За Каліноўскага!

На мінулым тыдні наша грамадская арганізацыя “Альтэрнатыва” распачала кампанію па зборы подпісаў сярод жыхароў Мінска пад зваротам да гарадской ўлады з прапановай пабудаваць у беларускай сталіцы помнік Кастусю Каліноўскаму, а таксама памятны знак усім іншым беларускім паўстанцам 1863-1864 гг. 
За мінулыя 7 дзён наша ініцыятыўная група правяла аналіз усіх каментароў і парад, што датычыліся ідэі па месцы ўсталявання, і, як вынік, вырашыла засяродзіцца на дасягненні больш рэалістычнай кампраміснай для ўлады прапановы. Канешне, такі помнік мусіць знаходзіцца непасрэдна ў цэнтры, у сэрцы галоўнага горада краіны. Але, кіруючыся беларускімі рэаліямі, мы прыйшлі да высновы, што сёння ўлада не гатова зробіць такі падарунак, з яе боку будуць дзясяткі адмоваў і фармальных адпісак, каб толькі не дапусціць постаць Каліноўскага ў цэнтры сталіцы. Таму вырашылі прапанаваць гарадской уладзе альтэрнатыўнае месца, дзе мажліва ўсталяванне помніка – непасрэдна на вуліцы Каліноўскага. Геаграфічна, гэта пачатак сквера, які месціцца ля скрыжавання вуліцы Каліноўскага і праспекта Незалежнасці, у 100 метрах ад Усходніх могілак. 

Чаму менавіта тут?
Прывяду найбольш моцныя аргументы:

1.
Побач з гэтым месцам пачынаўся рух за Адраджэнне Бацькаўшчыны, адсюль пачыналіся знакамітыя “Дзяды” у 1988 годзе, якія сталі пачаткам новай хвалі ўваскрашэння Беларушчыны, незалежнасці, свабоды ад саветчыны. Гэтае месца сімвалічнае.

2
. Праз 100 метраў пачынаюцца Усходнія могілкі. Тут пахаваная не толькі савецкая эліта, але і нашыя народныя правадыры, гонар і сумленне нацыі – Караткевіч, Карпенка, Мулявін, Быкаў і шмат іншых выбітных дзеячоў.

3.
Лагічна, каб помнік Каліноўскаму знаходзіўся там жа, дзе і вуліца ў гонар яго імя. Як вядома, у Мінску такая вуліца ёсць, таму яму варта быць тут. Прынамсі, ён можа  знаходзіцца на гэтым месцы, пакуль у краіне не зменіцца палітычная сітуацыя, тады і саму вуліцу разам з помнікам можна будзе перанесці ў цэнтр. Відавочна, сёння ўлада на такія саступкі не пойдзе, таму нам трэба дабівацца ад яе рэалізацыі найбольш кампраміснага варыянта. 

4.
Гэтае месца не ўскраіна горада, гэта не Малінаўка, не Сухарава, не Шабаны. Побач знаходзіцца нацыянальная бібліятэка, станцыя метро. Па вуліцы Каліноўскага штогод рушыць шэсце на “Дзяды” у Курапаты.

5.
Пабудаваны помнік будзе сустракаць усіх, хто ўязджае ў горад з боку Масквы, а таксама з нацыянальнага аэрапорту. Такім чынам, Каліноўскі будзе вітаць усіх дыпламатаў, асноўную частку турыстаў і г.д. За помнікам пачынаецца сквер (дарэчы, ён яшчэ не мае афіцыйнай назвы), які нядаўна паспяхова прайшоў рамонт, таму ён мае прыстойны і больш-менш прыгожы выгляд. Сквер пачынаецца ад праспекта Незалежнасці (дзе будзе знаходзіцца Каліноўскі) і вядзе да Усіхсвяцкай царквы, якая, дарэчы, з’яўляецца храмам-помнікам у гонар усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне.

Лічу, што лепшай прапановы ў сённяшніх умовах не знайсці, таму нашая кампанія і вырашыла засяродзіцца менавіта на гэтым месцы. Дарэчы, падказалі такі альтэрнатыўны варыянт звычайныя чытачы незалежных інтэрнет-рэсурсаў у сваіх каментарах. Вось наколькі бывае важнай зваротная сувязь.

Але, за гэтыя 7 дзён мы сустрэлі не толькі пазітыўную рэакцыю сярод дэмакратычнай аўдыторыі. Знайшлася і апазіцыя. Таму хачу адказаць ім публічна, з дапамогай свайго блогу. Дзякую спадару Шарамету за такую магчымасць.

Антону Астаповічу.
На жаль, нашую кампанію не падтрымаў лідар дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, спадар Астаповіч. Па яго словах, асноўнай мэты кампаніі трэба дабівацца праз кулуарныя камунікацыі з чыноўнікамі, і гэта справа не 1 ці 2 год.
Але я так не лічу. Па-першае, дзеля таго, каб чыноўнікі цябе пачулі, трэба мець за сабой ладную грамадскую падтрымку і аўтарытэт. Без сабранай вялікай колькасці подпісаў сярод жыхароў горада, без абыходу іх кватэр, без інфармацыі ў СМІ – мы звычайныя шэрагоўцы, ад якіх можна адчапіцца простымі адпіскамі. Па-другое, сёння вельмі важна весці інфармацыйную працу з грамадствам, даводзіць нашу пазіцыю, уваскрашаць у іх памяці асобу Каліноўскага, значнасць падзей паўстання, якія мелі месца 150 год таму на нашай зямлі, акрамя таго, знаходзіць і далучаць да працы новых прыхільнікаў. Гэта важна, асабліва цяпер, калі ладзяцца “гігінскія” канферэнцыі, якія спрабуюць ганьбаваць і руйнаваць імёны паўстанцаў і тую дзейнасць, якую яны вялі на карысць нашай незалежнасці і свабоды. Калі мы хочам, каб нашыя грамадзяне былі гатовыя да прыняцця разважлівых рашэнняў, асабліва ў грамадска-палітычных пытаннях, каб яны рабілі слушны выбар на карысць беларускай ідэі, то я перакананы, што без разумення імі свайго мінулага, без прыняцця сваёй гісторыі, без шанавання сваіх сапраўдных герояў, нічога не будзе. 

Апроч таго, Астаповіч параіў нам не займацца пустой справай, а лепей прыбраць смецце ў Якушоўцы, на месцы, дзе стаяла сядзіба Каліноўскіх. Адказваю. Так, мы з радасцю гэта зробім, як толькі знікне снег і пачнуць цвісці сады, мы арганізуем адмысловую талаку на гэтым месцы. Але ад ідэі кампаніі не адступім. Мы лічым, што адных прыборак ды малітваў замала ў якасці пачэснага шанавання беларускіх змагароў, таму і распачынаем падпісную кампанію. Дарэчы, падкрэслю, гэтая кампанія – не праца праекта, гранта, не піяр для СМІ. Увогуле, хіба ёсць такія фонды, якія гатовыя падтрымліваць падобныя беларускія справы? Я такіх не ведаю, ды і ўвогуле, няма жадання абівацца перад імі, выпрошваючы падтрымку. Сваю кампанію мы ладзім выключна на грамадскіх пачатках і ніякіх тут пытанняў быць не можа.

Скептыкам.
Некаторыя іншыя дзеячы не вераць, што кампанія дасць плён, мяркуючы, што А.Л. не дазволіць будаўніцтва помніка. Прыводзяць у прыклад кампанію “Гавары Праўду!” за пераназву вуліцы і станцыі метро ў гонар Васіля Быкава. Як вядома, у 2010 годзе валанцёры “Гавары  Праўду!” сабралі больш за 50 000 тысяч подпісаў сярод мінчукоў, але выніку ад гэтага не было. Улада адмовіла. Растлумачу. Так, галоўнай мэты яны не дасягнулі, але затое за гэты час валанцёры правялі вялікую працу з грамадствам, даводзячы пры зборы подпісаў значнасць асобы Быкава і ўсяго таго, што ён зрабіў для краіны як пісьменнік і грамадскі дзеяч. Увогуле, некаторыя людзі блытаюць прозвішча Быкава з савецкім артыстам Раланам Быкавым, таму валанцёры часам праводзілі і асветніцкую місію, знаёміўшы такіх людзей менавіта з нашым Быкавым. 

Нягледзячы на адмову ўлады пераназваць назву вуліцы і станцыю метро ў гонар Васіля Быкава, усе тыя, хто паставіў свой подпіс, яшчэ раз (а некаторыя ўпершыню) пераканаліся: беларуская ўлада ніякая не народная, яна не слухае сваіх грамадзян, да яе няма аніякага давера. Думаю, што многія задумаліся, а ці патрэбная ім увогуле гэткая глухая ўлада? Таму я лічу, што пэўны плён у кампаніі быў.

Заўважу, паўстанцы і асоба Каліноўскага не супярэчаць савецкай ідэалогіі, прыхільнікам якой ёсць А.Л. Савецкія герадоты зрабілі з Каліноўскага  вобраз сапраўднага героя – шчырага беларускага змагара супраць самадзяржаўя, які змагаўся за правы і інтарэсы простых людзей. І гэтаму гісторыкі вучылі ў школе. Асабіста сам Каліноўскі ды ўсе іншыя паўстанцы таго часу нічога кепскага А.Л. не зрабілі, таму ў яго мусіць адсутнічаць асаблівая варожасць да такога пытання. 

Апошняе.
Дамагчыся ад ўлады будаўніцтва помніка – гэта мінімум таго, што мы сёння можам зрабіць у гонар юбілею паўстання, у памяць усіх тых, хто аддаваў сваё жыццё за нашую будучыню. 

Я запрашаю ў нашую каманду шчырых і сумленных беларусаў, у якасці валанцёраў для збору подпісаў, каб працаваць разам і дасягаць перамогі ў беларускай справе! Прыгадваецца запавет Яські гаспадара з-пад Вільні: “А калі слова пяройдзе ў дзела, тагды за праўду станавіся смела!”    




.
16.02.13 0:05
загружаются комментарии

Олег Корбан