Кропка кіпення: як чыноўнікі даводзяць людзей

З мінулага году разгортваецца гісторыя вакол будаўніцтва бізнес-цэнтра з паркінгам у дварах на вуліцы Талбухіна. Абурэнне людзей выклікалі планы пабудаваць падземны гараж-стаянкі на 126 машынамесцаў з вентыляцыяй, якая выходзіць прама ў вокны жыхароў бліжэйшых дамоў. Праект гэтага будаўніцтва, відавочна, не адпавядае існуючым санітарным нормам.


У патрабаваннях людзей, якія выступаюць супраць яго, няма нічога звышнатуральнага, толькі спроба атрымаць гарантыі права жыць у спрыяльным навакольным асяроддзі. Яны былі не супраць стварэння на месцы пусткі зоны адпачынку ці забудовы, але зробленай у адпаведнасці з дзеючымі нормамі, і якая мае пад сабой абгрунтаванне карысці ад яе гораду і мікрараёну.


Чыноўнікі дэманстратыўнай грэблівасцю даводзяць людзей да кропкі кіпення. У адказ на шматлікія звароты яны абмяжоўваліся адпіскамі, а ў часе асабістых сустрэчаў раённае і гарадское начальства проста смяецца людзям у вочы. Маўляў, вы ў гэтай краіне ніхто, і ад вашага меркавання нічога не залежыць.


На мяжы інтарэсаў бізнесу і вертыкалі ўлады няма месца для людскіх патрэбаў і чаканняў Гісторыя з будоўляй на Талбухіна - гэта толькі адзін з прыкладаў грэблівага стаўлення чыноўнікаў да патрэбаў жыхароў. Такія сітуацыі практычна сталі «нормай» для Беларусі. Напрыклад, сітуацыя з будаўніцтвам акумулятарнага завода ў Брэсце, вырубкай дрэваў у Севастопальскім парку, ушчыльняльнай забудовай па ўсім Мінску і некаторых абласных цэнтрах.


Такімі дзеяннямі ўлады ў чарговы раз падпальваюць бікфордаў шнур на бочцы з порахам. Выпрабоўваючы мяжу трываласці беларускага народа, яны рызыкуюць нарвацца на новыя грамадскія пратэсты, як гэта было ў пачатку 2017 года з нагоды Дэкрэта №3.






31.05.18 14:48

Юрий Губаревич