Невядомыя старонкі гісторыі Заходняй Беларусі. Напад на Стоўбцы ў 1924 г.

 

У 1980 г. на савецкія экраны выйшаў другі фільм серыялу “Дзяржаўная граніца. Мірнае лета 21-га года”, які распавядаў аб барацьбе савецкіх памежнікаў супраць польскіх дыверсантаў. Аднак на самой справе у 20-я гады ХХ стагоддзя неспакойна было не толькі на савецкім, але і на польскім баку. 
Будынак вакзала ў Стоўбцах
Па сутнасці ў сакавіку 1921 года паміж савецкай Расіяй і Польшчай было заключана доўгатэрміновае перамір’е. Разведупр РСЧА перайшоў да тактыктыкі “актыўнай выведкі” якая праяўлялася ў дыверсійнай дзейнасці на тэрыторыі Заходняй Беларусі з мэтай ускалыхнуць паўстанне супраць польскіх улад. Часцей за ўсё “партызаны”, падрыхтаваныя на савецкім баку, арганізоўвалі напады на прадстаўнікоў польскай улады, паліцыю, буйных землеўласнікаў. Найбольш вядомая дыверсійная акцыя адбылася ў 1924 г. у Стоўбцах. У ноч з 3 на 4 жніўня каля 100 (па іншых дадзеных 150) савецкіх дыверсантаў атачылі заходне-беларускі горад с усіх бакоў. Адразу была знішчана тэлеграфная і тэлефонная сувязь, а ўсе выхады з мястэчка ўзяты пад кантроль “партызанскімі” патрулямі.
Камендатура паліцыі ў Стоўбцах
Асноўная частка дыверсантаў, узброеных карабінамі, ручнымі гранатамі і кулямётамі, ўвайшла ў Стоўбцы і падзялілася на тры группы. Першая павінна была атакаваць будынак староства, другая павятовую камендатуру паліцыі, трэцяя – чыгуначную станцыю. 
Будынак гарадской адміністрацыі ахоўваў паліцыянт Леон Пікера. 
Забіты паліцыянт Станіслаў Вайдэра
Яго абстралялі, але Пікеры ўдалося схавацца ў старостве, адкуль ён і яшчэ некалькі ўзброеных людзей вялі агонь з пісталетаў па нападаючых. На вуліцы Шпітальнай была атакавана камендатура паліцыі. Будынак закідалі гранатамі, аднак увайсці ў яго “партызаны” не змаглі. Камісар паліцыі Хлудзінскі з вінтоўкі абстраляў уваход і параніў некалькіх нападаючых. Тады дыверсанты паспрабавалі абыйсці будынак камендатуры з тылу. Ім удалося захапіць аднаго з паліцыянтаў, якога адразу забілі. 
Забіты паліцыянт Казімеж Кваснеўскі
Нарэшце трэцяя група “гасцей з усходу” атакавала будынак чыгуначнай станцыі. Там былі забіты паліцыянты Люцыян Ростэк і Станіслаў Вайдэра, яшчэ двое іх калег былі смяротна паранены. Затым нападаючыя знішчылі будынак “Пошты”, і захапілі там некалькі тысяч злотых і каштоўныя паперы. Пад час бою за тэлеграф было забіта яшчэ тры польскіх паліцыянты. 
Аднак, галоўнай мэтай нападу на Стаўбцы быў захоп гарадской турмы. У ёй знаходзілася некалькі высокапастаўленых членаў КПЗБ і камуністычнай партыі Польшчы, якія ў рэшце рэшт, былі вызвалены. 

Каля 2.20 у начы “партызаны” пакінулі Стоўбцы. Польскія ўлады выслалі пагоню. У горад былі накіраваны часткі 27-га палка ўланаў імя караля Стэфана Баторыя з Нясвіжу. Кавалерысты нагналі савецкіх дыверсантаў ужо каля дзяржаўнай граніцы. У баі было ўзята ў палон тры чалавекі: Мікалай Гарачка, Эдвард Сапінскі і Пётр Ёда. 25 жніўня 1924 г. у Навагрудку адбыўся суд над гэтымі людзьмі. Арыштаваныя прызналіся, што на тэрыторыі БССР у Мінску прайшлі 6-ці месячны спецкурс па падрыхтоўцы да партызанскай і дыверсійнай дзейнасці, а таксама падкрэслілі, што камандавалі нападам на Стоўбцы савецкія разведчыкі Ваўпшасаў і Барышкевіч. Арыштаваныя дыверсанты былі прыгавараны да растрэлу, але прэзідэнт Польшчы памілаваў Петра Ёду, які не прымаў удзел у забойствах. 
Пахаванне ў Стоўбцах
Аб нападзе на Стоўбцы напісалі амаль ўсе польскія і еўрапейскія газеты. Напрыклад, у газеце “Dziennik Białostocki” падкрэслівалася, што пад час нападу было абрабавана некалькі крам. Выданне “Światowid” адзначала, што ў Стоўбцах адбылася сапраўдная масакра. У савецкіх газетах таксама падкрэслівалася, што “паўстанцы знішчылі будынак паліцыі, чыгуначную станцыю і забралі грошы з паштовай касы”. 
Газета "Дзеннік Беластоцкі"
“Масакра” у заходне-беларускім мястэчку прымусіла польскія ўлады да ўзмацнення абароны сваіх граніц. На пасяджэнні камітэта Рады міністраў з удзелам прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцехоўскага было прынята рашэнне аб стварэнні новага фарміравання – Корпуса аховы памежжа, які спалучаў вайсковыя і паліцэйскія функцыі. 
Пахаванне
6 жніўня 1924 г. у Стоўбцах пахавалі паліцыянатаў, загінуўшых пад час нападу на горад. На месцы магілы быў пастаўлены вялікі помнік. Пасля “вызваленчага паходу у Заходнюю Беларусь” магіла класавага ворага была знішчана. Зараз засталіся толькі парэшткі таго даваеннага помніка. 


.
22.04.12 15:03
загружаются комментарии

Игорь Мельников