Французскі часопіс «Uniformes» пра беларускіх рэканструктараў

Уплывовы французскі вайскова-гістарычны часопіс «Uniformes» апублікаваў мой артыкул пра ўдзел рэканструктараў з Беларусі ў інсцэнізацыі бітвы пад Млавай.
Справа ў тым, што Млаўскі ўмацаваны вучастак у верасні 1939 года абараняла 20-я пяхотная дывізія Войска Польскага, якая цалкам складалася з палкоў, сфарміраваных у Заходняй Беларусі. Значную колькасць салдат гэтых частак складалі менавіта беларусы. Неафіцыйна, у польскіх вайсковых колах, гэтая дывізія называлася “беларускай”. 
У адпаведнасці з аперацыйным планам “Усход” яе падраздзяленні павінны былі заняць абарону ў доўгачасовых умацаваных кропках (ДАКах) Баранавіцкага ўмацаванага вучастку. Аднак, калі стала зразумела, што ваяваць прыйдзецца з Германіяй, польскае камандаванне перакінула 20-ю дывізію на Поўнач, на мяжу з Усходняй Прусіяй. 
З першага дня вайны беларусы разам з палякамі мужна супрацьстаялі пераўзыходзячым сілам нацыстаў. За гэты гераізм нямецкае камандаванне назвала 20-ю польскую пяхотную дывізію “жалезнай”. 
Большасць беларускіх салдат Войска Польскага, якія змагаліся пад Млавай, нават не ведалі польскай мовы. Відавочцы тых падзей распавядалі, што калі гэтыя часткі адступалі праз польскія вёскі да Варшавы, “палешукі” паміж сабой і з мясцовымі сялянамі размаўлялі на сваёй “простай”, беларускай мове. Аднак не гледзячы ні на што, яны засталіся вернымі вайсковай прысяге і да канца выканалі свой салдацкі доўг.
…На працягу ўжо некалькіх гадоў аматары вайсковай гісторыі з Беларусі прымаюць удзел у рэканструкцыі баёў пачатку Другой Сусветнай вайны пад Млавай. Беларусы, памятаюць і шануюць мужнасць сваіх суайчыннікаў, якія ў мундзірах Войска Польскага супрацьстаялі гітлераўскай навале. 

.
27.05.13 0:33
загружаются комментарии

Игорь Мельников