Айфон патрыёта, альбо Прыбядняцца па-беларуску

Бадай, у кожнага ці, прынамсі, у бальшыні з кола маіх знаёмцаў ды прыяцеляў ёсць альбо было штосьці бел-чырвона-белае з побытавых рэчаў. Парасон, кашуля, альбо нават тэлефон. Не кажучы пра сьцягі, значкі ці налепкі.  Прыкладам, у 2006 была выпушчаная мабілка ну чыста як для бел.нацаў.  А нядаўна пабачыў свет б-ч-б чахольчык для адносна небасотнай беларускай багемы. Ну як тут не спакусіцца - і функцыянальна, і стылёва, дый сэнсава - нібыта намякае... Асабліва прыемна з камуркі ў гэткім аздабленні пісаць у блогі, ужываючы новую функцыю "Ў" (у нескладовага). Гэта ўсё да чаго. Апошнім часам заўважыла сумную заканамернасць - пабачыўшы апошнюю мадэльку айфону, людзі (перадусім свае) - няхай і з ўсмешкай - заўжды задаюцца пытаннем: "Няўжо гэта беларускія пісьменнікі/фатографы/акторы так добра жывуць і столькі зарабляюць, што могуць сабе дазволіць гэткі тэлефон?". Што ж гэта за дзіўная заканамернасць - з чаго так прынята, што жыццё тых, хто робіць штосьці вартае па-беларуску, мусіць быць няпростым і неўладкаваным? І справа нават не ў тэлефоне. А ў любых паказніках, што тым ці іншым чынам могуць сведчыць пра дабрабыт іх гаспадара. Так устойліва не вітаецца тое, каб і сучасныя Францыскі, Міколы і Еўфрасінні падарожнічалі па італіях, пілі піва ў нямецкіх і чэскіх браварнях-кавярнях - і адсылалі свае найноўшыя задумы ў свет праз вадкакрышталічныя маніторы...    Чаму беларуская культура мусіць мець разбіты экран - і нават той не сэнсарны...    Яшчэ мая прабабуля Усціння казала: "Беларускае шчасце павінна быць ціхім". Але з якога гістарычнага перапуду паказнік якасці зробленага па-беларуску - ёсць жыццё цяжкое і беднае. Сумная праўда ў тым, што і беларускаму паэту прасцей сказаць: "Ну, разумеце, я бедны беларускі пісьменнік - і таму за гэту працу хацелася б нешта атрымаць...", чым "Разумеце, мая праца каштуе столькі і столькі, бо я раблю яе якасна...".  І гэтае "прыбядненне" - яно паўсюль. І нават гаварыць пра яго неяк не прынята. І шкада. Таму карціць сказаць... Працяг тэмы: "Беларускасць - не трэнд?".
26.06.12 19:25
загружаются комментарии

Валярына Кустава