Навошта нам дыялог?

Пасля сустрэчы рэдактара «Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча з Аляксандрам Лукашэнкам аднавіліся размовы пра магчымасць правядзення «круглага стала» паміж уладай і апазіцыяй.

Я не маю вялікіх ілюзій наконт сапраўднай зацікаўленасці кіраўніцтва дзяржавы у дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, а таксама наконт рэальных намераў улады. Разам з тым, дзеля інтарэсаў краіны апазіцыя павінна быць гатовая да любога развіцця падзей, таму трэба загадзя вызначыць наша стаўленне да ідэі «круглага стала», які, на маю думку, мог бы быць карысным і патрэбным для Беларусі.

Мяркую, што будучы «круглы стол» мог бы канцэнтравацца на некалькіх тэмах:

1. Абмеркаванне захадаў дзеля кансалідацыі грамадства вакол захавання незалежнасці і перспектывы нацыянальнага развіцця Беларусі. Адным з першых крокаў мусіць стаць інтэнсіфікацыя стасункаў з ЗША і Еўрасаюзам у мэтах набыцця міжнародных гарантый захавання суверэнітэту. 

2. Абмеркаванне шляхоў эканамічных рэформаў з улікам прыцягнення міжнародных і крэдытных рэсурсаў – дзеля стварэння больш эфектыўнай сацыяльнай і эканамічнай мадэлі. 

3. Змены ў заканадаўстве, якія могуць гарантаваць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў. Прызначэнне датэрміновых парламенцкіх выбараў. Прыход новага пакалення рэфарматараў у выканаўчую ўладу.

Паўтаруся, мы ў Руху «За Свабоду» не маем ілюзіяй наконт раптоўнай адданасці ўлады прынцыпам дэмакратыі і павагі да грамадзянскай супольнасці. Аднак шматгадовая палітыка падзелу грамадства на лаяльных і апазіцыю, як я лічу, у новых гістарычных варунках зайшла ў тупік. Відавочна, што трэба рабіць крокі па аб’яданню беларусаў на грунце незалежнасці, свабоды, эканамічных рэформ і еўрапейскай будучыні.

Палітыка – гэта адказны і сур’ёзны занятак. І ўладзе, і апазіцыі часам трэба пераступіць праз свае асабістыя стаўленні да пэўных структур і асоб дзеля агульных інтарэсаў краіны.


.
15.02.17 15:11
загружаются комментарии

Юрий Губаревич