Quo Vadis

У Велікодную ноч ў Гомелі затрымалі майго сябра, сакратара Ўправы Партыі БНФ Алеся Каліту. Ён ехаў на пахаваньне свайго дзеда, чалавека, які вельмі шмат значыў у яго жыцьці. Алесь ведаў, што яго шукаюць, ведаў, бо ў КДБ ужо дапытвалі яго родных і знаёмых. У чым жа віна Алеся? А віна яго звычайная для ўсіх дэмакратычных актывістаў – "ён лаяўся матам і ўчыніў бойку зь нейкім мінаком", і таму яго судзяць у судзе Чыгуначнага раёну г. Гомеля за дробнае хуліганства. Але гэта толькі нагода для яго фармальнага закрыцьця, каб спакойна без адваката распытаць яго па справе выбуха ў Менску. Якое дачыненьне мае Алесь да гэтага? На думку нашых спэцслужбаў, самае непасрэднае, бо Алесь служыў у войску з адным з тэрарыстаў. У краіне, дзе адміністратыўныя прысуды па выдуманых пратаколах сталі нормай у дачыненьні да дэмакратычных актывістаў, любы чалавек мог падумаць, што нічога не перашкаджае беспадстаўна абвінаваціць у такім жахлівым злычынстве як тэракт, тым больш, калі так карціць ўбачыць датычнасьць апазыцыі да тэракту, а тут такая нагода, бо служылі разам тэрарыст і адзін з моладзевых лідараў БНФ. Хачу адразу сказаць, што пакуль я давяраю афіцыйнай вэрсіі сьледзтва, што затрыманыя падазраваныя па справе тэракту сапраўды маглі яго зьдзейсьніць, і ў выпадку, калі ня будуць закрываць рот адвакатам, будзе праведзены справядлівы адкрыты суд, можна будзе давяраць вынікам сьледзтва. Але Алесь Каліта, безумоўна, ня мае аніякага дачыненьня да гэтага жахлівага злачынства, як і ў цэлым беларуская апазыцыя. Алесь сумленна адслужыў у войску, ён не рабіў са сваёй службы і стану здароўя доўгаграючага шоў, хоць па стану здароўя яго на добры лад нельга было прызываць, але ён адслужыў, і потым не казаў аніводнага нэгатыўнага слова ў бок войска. Таму шукаць у ягонай службе нейкі сьлед мне падаецца надзвычай цынічна. Я ведаю, што дапытвалі родных і знаёмых Алеся, якім недвусэнсоўна намякалі, што ён можа быць датычны да тэракту. І, натуральна, яму магло стаць страшна. Бо тое, што зараз стала нормай, ня можа не пужаць. Мы ўсе закладнікі жахлівай сытуацыі. Такое адчуваньне, што людзям, якія надзеленыя ўладай сказалі, што апазыцыя па-за законам, на яе не распаўсюджваецца аніводнае правіла, і таму можна ня толькі бесконца выдумляць адміністратыўныя справы, абвінавачваючы апазыцыю ў дробным хуліганстве, што яскрава было бачна ў сытуацыі з праваабаронцам Паўлам Левінавым, да і зараз З Алесем Калітом, але можна ісьці далей. Ды і ня толькі мы закладнікі гэтага махавіка тэрору, але і тыя, хто зараз аддае загад "всех допросіть...", каму падаецца, што ім належыць ісьціна, што вакол весь сьвет жыве няправільна, што яны ўвасабляць сабой усё, хто адпраўляе да вучоных, людзей у пагонах, каб яны пад пагрозай крымінальнага перасьледу рабілі новыя адкрыцьці ў навуцы, тыя, хто адчулі сабе крыху вышэй за Бога, яны таксама закладнікі гэтага махавіка, бо так вучыць гісторыя. Бо людзі, якія зараз у такіх маштабах едуць катком па дэмакратычных актывістах, ламаючы лёсы праз сьледзтвы і суды, ня змогуць гэты каток спыніць. Адзін з дапытаных па справе 19 сьнежня, які зараз зьехаў за мяжу, распавядаў, што калі яго дапытвалі, ў кабінэце сьледчага КГБ вяселі партрэты Леніна, Сталіна і Лукашэнкі. Калі з партрэтам Лукашэнкі ўсё зразумела, то іншы набор вобразаў паказвае, у якім жахлівым сьвеце жывуць тыя, хто нас дапытвае. Пішучы гэты допіс, я гаварыў з маці Алеся, яна вельмі за яго хвалюецца, як і кожная маці. Алесь так і не разьвітаўся са сваім дзедам, якога толькі што пахавалі. Ён быў асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту. У Вялікдзень на канале БелСат паказвалі фільм па раману Генрыка Сенкевіча "Quo Vadis". Гэты раман ахоплівае пэрыяд самых змрочных часоў кіраваньня ў Рыме імператара Нэрона. Узгадалася, што Нэрон канчаткова згубіў уладу і настаў час адказаць за ўсё тое, што тварылася падчас яго абсалютнага валадараньня, калі яму здрадзіла ягоная асабістая Прэтарыянская гвардыя, якой ён надаваў столькі пашаны і прывілеяў. Так вучыць гісторыя..
26.04.11 12:03
загружаются комментарии

Уладзімір Лабковіч