Аб Беларусі, Польшчы і заходнерусізме



Змест апублікаванай у шматлікіх беларускіх выданнях дакладной запіскі адной з супрацоўніц Брэсцкага аблвыканкама занепакоіла ўсіх неабыякавых беларусаў. Пазіцыі беларускай мовы і так дастаткова слабыя, а тут такое рашэнне прадстаўнікоў вертыкалі ўлады. Зрэшты, дадзеная навіна была з энтузіязмам успрынята ў лагеры прыхільнікаў заходнерускіх ідэй у Беларусі. Працэс прасоўвання беларускай культуры і мовы, які быў ініцыяваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, выклікаў жорсткую крытыку рознага роду "гісторыкаў" і "палітолагаў" якія групуюцца вакол сайтаў імперскай накіраванасці. Дзеянні беларускага Мінкульта заходнерусы называюць "рухам у кірунку паланізацыі беларускага грамадства" або проста "нацыяналізмам". Гэтых людзей раздражняе ўсё нацыянальнае беларускае, а галоўным знешнім ворагам яны лічаць Польшчу. Заходняя суседка Беларусі ў гэтым кантэксце бачыцца зручным аб'ектам для нападак. Адносіны на лініі Мінск-Варшава нацягнутыя і на гэтым фоне можна зарабіць нядрэнныя палітычныя дывідэнды, тым больш, што значная колькасць прыхільнікаў заходнерусізму ў Беларусі – гэта былыя дзяржчыноўнікі, якія працавалі ў сферы ідэалогіі.


Для прасоўвання сваіх ідэй заходнерусы выкарыстоўваюць розныя гістарычныя матывы. Тут і гісторыя польскіх лагераў для чырвонаармейцаў, узятых у палон палякамі падчас савецка-польскай вайны, якія называюцца не інакш як "польскі ГУЛАГ", і свая трактоўка падзей "вызваленчага паходу чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года". Якія толькі эпітэты не сустрэнеш у артыкулах адэптаў "рускага адзінства". Тут і "вялікадзяржаўны польскі шавінізм", і "пагалоўная паланізацыя", і "фашысцкі рэжым Пілсудскага", і "вызваленчая місія чырвонай арміі". Гісторыя тых падзей падаецца ў адпаведнасці з канонамі, прынятымі ў савецкай гістарыяграфіі, паўтараючы тэзы аб нібыта "векавым жаданні беларусаў уз'яднацца са старэйшым братам з Усходу".

Але гісторыя тых падзей не такая адназначная, як хацелася б гэта бачыць заходнерусам. Польскія даследчыкі дасканала вывучылі гісторыю трагічнага лёсу чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў польскім палоне ў 1920-м. У 2004 годзе польскімі і расійскімі гісторыкамі быў выдадзены зборнік дакументаў, прысвечаны гэтай тэме. У Польшчы пастаянна праводзяцца навуковыя канферэнцыі і сустрэчы. Апошняя з такіх была арганізавана Польскім інстытутам міжнародных спраў і прайшла ў Варшаве ў верасні мінулага года (http://www.pism.pl/index/?id=9cac2ca53c5fe723c249d012d6091c50). Яе ўдзельнікі сталі сведкамі цікавай дыскусіі паміж прафесарамі Збігневам Карпусом (Польшча) і Генадзем Матвеевым (Расія), прысвечанай спрэчным пытанням гісторыі польскіх лагераў для савецкіх ваеннапалонных. А вось тэма Катыні, якая пастаянна звязваецца з трагедыяй палонных чырвонаармейцаў, на Усход ад Бугу не проста залішне палітызавана, але яшчэ і штучна замоўчваецца. Так, у Расіі ёсць шэраг прафесійных даследчыкаў гэтай праблемы накшталт Наталлі Лебедзевай, але іх голас, на жаль, вельмі слабы. У асноўным жа пануе ідэя "Анты-Катыні" з псеўданавуковымі пасыламі аб тым, што нібыта ў 1940 г. у савецкіх лагерах былі расстраляны "жандары, вінаватыя ў гібелі тысяч савецкіх чырвонаармейцаў ў 1920 годзе", або паўторам "саўковай" выдумкі аб тым, што палякаў у Катыні расстралялі нацысты. Да таго ж, да сённяшняга дня застаюцца пытанні па Беларускаму катынскаму спісу. У Беларусі гэтая тэма таксама вельмі палітызавана, што, безумоўна, накладвае свой адбітак на правядзенне яе ўсебаковага і глыбокага даследавання.

Аб гісторыі Заходняй Беларусі і "вызваленчага паходу чырвонай арміі 17 верасня 1939 г." я пісаў у многіх сваіх артыкулах (на прыклад: http://www.naviny.by/rubrics/opinion/2011/08/06/ic_articles_410_174650/ і http://naviny.by/rubrics/opinion/2011/08/20/ic_articles_410_174806/). Пры ўсёй аб'ектыўнасці працэсу аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР не варта, аднак, забываць пра тое, што ён быў не простым і не адназначным. Разам з савецкай уладай у былыя заходне-беларускія ваяводствы Польшчы прыйшлі і сталінскія рэпрэсіі, а палітыку паланізацыі змяніла русіфікацыя, якая суправаджалася ганеннямі на рэлігію.

Навязванне сваіх каштоўнасцяў і антызаходняя рыторыка адэптаў заходнерусізму ў Беларусі абумоўлены зусім не клопатам пра беларусаў, іх гісторыю і культуру, а жаданнем размыць нацыянальную свядомасць нашага народу. Менавіта таму ставяцца пад сумнеў многія аспекты гісторыі старажытнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, якое, як вядома, вяло шэраг войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Раздражняе заходнерусаў і еўрапейскі характар гісторыі Беларусі. Для іх мульцінацыянальная Першая Рэч Паспалітая – гэта апора польскага шавінізму і паланізацыі, а вось Паўночна-Заходні край Расійскай Імперыі часоў Аляксандра ІІ – ідэал суіснавання рускіх і беларусаў. Выразна бачна банальная спроба перапісаць гісторыю, выкарыстоўваючы старыя імперскія і ў некаторых выпадках савецкія падыходы. Тое ж самае і з беларускай мовай, якая вельмі раздражняе заходнерусаў, але ўлічваючы, што ў Беларусі дзве афіцыйныя мовы ім застаецца толькі чыніць нападкі на Міністэрства культуры Беларусі і на Таварыства беларускай мовы.

У гэтай сітуацыі многае залежыць ад беларускага грамадства. Мы самі павінны выбраць ці жадаем мы быць абыякавай да ўсяго сярмяжнай масай, ці мы ўсё ж народ са сваімі культурнымі і гістарычнымі традыцыямі. І рускія і палякі не чужыя нам людзі. Паважаць трэба і ўсходніх і заходніх суседзяў. Але мы беларусы – асобны народ, які варты паважлівага стаўлення да сябе, сваёй культуры і мовы. І гэты факт бясспрэчны.





15.03.12 11:13
загружаются комментарии

Игорь Мельников