«Дзяды»: спектакль, які чакалі чвэрць стагоддзя


"Дзяды" - новая легенда беларускага тэатру. Літоўскі рэжысёр паставіла спектакль па польскім творы беларускага паэта пра ліцьвінаў. Па ўзрушэнні ды імпульсе актуальнай беларускасці «Дзяды» Рамунэ Кудзманайтэ можна параўнаць хіба што з «Тутэйшымі» Мікалая Пінігіна.


У літоўскай пастановачнай групы з удзелам беларускіх актораў атрымалася стварыць існа нацыянальны беларускі спектакль. У якім, з аднаго боку, прасочваецца моцны бэкграунд, пранікненне аўтара ў эпоху і матэрыял (з дапамогай экспертаў-кансультантаў у этнаграфіі, гісторыі і фалькларыстыцы), са спасылкамі да канкрэтных культурніцкіх традыцый  — святкаванне «Дзядоў» (дзень памяці продкаў у беларусаў і аднайменнае шэсце на Курапаты) і гістарычных фактаў (Адам Міцкевіч уводзіць у твор сваіх сучаснікаў, удзельнікаў падзей тых гадоў).

 

А з іншага — гэта абсалютна сучасная трактоўка паэмы Міцкевіча з акцэнтаваннем на відавочных хваравітасцях беларускага грамадства: палітвязні, забарона нацыянальных сімвалаў, занядбанне традыцый і нацыянальнай памяці, змаганне за свабоду слова, душы ды самаідэнтычнасць. Уздымаецца таксама пытанне грамадзянскага і чалавечага выбару — здрады, помсты, несправядлівага пакарання, салідарнасці.

 

Вялікая імправізацыя «Дзядоў» — удалы эксперымент з класічным творам, зразумелы і так чаканы на беларускай сцэне. Урэшце тэатр спрабуе не забаўляць пустымі камедыямі і не заціскаць замежнай грувасткай класікай (перадусім — расійскай). А расказваць пра сваё, пра складаныя рэчы мовай генетычна зразумелых беларускіх культурніцкіх кодаў, мовай сімвалаў, але сімвалаў чытэльных і ясных, мовай напраўду прыгожых балючых універсальных метафараў.

 

Выглядае на тое, што ўсё ж не ў добрым свежым беларускім рэжысёры была праблема і патрэба беларускага тэатра і не ў адсутнасці якаснай айчыннай драматургіі, а папросту ў маштабе асобы, якая б узялася за працу. Незалежна ад яе пашпартнага грамадзянства.

Тэкст цалкам чытаць тут: http://novychas.info/kultura/dziady_spiektaklj_jaki_cakali/


.
04.06.13 13:22
загружаются комментарии

Валярына Кустава