Пад Стоўбцамі бачылі Гебельса са свіным рылам

Сітуацыя вакол афрыканскай чумы свіней у Беларусі ўсё больш набывае формы гратэску. Нахабства ўлады і драма мясцовых людзей найлепш бачныя на Стаўбцоўшчыне, дзе масавы мор свіней пачаўся на пачатку чэрвеня.


За гэтыя паўтара месяца мясцовыя жыхары, часам пад прымусам ветэрынараў і міліцыі, перарэзалі палову свіной папуляцыі ў раёне, а Мінсельгасхарч 12 ліпеня (!!!) супакойвае грамадзян: “На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна па стане на 12 ліпеня не зафіксавана выпадкаў падзяжу свіней, выкліканага АЧС”.

Паводзіны вертыкальшчыкаў і вышэйшых уладаў за два апошнія месяцы інакш як бязмежжам цынізму назваць нельга. “Чысціць” падсобныя гаспадаркі ад свіней на Стаўбцоўшчыне пачалі ў першыя дні чэрвеня. Каб паставіць дыягназ, ветэрынарам хапала на вока ацаніць стан жывёл. Свіней усыплялі і забіралі пагрузчыкам. У той жа дзень іх спальвалі, а рэшткі закопвалі. Пальцам піханыя каўбасы і вантрабянкі забіралі наўпрост з лядоўняў. Некаторым гаспадарам загадвалі спальваць хлявы і катэгарычна забаранялі бліжэйшым часам займацца свінягадоўляў.

На пытанні пра прычыну мору толькі разводзілі рукамі. Гэта давала падставу самым неверагодным плёткам. Але самае галоўнае пытанне, на якое адказу не давалі пару тыдняў: ці можна есці мяса, ці не захварэем мы і не падохнем, як тыя свінні? Сітуацыя нагадвала міні-Чарнобыль. Усе ведалі, што адбываецца нешта кепскае, бачылі ветэрынараў, якія хадзілі па хлявах, міліцыю, якую на пастах канфіскоўвала мяса, сюжэты па афіцыйных каналах пра нейкую чуму свіней у Расеі і ў рэшце рэшт затрыманне міліцыяй журналіста Белсату, які асмеліўся на гэты конт пагаварыць з мясцовымі жыхарамі. Але ніхто людзям не патлумачыў магчымай небяспекі. А людзі, якія на камбікормы і ўтрыманне свіней выдаткоўваюць часам і палову пенсіі ці заробку, калолі жывёл, нават рызыкуючы атруціцца.

Версія пра афрыканскую чуму з’явілася амаль адразу. Чуткі мясцовых жыхароў часам пацьвярджалі і ветэрынары, але ж, зразумела, з вядомым ... цсссссс..... толькі нікому. І так пра АФС ведаў увесь раён. Аднак мясцовя ўлады ўпарта працягвалі цьвердзіць сваё: ніякай чумы, гэта атручаны камбікорм з Расеі, гэта з-за сухога надвор’я. Але ці пагражае гэта здароўю, ці кілбасы можна спакойна наярваць запіваючы пушчанскай самагонкай, ніхто не ўдакладняў. У гэты час з навакольных свінарнікаў у фурах працягвалі масава вывозілі сотні свіней.   

Не ўсе, праўда, добраахвотна аддавалі сваю маёмасць. Былі выпадкі, што людзі пратэствалі. Самы гучным, бадай, быў пратэст пажылой жанчыны з-пад Рубяжэвіч, якая абараніла сваіх свіней сякерай і ружачкай ад паўтарачкі.

Частка вяскоўцаў ўжо была паверыла ў версію з атручаным камбікормам, але чырвоная лямпачка запалілася пасля выпадкаў мору дзікоў у лесе. Наўрадці пушчанскія дзікі вячэралі валгаградскімі камбікармамі. Ізноў той-сёй начальнік казаў пра чуму, але ... цссссс. Над лесам, тым часам, пачалі кружляць летакі і нешта распыльвалі над пушчай. Людзі ізноў у паніцы. Пачынаецца ягадны сезон. Што распыльвалі над лесам? Можа гэта нейкая атрута? Ніхто не быў ласкавы гэтага патлумачыць. А наваколле пачынае поўніцца чуткамі пра атручаных ягадамі людзей.

Заява Мінсельгасхарчу ў адных выклікала ўсмешку, а ў другіх яшчэ большае неразуменне, што адбываецца і ў чым справа? А калі невядома ў чым справа, то справа ў грашах.

Падчас канфіскацыі свіней людзям тлумачылі, што яны атрымаюць кампенсацыю. Прапанаваныя сродкі былі далёка меншымі за рынкавы кошт свініны, але што яшчэ заставалася? Людзі пагаджаліся. Некаторыя гэтыя сродкі атрымалі, аднак далёка не ўсе. І вось сюрпрыз. На гэтым тыдні многія жыхары раёну пачулі, што ніякай кампенсацыі не будзе. Незразумела таксама, што з кампенсацыяй за спаленыя хлявы.

Толку не дабіцца. Маўчаць сельсаветы, маўчаць райвыканкамы, маўчаць мясцовыя СМІ і ідэолагі. Адным словам: стабільнаць. Усё паводле доктара Гебельса: “дайце мне сродкі масавай інфармацыі і я з любога народа зраблю стада свіней”. А гэтым "народным абраннікам", каб выканаць параду майстра прапаганды, гэтым разам не трэба было нават паўтараць па тысячы разоў хлусню, якая ў рэшце павінна стаць праўдай. Ім дастаткова было маўчаць, як камбікорму ў рот набраўшы.

.
14.07.13 14:35
загружаются комментарии