Што чакаюць ад прэзідэнцкіх выбараў у Расіі адэпты заходнерусізму ў Беларусі




Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Расіі стала адной з галоўных палітычных навін ў Беларусі. У пэўныя моманты часу пры праглядзе беларускага тэлебачання ў мяне з'яўлялася ўражанне, што наш "еўрафэстгейт" і нават чарговая напружанасць у адносінах Мінск-ЕС – гэта другарадныя падзеі ў параўнанні з тым, што зараз адбываецца ў Расійскай Федэрацыі.



Але калі большасць грамадзян Беларусі з'яўляюцца, усё ж, ціхімі назіральнікамі за гэтай падзеяй, некаторыя з іх спрабуюць праявіць актыўнасць і нават зарабіць некаторыя палітычныя дывідэнды на электаральным працэсе ў суседняй краіне. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра прыхільнікаў заходнерускай ідэалогіі ў Беларусі.

Напрыклад, віцебскія заходнерусы заяўляюць аб тым, што нібыта "з вяртаннем У.Пуціна беларусы звязваюць пэўныя надзеі на абарону сваіх эканамічных і палітычных інтарэсаў" (http://www.regnum.ru/news/1505278.html). Што ж гэта за надзеі? Усё вельмі проста. Пуцін, на думку віцебскіх заходнерусаў, павінен вырашыць "руская пытанне". Як? Проста. Сабраць "раскіданыя" рускія землі і абараніць інтарэсы "суайчыннікаў", якія апынуліся за дзяржаўнымі межамі Расіі і цяпер пазбаўлены магчымасці выбіраць яе вышэйшае дзяржаўнае кіраўніцтва. Што ж, клопат аб дыяспары – справа высакародная, толькі мне здаецца, што тут гаворка ідзе не пра дыяспару, а пра незалежную краіну Рэспубліку Беларусь, якую адэпты заходнерусізму даўно хацелі б бачыць расійскай губерняй. А гэтыя самыя "суайчыннікі" – гэта грамадзяне няхай і блізкай Расіі, але незалежнай дзяржавы.

Адзін з ідэолагаў заходнерусізма ў Беларусі А.Герашчанка падкрэслівае, што з прыходам Пуціна т.зв. "прадстаўнікі прарасейскай грамадскасці" у Беларусі звязваюць пэўныя палітычныя інтарэсы. Якія? На думку Герашчанкі і Ко ў Беларусі фарміруецца прарасейскі сектар грамадскага жыцця, які ўжо не асацыюецца з беларускай вертыкаллю ўлады (http://www.regnum.ru/news/1501074.html). З вяртаннем Пуціна заходнерусы звязваюць незваротную інтэграцыю Беларусі з Расіяй.

Да чаго ж на самой справе імкнуцца гэтыя прадстаўнікі "прарасейскай грамадскасці" у Беларусі? Да поўнага "выкаранення" беларускай мовы з жыцця нашага грамадства, а таксама да поўнай рэвізіі нацыянальнай гісторыі Беларусі. У сувязі з гэтым вельмі жорсткай крытыцы падвяргаецца дзейнасць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, адзіная беларуская дзяржустанова, дзе справаводства вядзецца на нацыянальнай мове. У нясмелых спробах папулярызацыі беларускай мовы заходнерусы бачаць нібыта "спробу ператварэння Беларусі ў нацыяналістычны анклаў накшталт прыбалтыйскіх рэспублік" (http://www.regnum.ru/news/polit/1504565.html). На маю думку, дадзенае меркаванне сведчыць аб не разуменні рэальнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Дастаецца ад заходнерусаў і беларускім гісторыкам, якія таксама, у сваёй большасці карыстаюцца беларускай мовай. Наогул, гісторыя Беларусі – гэта тэма, якой адэпты заходнерусізму надаюць асаблівую ўвагу. Ідэолагі гэтага накірунку не вынаходзяць нічога новага, а толькі паўтараюць пастулаты, перыяду Расійскай імперыі і СССР. У прыватнасці, паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага яны называюць "польскімі", а рускіх намеснікаў ў Беларусі А.Суворава і М.Мураўёва называюць не інакш як "вызваліцелямі" і "нацыянальнымі героямі". На самой справе паўстанні 1794 і 1863 г. насілі нацыянальна-вызваленчы характар і былі накіраваны супраць прыгнёту беларускіх земляў Расійскай імперыяй. І Сувораў у 1794 і Мураўёў у 1863 г. крывава задушылі гэтыя паўстанні. Дадзеныя асобы могуць лічыцца героямі ў Расіі, але ніяк не ў Беларусі, супраць жыхароў якой яны ваявалі.

Заходнерусы крытыкуюць беларускія ўлады за ажыццяўленне дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі". У іх успрыманні рэзідэнцыі Радзівілаў, Сапегаў і інш. з'яўляюцца "помнікамі іншапляменнага панавання над беларусамі", сімваламі панскай (чытай: польскай) улады. Як бачым, у гэтых ідэях нічога новага. Звычайны паўтор замшэлых пастулатаў часоў "развітога сацыялізму".

Нарэшце, сучасныя прыхільнікі заходнерусізму ў Беларусі спрабуюць зацвердзіць думку пра тое, што беларусы – гэта нібыта "частка вялікай рускай нацыі, нягледзячы на свае этнаграфічныя і культурныя асаблівасці" (http://zapadrus.su/zaprus/filzr/517-2011-12-09-23-45-39.html). Гэты пастулат перавандраваў з работ заходнерускіх ідэолагаў пачатку ХХ стагоддзя. І тады і пазней, у эпоху СССР, і зараз беларусаў спрабуюць прымусіць паверыць у тое, што яны ў этнічным сэнсе ні чым не адрозніваюцца ад жыхароў спрадвечных рускіх тэрыторый. Раней любая праява беларускіх нацыянальных асаблівасцяў адразу ж трактавалася як "інтрыга польскай шляхты" або "буржуазны нацыяналізм". Зараз у матэрыялах прыхільнікаў заходнерусізму назіраюцца падобныя тэндэнцыі.

Так што ж чакаюць адэпты заходнерускай ідэалогіі ў Беларусі ад прэзідэнцкіх выбараў у Расіі? Адказ просты. Яны мараць аб узмацненні ціску на Беларусь у плане барацьбы з нацыянальнай ідэнтычнасцю беларускага народа і ператварэнні Беларусі ў нейкі аналаг "Паўночна-Заходняга краю", які існаваў у складзе Расійскай імперыі ў ХІХ – ХХ стагоддзях. Мясцовыя "рускія патрыёты" чакаюць рэалізацыі праекту "отторженная возвратих". І гэта не можа не насцярожваць.

04.03.12 15:52
загружаются комментарии