваю дзяржаўнасць, калі б не некалькі сотняў смелых, якія за лічаныя месяцы здолелі паказаць бальшавікам: беларусы ёсць і ігнараваць гэтага вы не можаце. Большасць з іх згіне пазней у савецкіх лагерах, у турмах, частку расстраляюць у Курапатах. Камуністычны тэрор пазбавіў беларусаў эліты, амаль знікла пераемнасць пакаленняў. Беларусы ў СССР былі фактычна вымушаныя пачынаць з чыстага ліста. І ім ізноў удалося. Калі сёння я чую, што беларусы павінны святкаваць дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі хаця б таму, што гэта камуністы падаравалі нам дзяржаўнасць, то хачу спытацца камуністаў: а ці святкуеце вы дзень пачатку І сусветнай вайны, якая падаравала ваш шанец правесці вашу вялікую рэвалюцыю? Куды б зайшлі бальшавікі без сусветнай вайны можна толькі гадаць. Калі крочыць навязанай камуністамі логіцы, то беларусы павінны таксама святкаваць і дзень падпісання рыжскіх пагадненняў. Фактычна БССР захавалася дзякуючы палякам, якія адмовіліся браць ад бальшавікоў усю тэрыторыю прапанаваную камуністамі. Чарговым святам мог бы быць дзень падпісання пакту Молатава-Рыбентропа, на падставе якога бальшавікі занялі Заходнюю Беларусь і ў выніку чаго Беларусь пасля вайны аб’ядналася. У найноўшай гісторыі можна святкаваць пачатак перабудовы, дзякуючы якой СССР пачаў рассыпацца і крызіс даў шанец паняволеным народам абвесціць сябе незалежнымі дзяржавамі. Усе гэтыя даты й падзеі ніхто не планаваў як дабрадзейства для беларусаў. Гэта беларусы, скарыстаўшыся няпэўнымі часамі, войнамі, канфліктамі, крызісамі, змаглі вырваць з зубоў вялікіх братоў, кавалак за кавалкам, сваю дзяржаву. У гэтым нашыя прадзеды не вынаходзілі ровара. Гэта спрадвечнае правіла гісторыі. І ў гэтай гісторыі сваю дзяржаву беларусы здабылі не дзякуючы рэвалюцыі ці бальшавікам, а насуперак ім, самі, усім ворагам на злосць..
06.11.12 23:09
загружаются комментарии

Дзмітры Гурневіч