ЖУРНАЛІСТЫ як наканаванасць

У маленстве, калі мяне пыталіся, якая прафесія мне найбольш не падабаецца, я казала: "Журналіст!". Журналісты прыходзілі ў хату альбо забіралі мяне з урокаў, мучылі гадзіннымі роспытамі, доўга фоткалі, доўга здымалі, у іх вечна згаралі розныя правады, садзіліся батарэйкі і сканчаўся атрамант у асадках. "Дубаль ды дубаль. Паўтарыце ваш адказ, калі ласка... Уф, думала быць актрысай, але перадумала!" - капрызіла я ў свае 6 гадоў. А потым па выніку - усё было ня так: факты перакручаныя, думкі скажоныя, відэа каравыя, фоткі перасьвечаныя... Часопісы ляталі па хаце, а радыё-эфіры і відэапраграмы тут жа мной вымыкаліся... У падлеткавым ўзросце, калі мяне пыталіся, ці зьбіраюся паступаць на журфак, я, перакананая ў сваёй праваце, заяўляла: "Я ніколі не буду журналістам - у мяне ёсьць прынцыпы. І чалавек для мяне важней за кадр... А яны - страшныя людзі...". 

Потым я яшчэ крыху падрасла, аглядзелася і зразумела, што бальшыня людзей вакол мяне - журналісты, тыя, што пішуць, здымаюць, фатаграфуюць, трымаюць пры сабе дыктафоны... І збольшага ў іх гэта атрымліваецца няблага, а часамі - папросту клёва. І што сапраўды істотна - атрымліваецца. Так я зразумела, што мне пашэньціла мець справу з прафесіяналамі... Паступова я прыняла журналістаў як частку майго жыцця, як немінучы яго складнік smile:) 

Прайшло яшчэ крыху часу - і я пачала захапляцца журналістамі, беларускімі журналістамі... Іх адданасцю сваёй справе. Той безварыянтнасьцю, зь якой яны ішлі на рызыкі. Салідарнасьцю - якая, бадай, перадусім ў іх і была, калі адчуваўся гэткі дыфіцыт беларускай салідарнасьці. За апошнія некалькі гадоў журналісты трывала ўвайшлі ў маю публічную і асабістую прастору - калегі, сябры, кавалеры... Цяпер я нават і не ўяўляю, якім бы было маё жыццё, калі прыбраць зь яго ўсіх маіх журналістаў. І нават больш за тое - частка мяне, адна з іпастасяў, здаецца, паступова пераймае пэўныя штрыхі гэтай прафесіі. Журналісты як наканаванасць...) 

Дзякуй вам, журналісты ў маім жыцці!)) 



PS. "Рабі сваю справу прафесійна - і будзь вольным ад наступстваў... " - кажа Юрась Карманаў. І ўсё ж, журналісты - небяспечныя людзі smile;)

.
05.12.12 21:05
загружаются комментарии

Валярына Кустава