У Варшаве адбылася прэзентацыя “Гістарычнай праўды”

20 чэрвеня ў Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэзентацыя расійскага інтэрнэт-партала “Гістарычная праўда”, а таксама Незалежнага Інстытута беларускай гісторыі і культуры. 

Нагадаю, праект “Гістарычная праўда” з’явіўся ў сеціве ў лістападзе 2012 года і сёння ў яго ўжо сфарміравалася свая аўдыторыя, як у Расіі, так і ў Беларусі, Польшчы і Украіне. 
Нашы матэрыялы перадрукоўваць, іх чытаюць, з імі пагаджаюцца і спрачаюцца, і ўсё гэта ў чарговы раз падкрэслівае неабходнасць з’яўлення такога партала. Дарэчы, пацвярджэннем гэтага была зацікаўленасць аўдыторыі, якая сабралася ў мінулы чацвер на нашай прэзентацыі.
Лагатып нашай старонцы
Між іншым актыўнасць, якую праяўляюць на “Гістарычнай праўдзе” праімперскія, заходнерускія колы Беларусі, з’яўляецца чарговым доказам неабходнасці з’яўлення і працы “ГП”, бо ў сённяшняй сітуацыі, як ніколі раней, неабходна абараняць нацыянальную канцэпцыю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ад агрэсіі з боку вышэйадзначаных дэструктыўных элементаў. 
Да таго ж, сучаснае беларускае грамадства амаль не ведае некаторых аспектаў гісторыі Беларусі. Перш за ўсё, тут гутарка ідзе пра гісторыю Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг. 

Як вядома, “Гістарычная праўда” звяртае шмат увагі на асвятленне розных аспектаў гэтага перыяду беларускай мінуўшчыны. Гісторыя заходнебеларускіх тэрыторый у складзе Другой Рэчы Паспалітай не складалася толькі з падзей 17 верасня 1939 года, дзейнасці КПЗБ, і “паланізатарскай” палітыкі польскіх улад. 
За 15 хвілін да пачатку
Жыццё ў Заходняй Беларусі адрознівалася (у шмат чым на карысць) ад таго, як жылі ўсходнія беларусы ў БССР. Пра гэта і шматлікае іншае трэба пісаць і гаварыць. Яшчэ жывуць сведкі гісторыі, яшчэ ёсць шмат цікавых  не даследаваных дакументаў і ўсё гэта патрабуе глыбокага аналізу і агучвання на нашай інтэрнэт-старонцы.


Акрамя “ГП” на сустрэчы была прадстаўлена іншая цікавая ініцыятыва, а менавіта Інстытут беларускай гісторыі і культуры. Кандыдат культуралогіі Ірына Шумская, якая, дарэчы, з’яўляецца пастаянным аўтарам “Гістарычнай праўды”, распавяла пра дзейнасць гэтага праекта. 

Перш за ўсё тут варта ўзгадаць кніжную серыю “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”. Акрамя гэтага Інстытут публікуе і іншыя выданні, у тым ліку навуковыя, перыядычныя. Нарэшце, гэтай арганізацыяй праводзяцца шматлікія канферэнцыі з удзелам айчынных і замежных даследчыкаў. 


Варта падкрэсліць, што прэзентацыя гэтых праектаў выклікала цікавасць з боку прысутных, якія задалі шмат пытанняў выступаючым. Колькасць чытачоў і аўтараў “Гістарычнай праўды” расце і гэта выклікае пазітыўныя эмоцыі. 


.
25.06.13 0:37
загружаются комментарии

Игорь Мельников