''Палітпрасвет'' пад знакам заходнерусізму

Да апошняга часу асноўнымі пляцоўкамі, на якіх "тусаваліся" адэпты заходнерусізму ў Беларусі былі рознага роду інтэрнэт парталы імперскай накіраванасці. Аднак, з нядаўніх пор, адзін з прыхільнікаў заходнерускіх ідэй, "палітолаг" Усевалад Шымаў "асталяваўся" на старонках цэнтральнай дзяржаўнай газеты "СБ-Беларусь сёння". Яго калонкі пазіцыянуюцца, як публікацыі, у якіх "прадстаўлены аналіз самых актуальных і важных падзей як унутранай, так і знешняй палітыкі". Зрэшты, сам аўтар, асабліва не турбуючы сябе глыбінёй думак і разваг, выкарыстоўвае выдзяленае яму ў газеце месца для прасоўвання заходнерускіх, вялікадзяржаўных ідэй, для нападаў на нацыянальную беларускую гісторыю, мову, культуру і інтэлігенцыю. У артыкуле "Лінгвістычны зігзаг" (http://www.sb.by/post/128228/) Шымаў запісвае беларусаў, якім не абыякавы лёс іх мовы і культуры ў апазіцыянераў і нацыяналістаў, г.зн. з яго падачы ўся беларускамоўная інтэлігенцыя адным махам трапляе ў разрад праславутай "пятай калоны". У характэрным для заходнерускай ідэалогіі стылі ён спрабуе пераканаць чытачоў, што Беларусь – гэта спрадвечна русская зямля. Аўтар мімаходам згадвае часы Вялікага Княства Літоўскага, забываючы, аднак, згадаць пра тое, колькі войнаў вяла Маскоўская дзяржава з краінай (ВКЛ), дзе праваслаўных называлі "рускімі". "Палітолаг" піша пра негатыўны ўплыў паланізацыі, але, ні слова не кажа аб русіфікацыі, якая нанесла беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці адчувальны ўрон. Палітыку Расійскай імперыі ў дачыненні да беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю выдатна ахарактарызаваў сумна вядомы рускі намесьнік М.Мураўёў-вешальнік, сказаўшы што "адна руская школа на тэрыторыі Беларусі зробіць больш, чым руская дывізія". Красамоўным з'яўляецца і трагічны сюжэт, звязаны з выкараненнем уніяцтва ў Беларусі. У іншым артыкуле "Дзень волі?" (http://www.sb.by/post/128428/) Шымаў працягвае нападкі на беларускую нацыянальную гісторыю. У дадзеным выпадку аб'ектам яго крытыкі стаў гістарычны сюжэт, звязаны з абвяшчэннем незалежнасці БНР у 1918 годзе. "Палітолаг" памылкова сцвярджае, што "выспяванне" ідэі беларускага дзяржаўнага самавызначэння ішло ў нетрах Расійскай імперыі. На самой справе для царскай адміністрацыі беларусы былі толькі паслухмянай зброяй у барацьбе супраць беларускага каталіцкага і польскага дваранства на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю імперыі. Ні пра якую незалежнасці і нават аўтаномію беларускіх тэрыторый пад уладай двухгаловага арла не магло быць і гаворкі. А вось прадстаўнікі каталіцкага дваранства беларускіх земляў, супраць якіх правадзіла дыскрымінацыйную палітыку царская адміністрацыя, разам з інтэлігенцыяй ўпершыню ў найноўшай гісторыі паспрабавалі рэалізаваць ідэю беларускай дзяржаўнасці. Так, Беларуская Народная Рэспубліка стваралася пры падтрымцы нямецкіх акупацыйных улад, але і БССР з'явілася не без удзелу чужой для беларусаў бальшавіцкай улады. Такімі былі гістарычныя рэаліі. І ня гледзячы ні на што, першая ў ХХ стагоддзі спроба беларусаў абвясціць сваю незалежнасць заслугоўвае павагі і шанавання з боку цяперашніх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Такім своеасабліва аднастайным апынуўся дэбют "палітолага" Шымава на старонках галоўнай дзяржаўнай газеты Беларусі. Яго матэрыялы – гэта не крытыка беларускай апазіцыі, гэта не насмешка над "Днём волі" – гэта спроба паставіць пад сумнеў беларускую нацыянальную ідэнтычнасць і сказіць нашу нацыянальную гісторыю. У гэтым і заключаецца мэта адэптаў заходнерусізму ў Беларусі. .
28.03.12 16:49
загружаются комментарии

Игорь Мельников