Ці вартыя мы свабоды і незалежнасьці?

Шаноўныя чытачы незалежных беларускіх СМІ! 94 гады таму, 25 сакавіка 1918 году, у цяжкіх умовах акупацыі заходнімі й усходнімі захопнікамі, 77 найлепшых сыноў і дачок Беларусі, сябраў Рады БНР, знайшлі ў сабе сілы і мужнасьць абвясьціць на ўвесь сьвет: " Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай". Дзяржавай, дзе ўладу мае сам народ. Ідэалы 25 Сакавіка вялі на змаганьне й ахвяры сотні тысячаў патрыётаў, якія нават у найцяжэйшыя часы верылі, што беларускі народ будзе жыць у сваёй свабоднай дзяржаве. І гэтае змаганьне дало плён. 27 ліпеня 1990 году Вярхоўным Саветам Беларускай ССР прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. 19 верасьня 1991 году наша краіна назвалася Рэспубліка Беларусь, гістарычныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" сталі дзяржаўнымі сымбалямі. 8 сьнежня 1991 году кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расеі пацьвердзілі сваімі подпісамі канец савецкай імпэрыі. 15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантавала грамадзянам нацыянальныя, сацыяльныя і палітычныя правы. Перад краінай адкрываўся шырокі шлях да свабоды, дабрабыту і імклівага разьвіцьця. У 1994 годзе, мы дапусьцілі на прэзідэнцкую пасаду дэмагога і папуліста, фактычна адмовіліся ад свабоды, ад адказнасьці за сябе і за сваю краіну, ад права выбіраць сабе іншую ўладу.  Сёньня заробак у Беларусі меншы за заробкі ў Расеі і Кыргызстане, ня кажучы ўжо пра Польшчу ці Эстонію. Больш як мільён нашых працавітых суграмадзянаў мусілі зьехаць за мяжу. Рэжым ужо распрадае нашыя прадпрыемствы расейскім алігархам, кітайскаму і арабскаму бізнэсу, ужо пачаў засяленьне нашай зямлі кітайскімі каляністамі. Дзясяткі людзей сядзяць у турмах, бо крытыкавалі дыктатара ці пасьмелі быць яго супернікамі на выбарах. Дзясяткі тысячаў сядзяць па лжывых абвінавачваньнях, бо перашкаджалі "бізнэсу" дыктатара і мясцовых наменклятурных "мафіяў". Мільёны жывуць пад страхам беззаконнага звальненьня паводле кантракту. Беларуская мова, нацыянальная культура, праўдзівая гістарычная памяць загнаныя ў рэзэрвацыю. Калі так пойдзе далей, беларусу ня будзе месца ва ўласнай краіне. Каб зьмяніць сваё становішча, нам трэба ня быць паслухмянымі рабамі, не даваць рэжыму рабіць выгляд, нібыта ў Беларусі адбываюцца сапраўдныя выбары, ня ўдзельнічаць у іх злачыннай фальсыфікацыі. Нам трэба 25 сакавіка, усім разам, выйсьці на вуліцы й плошчы Менску і запатрабаваць: СПЫНІЦЬ ЗДАЧУ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ КРАІНЫ! СВАБОДУ ЎСІМ ПАЛІТЫЧНЫМ ВЯЗЬНЯМ! НОВЫЯ СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ! І ня трэба ківаць на несьвядомы народ і на апазыцыю, якая яго не адукавала і не перавыхавала. Вы жа адукаваныя! Вы жа ўсё ведаеце і ўсё разумееце! Што Вам перашкаджае, акрамя ўласнай ляноты, абыякавасьці і баязьлівасьці, узяць бел-чырвона-белы сьцяг і прыйсьці ў 13.00 да Акадэміі навук ці ў 15.00. на пл. Бангалор на дазволены ўладамі мітынг? А чытачоў толькі "Хартыі", "Бел. Партызана", "Нашай Нівы" і "Народнай волі" у Менску болей 100 000 чалавек! Сёньня, ад кожнага з Вас, персанальна, залежыць адказ на пытаньні: Ці вартыя мы свабоды і незалежнасьці? Ці захавае актуальнасьць наш нацыянальны вокліч: "ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!"?.
02.03.12 13:18
загружаются комментарии

Виктор Ивашкевич