Хто павінен займацца выхаваннем беларускай моладзі?

 Не так даўно арганізацыя «Русь маладая», якая не хавае сваіх прарасейскіх і антыбеларускіх поглядаў, зладзіла семінар пра гістарычныя асновы дзяржаўнасці. Семінар ладзіўся ва універсітэце ў Магілёве – старажытным беларускім горадзе, які сваім гербам мае «Пагоню», атрыманую за вынішчэнне гарнізону расейскіх акупантаў у сярэдзіне XVII ст. Што ж, месцы адэпты “рускана свету” для прасоўвання сваіх думак выбіраць умеюць!

 Але мінулі часы слаўных перамог літвінаў над маскавітамі, і сёння носьбіты злачынных для Беларусі ідэй маюць безперашкодны доступ да трыбуны, з якой беларускай моладзі аглашаюць свой імперскі погляд на нашу гісторыю і дзяржаўнасць. Што гэта за погляд, здагадацца не складана: адмаўленне права беларусаў на дзяржаву (толькі пад крылышкам матушкі-Расеі!), сваю рэлігію, гісторыю і мову. Гэтыя пастулаты заходнерусізму, якія цягам мінулага і пазамінулага стагоддзя намагаюцца ўліць у розум беларусаў “старшие братья” з усходу, актуальныя і сёння. Але наколькі новыя па зместу гэтыя ідэя? Яны – састарэлыя і амаль нязменныя з сяр. ХІХ ст. Толькі ж ідэйныя заходнерусісты працягваюць талдычыць іх як мантру і спадзяюцца знайсці новых прыхільнікаў. І праведзены семінар у Магілёве таму пацвярджэнне.

 Сам спікер “рускага свету” Даніла Цітарэнка (адзін з арганізатараў) прызнаўся, што гісторыя для яго – усяго толькі хобі. З гэтага робім выснову, што і выказаны ім погляд – не навуковы. Мы маем справу са звычайнай ідэалагізаванай прафанацыяй, мэта якой уздзеянне на свядомасць моладзі. І хай сказанае супярэчыць навуцы, для іх галоўнае ­­– казаць і казаць уплывова. А галоўнае, каб ім не перашкаджалі гэдак званыя «гісторыкі нацыяналістычнага толку», то бок носьбіты любых іншых поглядаў, якіх, вядома, “руска-светныя” спікеры на свае мерапрыемствы не запрашаюць.

 Толькі ж праблема ў іншым. Як у незалежнай беларускай дзяржаве можна ставіць пад сумнеў права беларусаў на сваю ўласную дзяржаву? Куды глядзіць КДБ? У надзённых абставінах, калі Украіна вядзе вайну за сваю свабоду менавіта супраць ідэй “рускага свету”, публічна аглашаць гэтыя ідэі ў Беларусі ­­– небяспечна. Чаму тыя, хто не прызнае беларускасць, мае адкрыты доступ да моладзевай аўдыторы, а носьбіты ідэй і поглядаў з пазіцый беларускасці такога даступу не маюць, а часам і церпяць пераслед? Няўжо ўлады не разумеюць, што ў выпадку расейскай агрэсіі носьбіты ідэй “рускага свету” не будуць са зброяй у руках бараніць Беларусь. Выхоўваць беларускую моладзь трэба на ідэях беларускасці, па прыкладзе слаўнага мінулага і дзейнасці нашых выбітных продкаў, не азіраючыся на меркаванне суседзяў: іх погляд беларусаў на свае ўласныя падзеі не цікавіць!

22.11.16 14:46



Cервис комментирования Disqus позволяет легко авторизоваться через фэйсбук и твиттер, а также напрямую в Disqus. Даёт возможность репостить комментарии в фэйсбук, а также использовать изображения. 
Подробнее читайте здесь.
Ветеранам Клуба Партизан, мы оставляем и старую форму авторизации.
 
загружаются комментарии

Марина Хомич