Роўнасць і справядлівасць!

7 з 15 прысутных сябраў Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) абвясцілі прыярытэтам сваёй дзейнасці роўнасць і справядлівасць. Аднайменная фракцыя створана ў Менску 28 траўня.

18 пытанняў было прапанавана ў парадак дня кіруючага органа партыі. Аднак васьмі прапановам не хапіла аднаго-двух галасоў для разгляду. Выпадковасць? Нажаль, не. Апошнія паўтара года гэта стала новай практыкай прымянення «дэмакратыі» ўнутры палітычнай партыі. Ніколі раней не было такога ў БСДП, каб пытанні, якія выносяцца сябрамі Цэнтральнага камітэта на разгляд, не дапускаліся да разгляду. Міжволі ўспамінаецца сітуацыя, калі мяне, выкладчыка, звальнялі з універсітэта. Я падаў апеляцыю ў Вучоную Раду ўніверсітэта і быў упэўнены ў зыходзе тайнага галасавання на маю карысць. Але, спікер сходу, прапанаваў наступную фармулёўку: «хто за тое, каб не ўключыць Маслоўскага ў бюлетэнь для тайнага галасавання». Галасаванне праводзілася некалькі разоў і заняло некалькі хвілін. А вось на партыйным ЦК спікер пасяджэння проста пайменна называла сяброў, якія галасавалі некалькі разоў, калі не хапала галасоў для прыняцця рашэння. Гэта ноў-хаў партыйнай дэмакратыі зафіксавана ў відэа-і аўдыёзапісах.

Як жа можна раскрыць сутнасць праблемы, абмеркаваць шляхі выхаду з яе, калі гэта нават не абмяркоўваецца ўнутры ўласнай структуры. Вось пералік пытанняў, на якія наклалі табу: «Пра ўзурпацыю ўлады і дыскрымінацыю ў БСДП»; «Стварэнне часовай камісіі ЦК БСДП па праверцы дзейнасці»; і шэсць пытанняў аб развіцці ўнутранай дэмакратыі. Асабліва адзначу, што пытанне аб рэгістрацыі Рэчыцкай раённай арганізацыі БСДП таксама не ўключана ў парадак дня, хоць гэта першая спроба зарэгістраваць арганізацыю ў Гомельскай вобласці. Можа здарылася гэта таму, што гэта ўсё рэчыцкія таварышы аднагалосна (!) выказалі на сваім ўстаноўчым сходзе недавер старшыні партыі Ірыне Вештард, першаму намесніку Ігару Барысаву, намесніку старшыні партыі Аляксею Сігаеву. Супадзенне?

Мы бачым, як адбываецца капіяванне метадаў і сродкаў барацьбы з агульнай сітуацыі ў краіне на прыняцце рашэнняў унутры партыі, якая лічыць сябе дэмакратычнай. Напэўна, спрацоўвае прынцып «нельга жыць у аўтарытарызме і быць свабодным ад яго». Некалькі падрабязнасьцяў тут:http://ravenstvo2017.livejournal.com/ .

Нехта скажа, навошта гэты смецце выносіць на людзі. Адкажу: праблемы нельга замоўчваць ні ў сваёй структуры, ні ў краіне. У краіне змоўклі, атрымалі аўтарытарызм. Хтосьці гэта хоча паўтарыць у асобна ўзятай палітычнай сіле. Таму мы кажам: «Больш справядлівасці!». І гэта рэальна зрабіць салідарнымі дзеяннямі.

Многія нашы прыхільнікі назіраюць і перажываюць за нас. Мы не прымаем парушэнне прынцыпаў роўнасці і справядлівасці. Для аб'яднання прыхільнікаў барацьбы за справядлівасць мы ўтварылі арганізацыйны камітэт па стварэнні шырокага грамадзянскага руху «Справядлівасць». Кіраўніком камітэта абраная Ганна Канюс.

Але пакуль унутры партыі няма справядлівасці, няма справаздачнасці, няма празрыстасці - немагчыма дамагчыся гэтага ў краіне. Дасягнем ў сябе, дасягнем ў краіне. Таму пачынаем з сябе і працягваем ў краіне!
Прыхільнікі роўнасці і справядлівасці яднайцеся!

 На фота сядзячая акцыя за захаванне прынцыпаў роўнасці справядлівасці (4 жанчыны і 4 мужчыны). 

Лайк за справядлівасць тут: https://www.facebook.com/belsocdemparty/


.
29.05.17 15:53
загружаются комментарии

Игорь Масловский