Народны сход як рух. 8 простых адказаў на 8 тыповых пытанняў

Я. Купала, "Чаго хочаш?": Хто ты гэткі? - Свой, тутэйшы. Чаго хочаш? - Долі лепшай. Якой долі? - Хлеба, солі. А што болей? - Зямлі, волі. Дзе радзіўся? - У сваёй вёсцы. Дзе хрысціўся? - Пры дарожцы. Чым асвенчан? - Кроўю, потам. Чым быць хочаш? - Не быць скотам. 1) Дзе створаныя мясцовыя аргкамітэты Народнага сходу? У 29-ці гарадах: Мінск, Барысаў, Смалявічы, Жодзіна, Вілейка, Салігорск, Слуцк, Сьвіслач, Віцебск, Дзісна, Полацак, Наваполацк, Орша, Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр, Сьветлагорск, Жлобін, Рагачоў, Рэчыца, Брэст, Баранавічы, Кобрын, Бяроза, Івацэвічы, Гродна, Ліда, Слонім. 2) Дзеля чаго зьбірацца на Народныя сходы і што на іх будуць вырашаць? Народныя сходы: - абмяркуюць становішча ў эканоміцы, у сваім горадзе і ў дзяржаве наагул; - прымуць патрабаваньні да ўладаў спыніць рост цэнаў, выканаць абяцанкі наконт заробкаў, спыніць валютнае махлярства, адмяніць кароткатэрміновыя кантракты; - запатрабуюць аднавіць законнасьць у краіне, вызваліць усіх палітычных вязьняў, правесьці свабодныя выбары прэзідэнта і парлямэнту; - выберуць паўнамоцных прадстаўнікоў, якія занясуць народныя патрабаваньні прадстаўнікам улады; - вырашаць правесьці новыя сходы праз месяц – 12 лістапада. Чым болей людзей будзе 8 кастрычніка, чым больш актыўна людзі падтрымаюць прынятыя патрабаваньні і прыйдуць яшчэ і 12 лістапада, тым больш актыўна Эўрапейскі Зьвяз і ЗША пачнуць дамагацца ад рэжыму вызваленьня палітвязьняў і свабодных выбараў, тым хутчэй ўлада мусіць прыслухацца да народных патрабаваньняў. 3) Ці ўлады ня будуць перашкаджаць Народным сходам? Народныя сходы адбываюцца ў строгай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах". Мясцовыя сходы праводзяцца па ініцыятыве 10% жыхароў, месца правядзеньня і тэмы гаворкі вызначаюць самі жыхары. Улады пачалі адпускаць палітвязьняў, не разганялі сілай "маўклівую акцыю" 21 верасьня. Ва ўмовах крызісу рэжым баіцца эканамічных санкцыяў з боку ЗША і Эўрапейскага Зьвязу. 4) Што трэба рабіць паміж 8 кастрычніка і 12 лістапада? - Данесьці інфармацыю аб народных патрабаваньнях да кожнага грамадзяніна Беларусі і арганізаваць Народныя сходы 12 лістапада ва ўсіх гарадах Беларусі. 5) Калі ўлада праігнаруе патрабаваньні Народных сходаў і да 12 лістапада ня дасьць ніякага адказу, што рабіць? - Тады на Народных сходах 12 лістапада будзе прынятае рашэньне аб падрыхтоўцы да правядзеньня усеагульнага страйку (забастоўкі) як цалкам законнага і мірнага сродку барацьбы грамадзянаў за свае сацыяльныя і грамадзянскія правы. Паводле Канстытуцыі, "Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключна з (...) правам на забастоўку" (арт. 41). 6) Ці рэальна сёньня правесьці ўсеагульную забастоўку? Сёньня ўсеагульная забастоўка маларэальная. Але калі весьці масавую прапаганду гэтага эфэктыўнага (прытым законнага і мірнага) сродку барацьбы за свае правы, на фоне непазьбежнага пры гэтым рэжыме пагаршэньня умоваў жыцьця, то да сярэдзіны вясны наступнага году ўсё магчыма. Але пад ляжачы камень вада не цячэ, і каб усеагульны страйк стаў рэальнасьцю, неабходная інтэнсіўная праца ўсіх прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў. 7) Нават калі атрымаецца правесьці ўсеагульны страйк і дамагчыся свабодных выбараў, ці здолее апазыцыя вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнта, вылучыць сваіх кандыдатаў ва ўсе акругі па выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, запоўніць сваімі прадстаўнікамі ўсе выбарчыя камісіі і забясьпечыць татальнае назіраньне за выбарамі? - "Традыцыйная" апазыцыя ў такім стане, што пералічаныя задачы ёй не па сілах. Сёньня апазыцыянэры падзялілася на тых, хто мае розум, сілы і сьмеласьць ісьці да народа (і ўсе яны ўваходзяць у аргкамітэты Народных сходаў), і тых, хто прыняў стратэгію "чаканьня, выжываньня, самазахаваньня". Але менавіта праз Народныя сходы ёсьць рэальная магчымасьць далучыць да вырашэньня ўсіх названых задачаў дзясяткі тысячаў новых людзей з трывалымі дэмакратычнымі поглядамі. smile8) Што можа залежаць ад удзелу ці няўдзелу аднаго простага "маленькага" чалавека? - Калі чалавек адзін – то ён сапраўды мала што можа зрабіць. Але калі "простых людзей" шмат, калі яны аб'яднаныя агульнай мэтай і агульнай працай, то гэта ўжо Народ, які перамагчы немагчыма. Як казаў падчас выбарчай кампаніі кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саньнікаў - "Беларусы, досыць спаць! Гісторыя робіцца сёньня, гісторыю робім мы, і мы пераможам!".
29.09.11 12:47
загружаются комментарии

Виктор Ивашкевич